У Мінску прайшло першае пасяджэнне моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.
Дзятлаўшчыну ў сталіцы ў саставе дэлегацыі Гродзенскай вобласці прадстаўляла педагог-дэфектолаг Хвінявіцкай сярэдняй школы Ангеліна Мазура.

– Пасяджэнне было ўстановачным, на ім сфарміраваны новы састаў маладых парламентарыяў на бліжэйшыя два гады, – расказала Ангеліна Аляксандраўна. – Старшынёй моладзевага Савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання была абраная Аліна Рэцькова. Вызначаны і састаў пастаянных камісій. Напрыклад, я ўвайшла ў камісію па навуцы і адукацыі.
У час форуму Наталля Качанава акцэнтавала нашу ўвагу на тым, што моладзевы Савет – гэта важны прадстаўнічы орган нашай краіны, паколькі голас моладзі павінен гучаць, тым больш што погляды маладога пакалення могуць адрознівацца, іх важна ўлічваць.
Сярод задач, якія стаяць перад моладзевым парламентам на бліжэйшую перспектыву – актыўна ўключацца ў прававую і электаральную асвету моладзі. Мы прадоўжым работу над праектамі па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні гістарычнай памяці, умацаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, інстытута сям’і.
Для мяне асабіста паездка прынесла два дні ўзмоцненай работы, каласальны вопыт і новыя ўражанні. Чакаю ад свайго ўдзелу ў моладзевым Савеце актыўнага супрацоўніцтва з органамі ўлады, сумесных мерапрыемстваў на карысць малой радзімы і Беларусі ў цэлым. Думаю, мне неаднаразова давядзецца выступаць у працоўных і вучнёўскіх калектывах. Гэта будуць два насычаныя гады дзейнасці з сесіямі, планамі, рашэннямі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga