Букеты, шары, прыгожыя ўборы, лёгкае хваляванне: 24 мая ў школах Беларусі празвінелі апошнія званкі.

Пажадаць выпускнікам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча шчаслівай дарогі, а астатнім вучням – прыемнага адпачынку на канікулах прыйшлі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, адміністрацыя ўстановы, педагогі, бацькі, блізкія.

Дружнымі апладысментамі ўдзельнікі лінейкі сустрэлі шэсце выпускнікоў 11 “А” класа на чале з класным кіраўніком Аленай Гвардзінай і 11 “Б” класа – з Аксанай Якаўчык.






Сёлета гонар узняць Дзяржаўны сцяг і адкрыць свята быў прадастаўлены адзінаццацікласнікам Станіславу Якаўчыку – прызёру рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”, удзельніку міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці-2024” і рэспубліканскага свята “Апошні званок”, і Кацярыне Роўба – старшыні моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, удзельніцы заключнага этапу конкурсу сярод прававых класаў “Феміда”, пераможцы конкурсу на лепшы відэаролік “Памятай і ведай”.




– Нават дождж не змог сапсаваць нам настрой і зменшыць значнасць свята, – павітаў прысутных дырэктар школы Іван Кібінь. – Паважаныя бацькі, педагогі, навучэнцы, сёння для нашых адзінаццацікласнікаў празвініць апошні званок. Сардэчна віншую іх з гэтым днём. Непрыкметна прайшлі багатыя на алімпіяды, спаборніцтвы, конкурсы школьныя гады. Менавіта тут вы даведаліся, што такое сяброўства, любоў, павага, праца педагога. Вы выраслі, і мы вамі ганарымся. Жадаем, каб атрыманыя веды ператварыліся ў высокія балы на ЦЭ, якія дадуць старт у шчаслівы выбар прафесіі. Утрымайце сваю ўдачу і шчаслівую зорку.


Навучэнцам, якія прадаўжаюць вучобу, жадаю прыемных канікулаў, дзевяцікласнікам – паспяховай здачы экзаменаў, усім прысутным – мірнага неба над галавой і ўсяго найлепшага.



– Ад імя райвыканкама віншую са святам апошняга званка, – далучылася да пажаданняў Марына Лашкоўская. – У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця дзяцей, а педагагічны калектыў вылучаецца творчай актыўнасцю па ўкараненні прагрэсіўных і выніковых інавацый. Якасць атрымліваемых дзецьмі ведаў пацвярджаецца высокімі вынікамі. Так, на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ дыпломам ІІІ ступені адзначаны Станіслаў Якаўчык (педагог Марыя Шавель). Добрыя вынікі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі паказалі Дзмітрый Ранцэвіч і Уладзіслаў Юрэня (педагог Алена Саўчыц). Навучэнцамі школы паспяхова быў прадстаўлены Дзятлаўскі раён на абласным этапе конкурсу “Крыштальная Альфа” (педагог – Марыя Шавель). Выніковыя дасягненні ў пошукавага атрада пад кіраўніцтвам Алены Саўчыц і Валянціны Белашэвіч, выступленні навучэнцаў на абласным этапе фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (кіраўнік Валянцін Палухін). Тры дыпломы першай ступені заваяваны і на фестывалі “Педагагічны клас” (кіраўнік Святлана Салаўёва). Гранд у 100 базавых велічыняў прысуджаны ў конкурсе “Вопыт лепшых “Белай Русі – набытак грамадства” для рэалізацыі праекта “Без тэрміну даўнасці” (кіраўнік Марыя Шавель). На выдатна абараніў свой праект выпускнік Уладзіслаў Апанасевіч і рэкамендаваны наглядальным саветам Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка да залічэння без экзамену ў ВНУ горада Мінска па напрамку “Энергетыка будучыні” (кіраўнікі Мая Якаўчык і Кацярына Латушка). Мы ганарымся вамі і жадаем поспехаў у далейшым! Дзякую педагогам за адданасць прафесіі, старанную працу і веру ў вучняў. Бацькам выпускнікоў – за няпросты, але шчаслівы шлях у адзінаццаць гадоў, няхай вашы любоў, клопат, мудрасць будуць арыенцірам для вашых дзяцей, дапамогуць ім справіцца з задачамі, якія паставіць жыццё. Упэўнена, што выпускнікі з гонарам прымуць эстафету старэйшых пакаленняў і ўнясуць годны ўклад у захаванне квітнеючай Беларусі. Астатнім вучням – шчаслівага і карыснага адпачынку. У добры шлях!



У гэты ўрачысты дзень, безумоўна, вялікая ўвага была нададзена выпускнікам. Для іх гучалі віншаванні і добрыя словы ад класных кіраўнікоў, маленькіх сяброў-першакласнікаў, бацькоў. Ім жадалі ўдачы, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэтаў, але галоўнае – каб былі годнымі і адказнымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, не забывалі родня мясціны і людзей, якія ўсяму іх навучылі.










Прытрымлівацца ўсіх пажаданняў і выканаць лепшыя спадзяванні дарослых адзінаццацікласнікі паабяцалі ў час свайго развітальнага выступлення, а затым у знак падзякі педагогам і бацькам за цярпенне і працу станцавалі свой апошні школьны вальс. Адпусціўшы ўверх сімвалічныя паветраныя шары, яны развіталіся з дзяцінствам і загадалі новыя жаданні. Напрыканцы па добрай школьнай традыцыі была высаджана памятная алея выпуска-2025.















Апошнія развітальныя школьныя званкі прагучалі ва ўсіх навучальных установах Дзятлаўшчыны.























































Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #образование