Наш зямляк, ураджэнец вёскі Накрышкі Дзмітрый Абрамчык зусім не ўладар стыхій, аднак і ён здольны на цуд, калі справа тычыцца дрэсіроўкі чатырохлапага памочніка.
Дзмітрый Барысавіч стаў пераможцам конкурсу Дэпартамента аховы “Лепшы па прафесіі-2024” у намінацыі “Лепшы міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі”. Высокай ацэнкі яны дабіліся разам са службовым сабакам Громам, які, дарэчы, мае такі ж грозны нораў, як і мянушку. Па сабачых мерках Гром толькі пачынае сваю “службовую кар’еру” і кожны дзень удасканальвае прафесійныя навыкі ў час працоўных будняў і абавязковых трэніровак. Дзякуючы прафесіяналізму Дзмітрыя Абрамчыка, толькі за мінулы год сабаку ўдалося адшукаць двух чалавек, якія згубіліся, паказаць дастойныя вынікі ў першынстве прафесійнага майстэрства, што ладзілася сярод аддзелаў.
Дзмітрый Барысавіч упэўнены, што на шляху да прафесійнай дасканаласці, нягледзячы на дыплом пераможцаў, у іх з Громам яшчэ ёсць рэзервы. Таму міліцыянер-кінолаг прытрымліваецца правіла: дрэсіроўка службовага сабакі – работа сістэмная, якая не церпіць абыякавасці і паслабленняў. Ёсць у Дзмітрыя Абрамчыка і свае, пацверджаныя практыкай метады, як знайсці шлях да “сабачага сэрца”. Па-першае, неабходна цярпенне, бо пры навучанні складаным заданням, такім як пошук па слядах, адпрацоўка мясцовасці, выбарка чалавека, ні ў якім разе нельга павышаць голас на сабаку. Калі ў такія моманты пакрыўдзіць чатырохлапага памочніка, у далейшым ён будзе баяцца выконваць заданні. Па-другое, кінолаг павінен мець спакойны характар, бо жывёлы лепш за людзей адчуваюць эмоцыі: калі хвалюецца ці спяшаецца міліцыянер – сабака пачынае дапускаць памылкі.
За плячыма Дзмітрыя Абрамчыка – значны адрэзак службы. Сваю прафесійную дзейнасць у раённым аддзеле Дэпартамента аховы з пасады паставога міліцыянера ён пачаў у 2013 годзе пасля арміі, аднак ужо тады ведаў, што стане кінолагам, набыў першага шчанюка. Са службовай аўчаркай Інзанай на паўгода яны ездзілі ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС у Гарані. Дзмітрый Барысавіч спасцігаў там азы кіналогіі, а Інзана вучылася выконваць каманды свайго гаспадара. Напрыканцы паспяхова прайшлі іспыты, атрымалі сертыфікат адпаведнасці. Дзевяць з паловай гадоў Інзана верай і праўдай служыла на карысць аддзела.
Новага гадаванца міліцыянер-кінолаг зноў выбраў сам, а гэта даволі няпроста: трэба ўбачыць у маленькім шчанюку задаткі кемлівага, паслухмянага, стараннага службовага сабакі.
– Сярод памёту Гром быў самым вялікім з доўгай поўсцю, ён адчуваў сваё лідарства, чым адразу мне спадабаўся, – успамінае Дзмітрый. – Забраў яго позняй восенню, таму гадаваць давялося ў кватэры, дзе жыве наша сям’я. Ён жа нават без іншых шчанюкоў-канкурэнтаў прадаўжаў рыкаць, калі еў. За характарнасць і назвалі Громам. Праўда, менавіта злосць гадаванца ў далейшым даставіла мне нямала клопатаў пры дрэсіроўцы. Нават пасля першаснай падрыхтоўкі, калі ездзілі з ім на кіналагічныя курсы ў Гродна, ідучы па горадзе ў намордніку і на павадку, Гром умудраўся брахаць на людзей. Аднак і гэта з часам пераадолелі.
Цяпер для членаў маёй сям’і, жонкі Марыны і сына-школьніка Ільі, службовы сабака – лепшы сябар, выконвае нават іх каманды. Увогуле, Гром навучыўся дакладна размяжоўваць трэніроўкі, службовую дзейнасць і вольны час. Дома ён гарэза і пястун, на рабоце – сур’ёзны грозны сабака, праўда, пасля паспяховых вынікаў чакае ласунак, больш за ўсё любіць каўбасу і сыр.
Дзмітрыя Абрамчыка і яго службовага сабаку звязваюць не толькі прафесійныя будні, але і сяброўства. Кінолаг прызнаецца, што, калі прыходзіць дахаты моцна стомлены ці без настрою, Гром адразу ж гэта прыкмячае, і яму дастаткова некалькіх хвілін, каб развесяліць і падбадзёрыць Дзмітрыя Барысавіча. Грознага вартаўніка палюбілі ўсе блізкія Абрамчыкаў.
Наперадзе ў лепшага міліцыянера-кінолага і яго касматага памочніка яшчэ шмат нявырашаных баявых задач. І хочацца верыць, што іх намаганнямі будзе знойдзены не адзін чалавек, затрыманы дзясяткі зламыснікаў, а землякі прадоўжаць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, ведаючы, што на варце іх жыцця і маёмасці сапраўдныя прафесіяналы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Департамент охраны #награда #нашалепшае #нашелучшее