Прафесія міліцыянера – тая, аб якой хлопчыкі мараць з дзяцінства. Сярод дарослага насельніцтва таксама нямала аматараў фільмаў пра адважных ахоўнікаў правапарадку, якія лёгка і спрытна раскрываюць крымінальныя справы.

– Вядома, у жыцці ўсё не так, як у кіно, – парыруе начальнік аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі АУС райвыканкама, капітан міліцыі Аляксандр Пацыновіч.

Напярэдадні прафесійнага свята ён адкрыў некаторыя таямніцы прафесіі і расказаў, якія яны насамрэч, сучасныя аператыўнікі. 

У прафесію Аляксандра Янавіча прывялі мара, мэтанакіраванасць і своечасовая тлумачальная работа супрацоўнікаў раённай міліцыі са школьнікамі. Ён нарадзіўся і вырас у Дзятлаве ў сям’і педагога і энергетыка, аб тым, каб насіць пагоны, ніколі не задумваўся, пакуль у дзясятым класе да іх на ўрок прафарыентацыі не прыйшлі госці.

– Паслухаў расповед аб прафесіі міліцыянера і вырашыў для сябе, што хачу займацца менавіта крымінальным вышукам. Звярнуўся ў аддзел унутраных спраў райвыканкама па накіраванне і паступіў у Акадэмію МУС на факультэт міліцыі.

Вучыцца было цікава, а на практыцы – яшчэ лепш. Заканамерна, што і працаваць малады спецыяліст прыбыў на Дзятлаўшчыну, якая дала яму пуцёўку ў жыццё, быў залічаны ў штат АУС райвыканкама на пасаду оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку.

– Мне, тады яшчэ “зялёнаму”, пашчасціла пачынаць працоўны шлях разам з добрымі настаўнікамі: кіраўніком аддзялення быў цяперашні першы намеснік начальніка аддзела Аляксей Кашко, непасрэдным куратарам – Аляксандр Жукель, які сёння служыць у Галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС. З ім усё атрымлівалася проста і вынікова, пагружэнне ў прафесію прайшло паспяхова.

Аляксандр Янавіч узгадвае, як ганарыўся першай самастойнай справай: угон мапеда ў гарпасёлку Наваельня, які паспяхова раскрыў. Здаецца, гэта было ўчора, а з таго часу мінула без малога сем гадоў. Цяпер Аляксандр Пацыновіч ужо і сам вопытны супрацоўнік органаў унутраных спраў. Ён узначаліў аддзяленне, у якім некалі пачынаў працаваць, ужо сам навучае нюансам справы маладое папаўненне.

Пад яго кіраўніцтвам даверанае падраздзяленне працуе паспяхова, што паказваюць вынікі работы: толькі за гэты год з пяці зарэгістраваных крымінальных спраў чатыры ўжо раскрыты.

– Колькасць злачынстваў у раёне істотна зменшылася, – расказвае Аляксандр Янавіч. – З аднаго боку, уплывае эфектыўная прафілактычная работа і добрасумленнасць жыхароў раёна, з другога – той факт, што многія злачынствы перайшлі ў сферу высокіх тэхналогій, і супрацоўнікам міліцыі цяпер часцей даводзіцца расследаваць не тыповыя крадзяжы, а хітрыя махлярскія схемы.

Аляксандр Пацыновіч расказаў, што дапамагае эфектыўна працапваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку:

– У арсенале міліцыі ёсць шмат несакрэтных сродкаў для дасягнення выніку. Мы ўзброены найперш сваёй дасціпнасцю, вопытам, уменнем размаўляць з людзьмі, задаваць правільныя пытанні і атрымліваць максімум інфармацыі. Ад гэтага часта залежыць вынік справы. Наша работа не менш цікавая, чым у кіно, бо нават дзвюх аднолькавых спраў не бывае. Для мяне служба ў арганах правапарадку – мара, якая збылася. 

На пытанне, чаго жадае ад будучыні, Аляксандр Пацыновіч адразу адказвае:

– Каб нам удавалася раскрываць як мага больш злачынстваў. Калектыў аддзела дружны, згуртаваны, здольны эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы, а значыць, усё атрымаецца.

Напярэдадні прафесійнага свята ён адрасуе ўсім супрацоўнікам і ветэранам міліцыі пажаданні моцнага здароўя, поспехаў на службе і шчасця ў сям’і.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#РОВД #милиция

Похожие публикации