3 сакавіка ў Мінску прайшоў маштабны рэспубліканскі форум да Дня жанчын “Жанчына і будучыня вёскі”, які сабраў прадстаўніц усіх 118 раёнаў Беларусі.
Арганізатарам і ініцыятарам сустрэчы, прысвечанай Году беларускай жанчыны і 8 Сакавіка, выступіла Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы абласных выканаўчых камітэтаў і Міністэрства культуры.
Дзятлаўскі раён на форуме ў сталіцы прадстаўляла дырэктар Хвінявіцкай сярэдняй школы Святлана Цілігузава.
У вітальным слове старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка назваў форум “дыялогам пра будучыню, захаванне і развіццё сэрца нашай краіны – сельскіх тэрыторый”. Ён паразважаў аб тым, што ў вёсках на жаночых плячах трымаецца сацыяльная сфера, бо найчасцей менавіта жанчыны занятыя ў сферах АПК, адукацыі, аховы здароўя, культуры, гандлю, нярэдка з’яўляюцца старшынямі сельвыканкамаў. Парламентарый выказаў упэўненасць у тым, што яны ў курсе асноўных працэсаў і арганізацыйных пытанняў на сяле. Ігар Сергяенка спыніўся на тым, што задачы на бліжэйшыя гады абазначаны дакладна: гэта час канкрэтных спраў – кожнага на сваім месцы, і беларускім жанчынам “ад зямлі” ёсць што прапанаваць дзяржаве, галоўнае, каб ініцыятывы былі на карысць малой Радзімы і ўсёй краіны. Асаблівы акцэнт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку зроблены на выраўноўванні патэнцыялаў рэгіёнаў, каб само паняцце “беларускай глыбінкі” выйшла з ужытку суайчыннікаў, а ў розных кутках краіны магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, умовы жыцця былі не горшыя, магчыма нават лепшыя, чым у буйных гарадах.
Святлана Цілігузава падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў сталіцу:

– Сустрэча адбылася ў Авальнай зале Дома Ураду. Прадстаўніцы ўсіх абласцей у час форуму мелі магчымасць выступіць за цэнтральнай трыбунай перад дэпутатамі, прадставіць свае населеныя пункты, расказаць аб сферы дзейнасці, ініцыятывах, падзяліцца поспехамі і ўласным бачаннем наконт далейшага развіцця беларускай вёскі ў кантэксце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. У кожнай жанчыны – сваё цікавае жыццё, гісторыя, унікальны вопыт, аднак галоўнае, што мы разам ствараем будучыню Беларусі.
У рамках сустрэчы была арганізавана выстава “Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях”. Яна падкрэслівала ролю жанчын у сельскай мясцовасці, якія сваім прыкладам спрыяюць развіццю вёскі. Потым мы наведалі Палац Незалежнасці. У час экскурсіі я адчувала гонар за майстэрства айчынных будаўнікоў, утульныя залы пасяджэнняў і магчымасць бачыць месца прыняцця важнейшых дзяржаўных рашэнняў. Вельмі рада, што мяне запрасілі на гэтае цудоўнае мерапрыемства. Атрымала незабыўныя эмоцыі, пазнаёмілася і паразмаўляла з калегамі. Словы ўдзячнасці адрасую ўсім, хто дэлегіраваў мяне на форум: старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Марыне Лашкоўскай, а таксама арганізатарам падзеі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае