Да наступнага года скончыў сваю вялікую вандроўку па тэрыторыях Беларусі і Расіі міжнародны культурна-адукацыйны патрыятычны праект “Цягнік Памяці-2025”.
За два тыдні састаў пераадолеў 8730 кіламетраў, яго пасажырамі былі 200 маладых грамадзян – прадстаўнікі 15-ці былых рэспублік СССР. Разам з імі вандравала наша зямлячка, пераможца заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, навучэнка Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Аляксандра Якшук.




– Праект цудоўны, ён падарыў мора пазітыўных эмоцый, шмат новых сяброў, глыбокія ўражанні, сустрэчы з вядомымі людзьмі і спаўненне галоўнай мары – пабываць на Мамаевым Кургане ў Валгаградзе, пабачыць легендарную скульптуру Радзіма-Маці, – расказала Аляксандра. – Яшчэ ў восьмым класе ў мяне з’явілася жаданне адправіцца ў вандроўку на “Цягніку Памяці”, ажыццявіць якое і паспяхова прайсці няпростыя конкурсныя этапы мне дапамаглі настаўнікі, адміністрацыя школы, сям’я. На праекце пашчасціла сустрэць нямала цікавых і вядомых людзей, якія матывавалі нас, адказвалі на пытанні, дзяліліся вопытам, натхнялі. Сярод іх лідар БРСМ Аляксандр Лук’янаў, віцэ-спікер Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў і дзве цудоўныя жанчыны-палітыкі, якія стаялі ля вытокаў праекта, Наталля Качанава і Валянціна Мацвіенка, з імі мы сустрэліся на дыялогавых пляцоўках.
Самы глыбокі след у сэрцы ў час падарожжа пакінулі рэканструкцыя першых дзён вайны ў Брэсцкай крэпасці, а таксама вельмі жудаснае месца дзіцячых пакут – мемарыяльны комплекс Чырвоны Бераг, у Расіі найбольш эмацыйна насычанымі былі экскурсія па Валгаградзе і наведванне Масквы. Наогул, мы прыпыняліся ў пятнаццаці гарадах, і паўсюль “Цягнік Памяці” сустракалі вельмі цёпла – з канцэртамі, экскурсіямі, падарункамі. Самым запамінальным з іх стала ўнікальнае выданне – кніга “Апавяданні савецкіх пісьменнікаў аб Вялікай Айчыннай вайне”, асобнікі якой цяпер ёсць у кожнага ўдзельніка праекта.
Назаўжды ў памяці застанецца наш атрад 2.2, дзе было шмат моладзі з іншых краін – рэспублік былога СССР. Мы сталі блізкімі сябрамі, абмяняліся кантактамі, падтрымліваем сувязь, а колькі было цікавых размоў аб нацыянальных асаблівасцях. Праект якраз і скіраваны на яднанне моладзі, захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, знаёмства з месцамі баявой славы, культурай і традыцыямі суседніх дзяржаў. Безумоўна, нам было вельмі цяжка расставацца, бо, нягледзячы на шматнацыянальны састаў, паспелі стаць адной вялікай дружнай сям’ёй.
Навучэнцам, якія таксама мараць трапіць на праект, раю абавязкова паспрабаваць свае сілы, не баяцца, не саромецца, а ўпэўнена дабівацца сваёй мэты, бо мары, як паказвае жыццё, збываюцца.



Ірына СТЫРНІК
Фота з асабістага архіву Аляксандры ЯКШУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga