Для кожнага мужчыны надыходзіць момант, калі трэба рабіць выбар, ад якога будзе залежаць далейшае жыццё, дабрабыт, магчымасць забяспечыць сям’ю. Гэта выбар прафесіі, які павінен быць грунтоўным і ўзважаным.

У далёкім 1996-м пасля службы ў арміі наш зямляк, жыхар гарпасёлка Наваельня Віталь Мазюк сярод розных прафесій выбраў для сябе дастойную – паступіў міліцыянерам групы затрымання ў рады Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС.

– Служыў у Гродне ў падраздзяленнях МУС, таму і работу хацеў звязаць з сілавымі структурамі, – гаворыць Віталь Барысавіч. – Канец 90-х быў той час, калі ў насельніцтва ўмацоўваўся давер да людзей у пагонах: людзі бралі пад ахову кватэры, службовыя памяшканні, у гэтай сувязі ў Дэпартаменце аховы праводзілася пашырэнне штату, акрамя начных і змен выхаднога дня з’явіліся дзённыя. Займаліся не толькі аховай грамадскага парадку, але і кантролем за даверанымі аб’ектамі.

 Праз восем гадоў узорнай службы Віталь Мазюк перайшоў на пост аховы ў санаторый “Радон”, а праз некаторы час – у рэспубліканскую туберкулёзную бальніцу “Наваельня”, дзе працуе дагэтуль. Доўгі час ён быў камандзірам аддзялення: начальнікам, настаўнікам і старэйшым таварышам для 15 супрацоўнікаў.

Некалькі гадоў таму Віталь Барысавіч дасягнуў выслугі, але са службай не развітаўся: саступіў месца камандзіра аддзялення маладым перспектыўным кадрам, а сам застаўся на аб’екце працаваць у змене, падаючы прыклад адказнасці і вернасці выбранай прафесіі.

– Якімі якасцямі, па-вашаму, павінен валодаць супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС?

– Адказнасць, самастойнасць, выканальнасць и цвёрдасць характару. Акрамя таго, важная фізічная падрыхтаванасць: кожны год мы здаём нарматывы і атрымліваем ацэнку сваёй работы ў сістэме. Таксама важна быць псіхалагічна ўстойлівым і здольным да самастойнага хуткага прыняцця рашэнняў. Кожны, хто нясе аператыўнае дзяжурства, мае пры сабе табельную зброю, нават дзяўчаты, якія на службе. Яе могуць даверыць толькі надзейным, правераным людзям.

– Як прымаюць у вас новых супрацоўнікаў?

– Дзятлаўскі аддзел аховы – дружная каманда, дзе цэняць сваіх супрацоўнікаў. У нас абавязковы і вельмі развіты інстытут настаўніцтва, кожны навічок абавязкова праходзіць разам з куратарам усе этапы гэтай няпростай, але цікавай службы.

Сваю любоў да прафесіі і асабісты прыклад Віталь Мазюк перадаў дзецям: яго сын выбраў справай жыцця органы ўнутраных спраў, дзе служыць ужо пяць гадоў.

Начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Дзяніс Грынцэвіч адзначае, што служба ў іх ведамстве – свядомы выбар тых, хто выбірае стабільнасць і думае пра будучыню:

– Сёння стабільнасць – гэта не абстрактнае слова, а канкрэтныя ўмовы жыцця. Служба ў органах унутраных спраў – гэта пра ўпэўненасць у заўтрашнім дні, развіццё і павагу да вашай працы. Грашовае забеспячэнне выплачваецца супрацоўнікам штомесяц, залежыць ад пасады, звання і выслугі гадоў. Ужо на старце – дастойны ўзровень даходу, прэміі, надбаўкі і штогадовыя выплаты. Таксама прадугледжаны водпуск, медыцынскае забеспячэнне, пад’ёмная дапамога пры пераездзе, выплаты на аздараўленне, матэрыяльная дапамога. А выслуга гадоў ідзе ў залік будучай пенсіі. Служба – гэта не “той самы дзень па крузе”. Гэта навучанне, новыя спецыяльнасці, павышэнне на пасадзе і ў званні. Сярэдняя спецыяльная або вышэйшая адукацыя адкрывае яшчэ больш магчымасцей. Дзяржаўная падтрымка распаўсюджваецца і на членаў сем’яў служачых. Для жанчын прадугледжаны асаблівыя сацыяльныя гарантыі, абарона мацярынства і захаванне месца службы. Пры паступленні на службу кантракт заключаецца афіцыйна, на празрыстых умовах. Вы ведаеце свае правы, абавязкі і перспектывы. Служба па кантракце – гэта справа, у якой ёсць сэнс, парадак і павага. Гэта выбар людзей, якія жадаюць жыць дастойна і быць карыснымі сваёй краіне.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации