Customize Consent Preferences

We use cookies to help you navigate efficiently and perform certain functions. You will find detailed information about all cookies under each consent category below.

The cookies that are categorized as "Necessary" are stored on your browser as they are essential for enabling the basic functionalities of the site. ... 

Always Active

Necessary cookies are required to enable the basic features of this site, such as providing secure log-in or adjusting your consent preferences. These cookies do not store any personally identifiable data.

Functional cookies help perform certain functionalities like sharing the content of the website on social media platforms, collecting feedback, and other third-party features.

Analytical cookies are used to understand how visitors interact with the website. These cookies help provide information on metrics such as the number of visitors, bounce rate, traffic source, etc.

Performance cookies are used to understand and analyze the key performance indexes of the website which helps in delivering a better user experience for the visitors.

Advertisement cookies are used to provide visitors with customized advertisements based on the pages you visited previously and to analyze the effectiveness of the ad campaigns.

Так можна сказаць пра нашага земляка Аляксея Аляксандравіча Яновіча.

Ён дзяржаўны і грамадскі дзеяч, ганаровы грамадзянін Карэліцкага раёна.

Ёсць меркаванне, што на долю кожнага пакалення выпадае свая ноша цяжкасцяў і ўзрушэнняў. Аляксей Аляксандравіч Яновіч – з тых людзей, якія ніколі не стаялі ў баку ад жыцця народа, ад яго праблем. Яго прафесійная дзейнасць была звязана з самымі складанымі момантамі ў жыцці СССР і Беларусі. Сам лёс вёў яго ў рэгіёны, дзе адбываліся вострыя, значныя гістарычныя падзеі: асваенне цалінных земляў, чарнобыльская катастрофа,  развал Савецкага Саюза, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Нарадзіўся Аляксей Яновіч у Дзятлаўскім раёне ў вёсцы Зачэпічы. Шасцігадовы хлапчук пайшоў у школу ў 1945 годзе. Настаўнік у яго быў вельмі цікавы, мясцовы – Іван Пятровіч Івашэвіч. Паэт, пісаў пад псеўданімам Пятрусь Граніт, друкаваўся ў раённай газеце. Яго Аляксей Яновіч успамінае з вялікай удзячнасцю і цеплынёй.

Куды ісці вучыцца пасля школы, выбіраў нядоўга. Яго, як і большасць сельскіх хлапчукоў, цягнула да тэхнікі. Так што дамовіўся Аляксей з адным сваім сябрам ехаць паступаць у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Тады ён толькі адчыніў свае дзверы для абітурыентаў, па-за конкурсам ішлі залатыя і сярэбраныя медалісты. У выніку – вельмі вялікі конкурс: 16 чалавек на месца. Аднаго бала Аляксею не хапіла. Вярнуўся дадому, працаваў год у родным калгасе ў будаўнічай брыгадзе на розных работах. А потым паехаў у Гродна паступаць у сельгасінстытут на аграфак.

За гады вучобы хлопцу давялося тройчы папрацаваць на цаліне. Два гады запар ездзіў па камсамольскіх пуцёўках, а ў 1959 годзе – на практыку. Яго нават узнагародзілі медалём “За асваенне цалінных земляў”.

Да моманту заканчэння інстытута дэкана аграфака прызначылі начальнікам Гродзенскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. І той угаварыў некаторых выпускнікоў ісці да яго працаваць. Сярод тых выпускнікоў быў і Аляксей Яновіч.

Праз шэсць гадоў яго запрасілі на працу ў абкам партыі. Потым паехаў у Карэлічы першым сакратаром райкама партыі, дзе адпрацаваў 11 гадоў.

З Карэлічаў Аляксей Яновіч вярнуўся ў Гродна намеснікам старшыні аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, але праз гады паўтара-два прыйшло новае прызначэнне – стаў загадваць сельгасаддзелам ЦК Кампартыі Беларусі. У студзені 1985 года Аляксея Яновіча абралі старшынёй Магілёўскага аблвыканкама.

Большую частку свайго жыцця адпрацаваўшы на Гродзеншчыне, Аляксей  Аляксандравіч многае ўспрыняў як нязвыклае, адрознае. На ўсходзе вобласці было дрэнна з дарогамі. У многіх гаспадарках бракавала кадраў, асабліва механізатараў і жывёлаводаў. А тут якраз год выдаўся цяжкі – бясконцыя дажджы.

– Мы папрасілі дапамогі, прыехала шмат людзей з гарадоў, – успамінае Аляксей Аляксандравіч. – Кіраўніцтва рэспублікі тады зрабіла з сітуацыі важныя для Магілёўшчыны высновы: камбайнаў не хапае, механізацыю вобласці трэба падымаць, будаваць дарогі. І дапамаглі нам з тэхнікай цэнтралізавана. Так што да наступнага года на Магілёўшчыне рыхтаваліся з добрым настроем.

Але ў 1986 годзе здарылася страшная бяда: 26 красавіка – аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

– Спачатку нам, нават кіраўніцтву, нічога не казалі. Адзінае, што стала вядома: нямецкія спецыялісты ў той дзень манціраваць абсталяванне на прадпрыемстве “Хімвалакно” не выйшлі. У іх дазіметры былі, зафіксавалі павышаны ўзровень радыяцыі, – успамінае Аляксей Аляксандравіч.

Аляксей Яновіч патэлефанаваў начальніку штаба грамадзянскай абароны, генерал-лейтэнанту Аверкію Грышагіну. Той адкрыта казаць нічога не захацеў, толькі намякнуў, што ў Гомелі бяда. Але супакоіў, што Магілёва гэта не датычыцца.

Тым не менш, сядзець склаўшы рукі Аляксей Аляксандравіч не мог. Паслаў у бок Гомеля дзве групы з дазіметрамі ДП-5. Групы замяралі радыяцыю: у Быхаўскім раёне зафіксавалі значнае павышэнне, у Краснаполлі – яшчэ вышэйшае. Аднак уся ўвага кіраўніцтва краіны ў тыя дні была звернута выключна на Гомельшчыну.

Гэта былі самыя складаныя дні. Давялося спраўляцца сваімі сіламі, сваёй уладай, грашыма абласнога бюджэту. Вызвалілі пансіянаты, дамы адпачынку, перавезлі туды жанчын з дзецьмі, цяжарных з забруджаных тэрыторый. Некалькі тысяч чалавек. Глядзелі, як робіць Гомельшчына, і рабілі тое ж самае.

Кіраўніцтва ж ездзіла па ўсёй вобласці, не звяртаючы ўвагі на паказанні дазіметраў, хоць тыя былі ў машыне. А яшчэ мелі з сабой гумовыя боты. Але як могуць боты выратаваць ад радыяцыі? У Чэрыкаўскім раёне была самая высокая шчыльнасць цэзію: больш за 1000 кюры. А людзі праблемы не бачылі, значыць, не разумелі небяспекі, нават мясцовыя кіраўнікі. Гэта ўжо потым прыехалі навукоўцы, ваенныя, пачаліся абследаванні. І дзякуючы ім высветліўся ўвесь трагізм становішча. Пачалі тэрмінова праводзіць дэзактывацыю. Але толькі 14 чэрвеня Саўмін СССР прыняў рашэнне, якое афіцыйна прызнавала, што і Магілёўшчыне патрэбны сур’ёзныя мерапрыемствы. І тады паўстала пытанне пра адсяленне людзей з забруджаных тэрыторый.

 

Праз год пасля чарнобыльскай трагедыі Яновіча выклікалі ў Мінск да першага сакратара ЦК Яфрэма Сакалова. Маўляў, трэба ехаць у Маскву. Нават асаблівых падрабязнасцей не паведамілі. Толькі тое, што хочуць яго забраць на працу ў ЦК. Яновічу не вельмі хацелася пакідаць Беларусь, але і адмаўляцца тады было нельга.

Два гады адпрацаваў інспектарам у аргаддзеле ЦК. Неўзабаве паўстала пытанне падрыхтоўкі рэформы дзяржаўнага кіравання. Прайшла 18-я партыйная канферэнцыя. Ішлі размовы аб маючым адбыцца з’ездзе, выбарах, дэмакратызацыі. Першым намеснікам Міхаіла Гарбачова тады быў Анатоль Лук’янаў, ён і прапанаваў Аляксею Аляксандравічу перайсці на працу ў Вярхоўны Савет. Паколькі Яновіч працаваў старшынёй аблвыканкама ў Беларусі, гэта значыць, меў вопыт падобнай працы, пагадзіўся.

Рыхтавалі знакаміты 1-ы з’езд народных дэпутатаў СССР 1989 года. Усе чакалі і прагнулі навацый. Усе разумелі, што трэба нешта рабіць з эканомікай, кіраваннем.

Запомніліся Яновічу на з’ездзе выбары прэзідэнта СССР. Але Саюз трашчаў па швах. Пачаліся канфлікты на міжнацыянальнай глебе. Яновіч у гэты час працаваў першым намеснікам кіраўніка апарата Вярхоўнага Савета, які адказваў за працу і жыццядзейнасць ведамства.

Пасля ліквідацыі СССР Аляксей Аляксандравіч яшчэ некаторы час працаваў у Маскве намеснікам пастаяннага прадстаўніка Беларусі. Аднак вельмі хацеў вярнуцца на радзіму. І праз год яму прапанавалі ўзначаліць Кіраўніцтва аграпрамысловага комплексу Савета Міністраў Беларусі.

Гэта былі складаныя і цяжкія гады для ўсёй рэспублікі. Асноўным дасягненнем таго перыяду Аляксей Аляксандравіч лічыць тое, што не дапусцілі развалу буйных гаспадарак. І дзякуючы гэтаму пасля атрымалася хутчэй стабілізаваць становішча.

Актыўная жыццёвая пазіцыя не дазваляе Аляксею Аляксандравічу расслабляцца і сёння: працягвае працаваць, з’яўляецца дарадцам у закрытым акцыянерным таварыстве “Белагразамежгандаль”.  Ён душой хварэе за развіццё аграпрамысловага комплексу.

– Патрэбны стымул, каб і спецыяліст, і кіраўнік клапаціліся пра фінансавыя вынікі сваёй арганізацыі. І, вядома, пабольш самастойнасці неабходна даваць кіраўніку. Кіраўнік гаспадаркі павінен сам вырашаць, колькі, чаго і дзе яму сеяць. Галоўнае – вынік. Адказваць трэба сваёй працай, паказчыкамі, эфектыўнасцю. У гаспадарак павінна быць зацікаўленасць у продажы сваёй прадукцыі. Мы ў рэспубліцы вырабляем больш, чым можам спажыць. Пытанне: як гэта ўсё прадаць? І калі мы будзем маларухомымі,  нічога добрага з гэтага не выйдзе. Расія актыўна развівае ўласныя птушкагадоўлю і свінагадоўлю, садаводства, і нам будзе з кожным годам усё складаней і складаней утрымацца на іх рынку, – разважае Аляксей Яновіч.

Рашэнне Аляксей Аляксандравіч бачыць у стымуляванні працы як кіраўнікоў гаспадарак, так і кожнага работніка. Грошы не павінны раздавацца, іх трэба зарабляць. Але калі чалавек працуе добра, ён павінен добра і зарабляць. Лепш папрацуеш – больш заробіш. Гэта формула, на думку Аляксея Яновіча, і павінна стаць асноватворнай у сучаснай сельскай гаспадарцы.

Аляксей Аляксандравіч Яновіч выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны  ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двойчы адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Пра Аляксея Аляксандравіча можна ўпэўнена сказаць: шчаслівы муж і бацька. Жонка, Галіна Міхайлаўна, доктар-анколаг, з мужам поруч больш за пяцьдзясят гадоў, заўсёды была надзейным тылам, дзяліла і гора, і радасць. У іх дзве дачкі, дзве дарослыя ўнучкі, два праўнукі.

У Дзятлаве Аляксей Аляксандравіч бывае раз у год абавязкова. Тут жыве яго аднакурсніца, Зінаіда Сямёнаўна Вырко, з яе сям’ёй звязвае даўняе сяброўства, тут жывуць родныя, з якімі хочацца сустракацца, тут яго малая радзіма.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Похожие публикации