На базе Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў прайшла выязная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з удзелам міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка.

На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі міністэрства і падначаленых арганізацый, кіраўнікі лясгасаў Гродзенскага, Віцебскага і Гомельскага лесагаспадарчых аб’яднанняў.

Зыходнай кропкай праграмы выязной калегіі стаў Дзятлаўскі лясгас. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі расказаў гасцям дзятлаўскай зямлі пра геаграфічныя асаблівасці і сацыяльна-эканамічнае становішча раёна, папулярныя на ўсю краіну і за яе межамі турыстычныя аб’екты.

– Інфраструктура раёна пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца: будуецца новае арэнднае жыллё, якое запатрабавана і заселена, пастаянна праводзіцца рамонт сацыяльных аб’ектаў. Ствараем усе ўмовы для таго, каб людзям хацелася тут жыць і працаваць.


Аляксандр Кулік павітаў удзельнікаў калегіі і звярнуў увагу на пытанні, якія сёння ў фокусе работы гаспадаркі краіны. У іх ліку – тэма добраўпарадкавання.

– Трэба жыць і працаваць так, каб не было сорамна ні нам, ні нашым дзецям: развіваць галіну, ствараць дастойныя ўмовы для работы людзей, не стаяць на месцы, а займацца канкрэтнымі справамі, – адзначыў ён. – Зразумела, эканоміка, атрыманне прыбытку – на першым месцы. Аднак пра нас робяць высновы па тым, якую маем базу, як падтрымліваем парадак на сваёй тэрыторыі, як забяспечана інфармацыйная і ідэалагічная работа. Не варта забываць пра гэтыя нюансы, – адзначыў ён.


Аляксандр Антонавіч станоўча ацаніў асветніцкую дзейнасць у сферы лясной гаспадаркі на Дзятлаўшчыне, у тым ліку работу экалагічнай сцяжыны і веламаршруту ў Ліпічанскай пушчы.


Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з уладкаваннем і дзейнасцю адміністрацыі Дзятлаўскага лясгаса, Новаяльнянскага лясніцтва, вытворчым працэсам і перспектывамі развіцця Вензавецкага цэху перапрацоўкі драўніны, работай пагрузачнай станцыі “Наваельня”, дзе нядаўна быў узведзены “пад ключ” новы драўляны будынак для работнікаў.















У час выязнога пасяджэння былі абмеркаваны вытворчыя, эканамічныя і кадравыя пытанні ў сферы лясной гаспадаркі, шляхі далейшага развіцця галіны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА