27 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб асаблівасцях выдзялення і выкарыстання арэнднага жылля”.
Новы нарматыўны акт комплексна рэгулюе прадастаўленне такога жылля работнікам найбольш запатрабаваных у Беларусі прафесій. Дакумент прыняты па выніках перадвыбарнай праграмы кіраўніка дзяржавы, дзе ў тым ліку ўпаміналася аб важнасці шырокага будаўніцтва арэнднага жылля.
У адпаведнасці з указам раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты маюць права вызначаць на месцах пералік спецыялістаў, якія запатрабаваны ў рэальным сектары і сацыяльнай сферы раёна, і на падставе яго прымаць далейшыя рашэнні аб выдзяленні ім арэнднага жылля па хадайніцтве наймальніка, калі такі адносіцца да дзяржаўных органаў і арганізацый.
Аплата за карыстанне арэндным жыллём асобам найбольш запатрабаваных прафесій, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне такога жылля, будзе разлічвацца з улікам паніжаючага каэфіцыента.
Указ скіраваны на павышэнне сацыяльнай абароненасці спецыялістаў розных галін эканомікі, у тым ліку тых, хто прыбыў для работы па размеркаванні, і будзе садзейнічаць іх замацаванню на рабочых месцах.
Сваімі думкамі наконт змяненняў у заканадаўстве падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:
– Як мы ўпэўніліся, намаганнямі Прэзідэнта ў Беларусі прадаўжаецца планамерная работа па павышэнні даступнасці жылля для грамадзян.
Масавае будаўніцтва арэнднага жылля, дарэчы, таксама з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, у нашай краіне пачалося ў 2013 годзе. У наш час, калі кватэрнае пытанне хвалюе многіх беларусаў, арэнднае жыллё стала цудоўным выхадам са становішча для тых, хто пакуль не можа набыць уласную жылплошчу, але ў той жа час не хоча аддаваць завоблачныя сумы за наёмныя квадратныя метры. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што будаўніцтва арэнднага жылля будзе садзейнічаць прыцягненню маладых спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады Беларусі. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць пытанні працоўнай міграцыі ў цэлым, замацоўваць работнікаў на прадпрыемствах. Таму ў свой час Прэзідэнт даручыў ураду і выканаўчай уладзе на месцах перагледзець праграмы жыллёвага будаўніцтва, максімальна павялічыўшы долю арэнднага жылля.
Новы нарматыўны акт, які надзяляе раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты паўнамоцтвамі вызначаць на месцах пералік больш запатрабаваных спецыялістаў у дзяржаўным сектары эканомікі, дазволіць яшчэ больш спрасціць працэдуру выдзялення такіх жылых метраў. Гэта значыць, прадпрыемствы змогуць замацаваць у сябе неабходных ім работнікаў на працяглы тэрмін. Як правіла, калі малады чалавек абжываецца на новым месцы работы і адчувае сябе камфортна, у яго няма неабходнасці займацца пошукамі лепшага месца “пад сонцам”. Для маладых жа сям’яў – арэндныя жылыя метры па даступнай цане – гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, такім чынам заадно вырашаецца і дэмаграфічнае пытанне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga