На Дзятлаўшчыне адбылося ўрачыстае адкрыццё акцыі “Нашы дзеці”, якая праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і прадоўжыцца да 15 студзеня.

Свята праходзіла з удзелам раённага кіраўніцтва і сабрала на адной пляцоўцы ў імправізаваным анлайн-кафэ “На хвалі навагодняга гумару і смеху” на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла каля сотні адораных навучэнцаў установаў адукацыі раёна.

Сімвалічна, што іх сустрэча мела назву “Навагодняя рэкламная кампанія “Ва ўвесь голас. Навагодні фармат” і праходзіла пад дэвізам “Радасць – адна на ўсіх!”. Як было падлічана, 2024 год прынёс навучэнцам Дзятлаўшчыны каля 300 перамог у творчых і інтэлектуальных конкурсах, канферэнцыях і алімпіядах рознага ўзроўню. Парадавацца ім, атрымаць мора пазітыву і прыемныя сюрпрызы юных інтэлектуалаў заклікалі аўтары святочнай праграмы – калектыў раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

– Надыходзіць самы чароўны час – перыяд навагодніх і калядных святаў, – адкрыў сустрэчу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Мы пачынаем “марафон дабра” ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, паралельна з якой хутка стартуе акцыя “Ад усёй душы”. У гэты перыяд у нас будзе магчымасць не толькі дарыць і атрымліваць падарункі, але і акружаць увагай і клопатам усіх тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Заканчваецца 2024 год. Для нашай Айчыны ён быў асаблівы – азнаменаваў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта ў юбілейны год горад Дзятлава ўдастоены ганаровай дзяржаўнай узнагароды – вымпела “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, з якім мы “прайшлі” па ўсіх установах адукацыі і куточках раёна. Асаблівы сёлетні год яшчэ адным дасягненнем: па выніках работы ў рэспубліканскім рэйтынгу Дзятлаўшчына ўвайшла ў дзясятку лепшых раёнаў Беларусі.

У гэтай зале сабраліся лепшыя з лепшых навучэнцаў, якія на алімпіядах, конкурсах, тэлепраектах павышаюць імідж раёна. Дзякуючы вам наша Дзятлаўшчына становіцца больш вядомай. Жадаю вам, вашым блізкім, нашай Радзіме міру, шчасця, дабрабыту, і няхай сэрцы заўжды поўняцца любоўю, клопатам і ўвагай да навакольных.

У знак удзячнасці ад падрастаючага пакалення кіраўніку раёна падарылі сімвал акцыі “Нашы дзеці”, зроблены юнымі майстрамі.

Святочную праграму прадоўжыў першы рэкламны блок “Ва ўвесь голас”, які быў закліканы прадставіць дасягненні нашых маладых землякоў. Сваімі аўтарскімі ідэямі падзяліліся ўдзельнік міжнароднага патрыятычнага пректа “Цягнік Памяці” Станіслаў Якаўчык, пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага турніру па робататэхніцы Ілья Бекман і Аляксандр Жукоўскі, пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці Валерыя Юргілевіч, удзельнікі ансамбля “Арэал” сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча, якія ярка сябе праявілі ў фестывалі “Таленты Прынёмання”, навучэнец трох зменаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Уладзіслаў Апанасевіч, дэпутат моладзевага парламента Валерыя Данільчык, шматразовы пераможца песенных конкурсаў Артур Лішык.

Безумоўна, свята не выдалася б яркім і пазітыўным без творчых іспытаў. Юным інтэлектуалам давялося пастарацца ў конкурсе “Дзятлава.Таленты.by”, разгадваючы музычныя заданні і складаючы адказы на іх з літар. Конкурс “Ці ведаеце вы тэатр?” вымусіў удзельнікаў чытаць вершы ад розных асоб. Іспыт на лепшую АРТ-каманду “Гадзіннік 12 б’е” сабраў за мальбертамі тых, хто “на ты” з алоўкамі і фарбамі. Не абышлося і без спартыўных спаборніцтваў: сапраўдны баксёрскі спарынг ладзілі Ілья Скерсь і Аляксей Пацалуйка. На пляцоўку інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” лепшых знатакоў-школьнікаў выклікалі іх малодшыя “калегі” – выхаванцы дзіцячых садоў раёна “Любазнайкі” і каманда іх трэнераў.

2024 год – Год валанцёрскага руху. З гэтай нагоды ўзгадалі справы дэпутатаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, якія далі новы імпульс для развіцця добраахвотніцкага руху на Дзятлаўшчыне. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас навучэнцаў Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук за тое, што разам кіраўніком музея “Дзеці ліхалецця” Тамарай Крывеня ўстанавілі біяграфічныя даныя воінаў Вялікай Айчыннай вайны, пахаваных на вайсковых могілках гарпасёлка. Школе ўручылі памятнае выданне кнігі аб генацыдзе.

Завяршылася ўрачыстае адкрыццё акцыі “Нашы дзеці”, як гэтага і патрабуе традыцыя, уручэннем салодкіх падарункаў, набытых за сродкі раённага бюджэту, кожнаму юнаму інтэлектуалу-ўдзельніку свята.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

#Нашидети

Похожие публикации