Валерый Міхайлавіч… Чалавек з вялікай літары, прафесіянал, патрыёт малой радзімы, краязнаўца, верны муж, клапатлівы бацька. Можна бясконца пералічваць тыя якасці, якімі валодаў ён пры жыцці. Але асабіста для мяне Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч стаў найлепшым сябрам, асабліва ў час працы ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Шмат гадоў працавалі разам і ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, але менавіта музей зблізіў нас як людзей, якія цікавяцца гісторыяй малой радзімы, здольныя ахвяраваць асабістым часам і сіламі дзеля важнай справы папулярызацыі Дзятлаўшчыны на ўзроўні рэспублікі ды і за яе межамі.

Колькі мы праехалі з ім дарог, што бягуць па дзятлаўскай зямлі, колькі цікавай інфармацыі пачула ад Валерыя Міхайлавіча пра мінуўшчыну нашай мясцовасці, пра яе гісторыю. А матэрыялаў у яго было шмат, многія сам здабыў праз доўгія пошукі, а многія пачэрпнуў з архіваў свайго бацькі, першага дырэктара Дзятлаўскага музея Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча. Успамінаецца, як шукалі месца дыслакацыі партызанскага атрада “Ленінскі”, якім кіраваў з 1943 года Валянцін Біцько і пры якім быў арганізаваны яўрэйскі сямейны лагер. Ездзілі некалькі разоў, ведаючы, што месца тое знаходзіцца недзе каля вёскі Трахімавічы, у лесе, а ўсё не знаходзім. І вось аднойчы тэлефануе мне і кажа: ”Успомніў – паехалі”. І мы знайшлі. Аказалася, што там захавалася камандзірская зямлянка, зробленая ў савецкі час, дзе на 9 Мая збіраліся ветэраны, а потым відэа мерапрыемстваў, знятае на бабінную касету, прынёс у музей Вацлаў Залеўскі, і мы змаглі пераканацца, дзеля чаго зямлянка была зроблена. А яшчэ на тым месцы ёсць помнік, пастаўлены ў гонар атрада і яго камандзіра. Штуршком жа для пошукаў стала просьба сям’і з Ізраіля. Старэйшая з сям’і сабрала з усяго свету сваіх родных – каля 20 чалавек – і прывезла на Дзятлаўшчыну, бо выжыла тут, у лагеры, разам з бацькамі падчас вайны і хацела паказаць усім месца свайго выратавання, расказаць, як усё было, каб не забывалі, калі яе не стане, што перажыла сям’я і ўвесь яўрэйскі народ. Валерый жа Міхайлавіч стаў для іх своеасаблівым героем: дзівіліся, як гэта ён, інвалід першай групы, які можа хадзіць толькі з кастылямі, яшчэ і займаецца пошукамі, столькі ведае пра Халакост на Дзятлаўшчыне.

А колькі шчыраваў мой сябар, адраджаючы памяць пра заходнебеларускіх паэтаў з Зачэпіч! Там праводзіліся паэтычныя святы, усталёўваліся мемарыяльныя дошкі, добраўпарадкаваліся магілы. Ён нават дабіўся, каб імем Петруся Граніта была названа вуліца ў вёсцы, дзе паэт жыў. І хата захавалася, мы з Валерыем Міхайлавічам з дазволу радні таксама наведалі яе і прывезлі ў музей шмат каштоўных экспанатаў. Як кажуць у народзе, хто шукае, той знаходзіць. Нават вершы паэта, пісаныя яго рукой, адшукалі за заднікам сямейнага фотаздымка.

Зносіны з чалавекам, які жыў гісторыяй роднага краю, шчыра любіў і падтрымліваў аднадумцаў, немагчыма забыць. Ды і не забудуцца яны ніколі, бо мы былі людзьмі адной вібрацыі. Відаць, таму ідэя пакінуць пасля сябе кнігу Валерыю Міхайлавічу спадабалася. Тады ўжо выйшла мая першая кніга публіцыстыкі пра Дзятлаўшчыну “Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі”, падпісала яму і кажу: “Трэба і Вам, Валерый Міхайлавіч, кнігу напісаць, а я дапамагу, набяру, вычытаю, зраблю макет.” І работа пайшла: Валерый Міхайлавіч пісаў ад рукі, я і некалькі яго сябровак з рэдакцыі набіралі, потым вычытвала, папраўляла, ён вычытваў. З паўгода працавалі, і кніга “Там, дзе цячэ Маўчадка” атрымалася добрай, змястоўнай. У ёй і сам герой-аўтар, і яго бацька, і жонка Наталля Георгіеўна, і падарожжы па Дзятлаўшчыне, і ўспаміны пра часы, калі працаваў настаўнікам фізкультуры ў розных школах горада.

Пачаў пісаць Валерый Міхайлавіч і другую кнігу – для школьнікаў. Задума была добрая: на кожную літару алфавіта падаць цікавую інфармацыю пра Дзятлаўшчыну, пра людзей, падзеі, мясціны. Работа ішла актыўна, тэксты набіраліся, але скончыць не паспеў. Вочы адказалі, потым занямог. Шкада, але не ўсё страчана: верыцца, што ў памяць пра краязнаўцу нам удасца завяршыць пачатае і выдаць. Час пакажа.

Да апошняга дня Валерыя Міхайлавіча не пакідала надзея, што ў Дзятлаве будзе ўзведзены помнік летапіснаму заснавальніку мястэчка Канстанціну Іванавічу Астрожскаму. Колькі сіл і эмоцый пайшло на тое, каб прайсці ўсе этапы і дабіцца правядзення фіналу конкурсу макетаў, які адбыўся ў Дзятлаўскім музеі. І рахунак у банку адкрылі. Але, на жаль, мара не здзейснілася. Магчыма, праз нейкі час мы, паважаныя землякі, усё ж вернемся да ідэі ўстаноўкі помніка, і намаганні Валерыя Міхайлавіча не адыдуць у нябыт.

У Валерыя Міхайлавіча было шмат сяброў і аднадумцаў. Гэта і былыя вучні, і калегі па працы, і суседзі. Яго паважалі, любілі, ніколі не адмаўлялі ў дапамозе, нават фінансавай, калі гэта датычыла добрай справы, як у Погірах, дзе энтузіясты-патрыёты паставілі камень-помнік у гонар Ігната Дварчаніна да юбілею паэта.

Шчыра смуткую, што больш ніколі не пагавару з ім, не пачую яго аповеды пра Дзятлаўшчыну і вядомых людзей, і ганаруся, што ведала, сябравала, магла дапамагчы і падтрымаць чалавека, з якога брала прыклад.

Алена АБРАМЧЫК,

жыхарка горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации