Прэзідэнт 20 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў установаў вышэйшай адукацыі. “Сучаснасць і будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад вас, моладзі, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка. – І вельмі важна, каб вы былі не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі, сацыяльна сталымі і духоўна багатымі людзьмі, якім можна было б даверыць лёс нашай Беларусі. Свет вялікі, а Беларусь у нас адна. Памятайце пра сваю Радзіму. Шануйце і беражыце мірнае неба над нашай краінай. Гэта самае дарагое, што мы, старэйшае пакаленне, змаглі захаваць для вас”.
Сваімі думкамі наконт ролі моладзі для будучыні нашай дзяржавы падзялілася першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:
– Сапраўды, мы жывём у той час, калі адбываецца змена пакаленняў. Дзеці канца дзевяностых – пачатку двухтысячных гадоў прыходзяць у прафесіі, некаторыя і на кіруючыя пасады. Яны не засталі савецкую эпоху, пераходны перыяд перабудовы з яго цяжкасцямі, адпаведна, не маюць таго жыццёвага вопыту, які быў у папярэднікаў. Зразумела, што прыярытэты, жыццёвыя арыенціры, менталітэт у цяперашняй моладзі іншыя, таму важна, каб сувязь пакаленняў не перарывалася, каб моладзь ведала і цаніла родную гісторыю, нацыянальныя традыцыі, разумела, што ўсё, чым сёння валодаем, прыйшло праз руплівую працу, а не з’явілася само па сабе. Вось чаму асаблівая ўвага ў нашай краіне надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, у аснове якога, у першую чаргу, – павага да нашага гераічнага гістарычнага мінулага, пашана да працы і ведаў.
Дзяржава дае маладым грамадзянам нямала гарантый: гэта бясплатныя адукацыя і медыцына, падтрымка ўразлівых катэгорый насельніцтва і сем’яў з дзецьмі, працаўладкаванне, многае іншае. Аднак і ад новага пакалення Беларусь чакае цікавых ідэй, актыўнасці, неабыякавасці, працалюбства і мудрасці, каб зберагчы і захаваць родную зямлю, на якой мы жывём, захаваць у няпросты час, калі свет дынамічна мяняецца.
Як бачым, роля моладзі для будучыні Беларусі надзвычай вялікая, а задача старэйшага пакалення – перадаць ёй назапашаныя вопыт, веды, уменні і кампетэнцыі, каб наступныя пакаленні беларусаў прадоўжылі крочыць шляхам незалежнасці і самастойнасці, развіваючы нацыянальную эканоміку і ўмацоўваючы пазіцыі нашай дзяржавы на міжнароднай арэне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga