Цудоўныя словы, сказаныя ў адным з вершаў нашым земляком, паэтам Віктарам Шымуком. Яны пра кожнага, чыя душа свеціцца, радуецца новаму дню, творыць на карысць людзям. Такі чалавек жыве ў аграгарадку Дварэц – гэта Алег Бяляк.

З ім давялося пазнаёміцца нядаўна дзякуючы мастаку Васілю Бортніку, бо хлопец – яго пляменнік. Васіль Міхайлавіч расказаў, што ў Алега нялёгкі лёс, ён з дзяцінства хварэе на ДЦП, але не здаецца, піша вершы і музыку, вядзе актыўнае жыццё – і захацелася сустрэцца, паразмаўляць. Падумалася: такі незвычайны чалавек, а пра яго нічога не ведаю.

Калі паехалі з Генадзем Сураўцом па справах Савета ветэранаў у Дварэц, завіталі да Белякоў. І былі прыемна здзіўлены абое, бо трапілі не да хворага, а да поўнага энергіі, жыццялюбства, сілы волі і творчых ідэй чалавека. Ён ідзе па жыцці з радасцю, з удзячнасцю людзям, якія яго падтрымліваюць, творыць прыгажость і дзеліцца ёю з усімі намі.

Сама ў першую чаргу ўбачыла ў Алегу родную душу – паэт паэта заўсёды адчуе. Слухала вершы Алега і думала: сапраўдная паэзія, меладычная, вобразная, поўная душэўных парываў, цеплыні да людзей і жыцця. Вершы хлопец піша на розныя тэмы: пра вайну, пра Беларусь і Расію, пра каханне і прыроду. Яго хвалюе многае, але, як мужчына, аддае перавагу ваеннай тэматыцы. І той далёкай вайне 1941-1945 гадоў, і вайне, якая сёння ідзе на тэрыторыі славянскіх земляў, на якой гінуць маладыя, дужыя хлопцы. Боль і скруха чуюцца ў радках паэта, і гэты боль перадаецца нам, слухачам. Здавалася б, чалавек не філолаг, нідзе не вучыўся прыгожаму майстэрству вершаскладання, а так кранальна можа перадаць у сваіх радках пачуцці чалавечыя. Прытым прафесійна.

Паэзію Алега ведаюць далёка за межамі Беларусі, ён друкуецца ў сацыяльных сетках, сябруе з расійскімі і беларускімі паэтамі і кампазітарамі. І сам добра спявае, стварае музыку. Музычнай прамудрасці таксама нідзе не вучыўся. Нахлыне мелодыя – звяртаецца да Аляксандра Баклушына, музычнага кіраўніка Дварэцкага дома культуры, напявае яму, а той падбірае акорды. Так і песня нараджаецца. А то, бывае, і да штучнага інтэлекту звернецца па дапамогу ў напісанні музыкі. І гуляюць песні Алега Беляка па прасторах інтэрнэту, радуюць і натхняюць людзей, якія, магчыма, страцілі надзею, расчараваліся ў жыцці.

Генадзю Сураўцу, як вядомаму дзятлаўчанам спеваку, спадабаліся і вершы, і песні Алега. Асабліва адна, прысвечаная Дню Перамогі. І Генадзь Тадэвушавіч захацеў падрыхтаваць яе да бліжэйшага майскага свята, бо надта ўжо песня шчырая, пранікнёная, да самага сэрца дастае. Ды прытым напісаная земляком, чалавекам, што жыве побач з намі.

Алег Бяляк наведвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, аддзяленне па рабоце з інвалідамі, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, абараняе гонар свайго аддзялення на розных форумах, у тым ліку і на Славянскім базары ў Віцебску, дзе выступаў некалькі гадоў запар і атрымліваў дыпломы. Між іншым, дыпломаў у ягошмат, ёсць і міжнародныя. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю Алег расказвае пра дапамогу Святланы Мазырка, настаўніцы музыкі, якая многіх дзятлаўчан натхніла на творчасць, і Марыны Гуговіч, дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Без іх, лічыць хлопец, такіх вышынь наўрад ці дасягнуў бы.

– Алег – вельмі дружалюбны і шчыры малады чалавек, – расказвае Валянціна Саламевіч, інструктар па працатэрапіі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. – З ім цікава пагаварыць, ён шмат чытае, шмат ведае, з радасцю дзеліцца інфармацыяй з намі. Спявае, чытае вершы на нашых мерапрыемствах. З ім цікава праводзіць час і нам, работнікам аддзялення, і наведвальнікам.

Падчас размовы з Алегам, даведаўшыся, як шмат у яго вершаў, прапанавалі выдаць зборнік. Так вершы трапяць у бібліятэкі, іх будуць чытаць і землякі, і ўсе, хто цікавіцца паэзіяй. Ды і самому прыемна патрымаць у руках уласную кнігу. Алег згадзіўся.

Едучы ў Дзятлава, абмяркоўвалі з Генадзем Тадэвушавічам убачанае і пачутае, прыйшлі да высновы, што Алег Бяляк павінен абавязкова спяваць для землякоў, са сцэны Дзятлаўскага цэнтра культуры. І пра яго павінны ведаць ўсе дзятлаўчане. Бо хлопец не толькі прыклад для многіх, але і наш гонар. Душа ж у яго свеціцца, як сонечны праменьчык.

Алена АБРАМЧЫК,
старшыня Савета ветэранаў педагагічных работнікаў Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

13 часов ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

13 часов ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

15 часов ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

15 часов ago

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Данііл Вяргун: “Работа з настаўнікам – гэта поўнае пагружэнне”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і…

16 часов ago

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям страны, сообщили в пресс-службе Министерства сельского хозяйства и…

18 часов ago