Лета заўжды любімае і доўгачаканае для школьнікаў. Аднак для дарослых гэта перыяд, калі дзецям неабходна надаваць павышаную ўвагу, бо ў іх з’яўляецца шмат вольнага часу.

Пракуратура Дзятлаўскага раёна заклікае бацькоў непаўналетніх прыняць усе магчымыя меры, каб засцерагчы сваіх сыноў і дачок ад небяспекі, бо дома, на вуліцы, у лесе, парку, на вадаёме, перш за ўсё, бацькі адказваюць за сваё дзіця.

У 2025 годзе на Гродзеншчыне па розных прычынах загінула ўжо восем непаўналетніх. Некаторых трагедый можна было б пазбегнуць, калі б дарослыя былі больш абачлівымі. Прадаўжаюць фіксавацца факты траўмавання дзяцей, у тым ліку з-за няўважлівасці прысутных. Так, у красавіку ва ўстанову аховы здароўя з пераломамі верхніх канечнасцяў шпіталізаваны 10-гадовы хлопчык, які пры дарослых катаўся на “тарзанцы”, нацягнутай праз кар’ер у раёне крэйдавых гор у горадзе Гродне. Не ўтрымаўшыся, упаў на пясок з вышыні каля двух метраў і траўмаваўся. У Навагрудскім раёне трохгадовая дзяўчынка ў гасцях у бабулі спатыкнулася, упала на бетонным ганку жылога дома і атрымала пералом звода чэрапа. На Смаргоншчыне паўтарагадовае дзіця выпіла сродак для мыцця “Бялізна” і трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. У Ваўкавыскім раёне 15-гадовы падлетак знайшоў на дарозе і падпаліў цыліндрычны прадмет, падобны на петарду, што скончылася адкрытым пераломам фалангі пальца.

Адпраўляючы дзяцей на адпачынак у вёску, яшчэ раз растлумачце ім правілы паводзінаў на вадзе, пры кантакце з лёгкаўзгаральнымі рэчывамі і агнём. Не дапускайце знаходжання дзяцей ва ўзросце да 16-ці гадоў на вуліцы без суправаджэння паўналетніх прадстаўнікоў з 23 гадзін да 6 раніцы. Спыняйце ўсе небяспечныя дзіцячыя гульні, выпадковымі сведкамі якіх з’яўляецеся. Не пакідайце без нагляду маленькіх дзетак і рэгулярна пераконвайцеся ў спраўнасці прылад, якія блакуюць адчыненне вокнаў у вашай кватэры. Выключыце свабодны доступ непаўналетніх да водных аб’ектаў, у тым ліку на прыдамавых тэрыторыях, хімічных рэчываў, колюча-рэжучых прадметаў, медпрэпаратаў. Пракуратура трымае гэтыя пытанні на асаблівым кантролі і на сістэмнай аснове праводзіць праверачныя мерапрыемствы, скіраваныя на прафілактыку дзіцячага траўматызму. У канікулярны перыяд у зоне асаблівай увагі – аздараўленчыя летнікі, месцы масавага адпачынку дзяцей, гульнявыя пляцоўкі, атракцыёны, нежылыя будынкі, вадаёмы.

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации