У апошнія гады паліцы аптэк і спецыялізаваных магазінаў запоўнілі біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы (БАД). Многія ўспрымаюць іх як панацэю ад усіх хвароб, аднак гэта не проста “карысныя таблеткі”, а складаныя канцэнтраты рэчываў, якія патрабуюць строгага кантролю. Дзе мяжа паміж іх карысцю і рызыкай, дапамагла разабрацца доктар-гігіеніст Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вікторыя Старук:

– Важна разумець: БАД не з’яўляюцца лекавымі сродкамі. Аднак пры правільным ужыванні яны могуць вырашаць пэўныя задачы, такія як папаўненне дэфіцыту пры даказаным лабараторным недахопе вітамінаў, мікраэлементаў, амінакіслот ці аптымізацыя харчавання людзей з абмежаваннямі ў рацыёне (вегетарыянцы, спартсмены). І ўсё ж карысць ад БАД ёсць толькі тады, калі яны прымяняюцца па прызначэнні і пры пацверджаным дэфіцыце. Прыём “на ўсялякі выпадак” – гэта не прафілактыка, а непатрэбная нагрузка на арганізм.

– Як жа разабрацца ў нормах і дазіроўках?

– Для кожнага вітаміну і мінерала існуюць фізіялагічныя нормы і верхні дапушчальны ўзровень спажывання. Гэта мяжа, за якой пачынаецца таксічнасць. У свабодным доступе на маркетплейсах і ў інтэрнэт-магазінах магчыма набыццё БАД з перавышэннем верхняга дапушчальнага ўзроўню спажывання ў суткі ў некалькі разоў (так, для вітаміну Д ён складае 600 МЕ, пры гэтым за бягучы год выяўлялася ў рэалізацыі БАД дазіроўкай 2000, 5000, 10000 МЕ).

– Чым небяспечнае такое перавышэнне?

– Наступствы вар’іруюцца ад вострых станаў (млоснасць, алергічныя рэакцыі, скокі ціску) да хранічных пашкоджанняў органаў (нырачная недастатковасць, таксічны гепатыт) і парушэння абмену рэчываў.

Утоеная небяспека БАД у магчымай перадазіроўцы, неадпаведнасці саставу, заяўленага на ўпакоўцы, ва ўзаемадзеянні з лекавымі сродкамі, наяўнасці забароненых кампанентаў у саставе. Многія лічаць, што “натуральнае – значыць бяспечнае”, але гэта не так. Вітаміны і мінералы ў высокіх канцэнтрацыях дзейнічаюць як хімічныя злучэнні.

– Якіх правілаў трэба прытрымлівацца, каб атрымаць карысць і пазбегнуць шкоды?

– Купляйце ў правераных месцах – аптэках. Пракансультуйцеся са спецыялістам: ніколі не прызначайце сабе “вітамінныя курсы” самастойна, асабліва калі вы прымаеце лекі ці маеце хранічныя захворванні. Строга выконвайце дазіроўку. Не замяняйце ежу і лекі на БАД, ніякая дабаўка не заменіць паўнавартасны рацыён. Здароўе – гэта не тавар, які можна купіць у каробцы з надпісам “БАД”, гэта вынік збалансаванага харчавання, фізічнай актыўнасці і разумнага стаўлення да свайго арганізма.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации