Пры тэрытарыяльных выбарчых камісіях у Беларусі акрэдытаваны 624 наглядальнікі, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Больш за ўсё наглядальнікаў накіравалі грамадскія аб’яднанні – 494 чалавекі. Першае месца па колькасці заняла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (113 чалавек). Другое месца падзяляюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і аб’яднанне “Белая Русь”.
У сваю чаргу ад палітычных партый акрэдытаваны 72 чалавекі, сярод якіх больш за ўсё прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі (46).
Што датычыцца міжнародных наглядальнікаў, Лідзія Ярмошына нагадала, што цяпер маніторынгам выбараў у краіне займаюцца дзве місіі – СНД і БДІПЧ АБСЕ.
У прыватнасці, сярод наглядальнікаў, якія ўваходзяць у місію Садружнасці, 23 з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і 15 – грамадзянамі Расіі. Далей ідзе Казахстан – 2 чалавекі, Кыргызстан – 1, Таджыкістан – 1, Туркменістан – 3. “Пры гэтым у місію ад Туркменістана ўваходзіць не толькі пасол, але і два прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія, у прынцыпе, будуць выступаць у дзвюх якасцях – як госці Цэнтрвыбаркама і як члены місіі СНД”, – заўважыла Лідзія Ярмошына.
У той жа час, паводле яе слоў, БДІПЧ АБСЕ прадставіла анкеты на наступных наглядальнікаў: Арменія – 1, Вялікабрытанія – 2, Германія – 3, Галандыя – 2, Грэцыя – 1, Данія – 3, Ірландыя – 1, Італія – 1, Кыргызстан – 1, Літва – 1, Македонія -1, Нарвегія – 2, Польшча – 5, Расія – 8, Сербія – 1, ЗША – 4, Украіна – 1, Фінляндыя – 2, Францыя – 2, Чэхія – 2, Швейцарыя – 1 і Швецыя – 3.
“Хто далучыцца да гэтых наглядальнікаў, стане вядома пазней, паколькі мы будзем атрымліваць анкеты ўжо напярэдадні кароткатэрміновага назірання, гэта значыць напярэдадні выбараў”, – растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Яна таксама дадала, што місія СНД фактычна пачала маніторынг яшчэ да пачатку сваёй афіцыйнай работы ў Беларусі і запытвала ў ЦВК неабходныя матэрыялы. “Прававыя эксперты місіі АБСЕ ўжо сёння прыйшлі у Цэнтральную камісію. Мы капіруем ім усе скаргі, якія паступілі, і адказы на іх. Такім чынам, у прынцыпе, яны адразу ўзялі быка за рогі”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, БДІПЧ АБСЕ 26 жніўня афіцыйна адкрыла місію па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Місію ўзначальвае Жак Фор. Наглядальнікі будуць сачыць за працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў і выбаршчыкаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, работай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, выбарчым заканадаўствам і яго прымяненнем, а таксама вырашэннем звязаных з выбарамі скаргаў. Місія будзе праводзіць маніторынг асвятлення кампаніі СМІ. Заява аб папярэдніх высновах і заключэннях будзе апублікавана на наступны дзень пасля выбараў, 12 кастрычніка. Канчатковы даклад будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы. У ім будуць, у тым ліку, рэкамендацыі АБСЕ.