У каго жыта самае каласістае, буракі – самыя важкія, кукуруза – самая высокая, а бульба і гарох – самыя чыстыя? Адказ на гэтыя пытанні даў агляд-конкурс пасеваў, які штогод ладзіцца ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на базе ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна і праходзіць пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення Віталія Шулейкі.

Сёлета ўборачныя плошчы збожжавых і зернебабовых культур у сямі гаспадарках Дзятлаўшчыны складаюць 20 337 гектараў, з іх азімыя збожжавыя культуры – 12 236 га, яравыя збожжавыя – 3243 га, кукуруза на зерне – 3070 га, зернебабовыя сумесі – 455 га, гарох – 526 га, крупяныя культуры – 597 га, люпін – 150 га, віка – 60 га, сланечнік – 50 га, пасевы яравога і азімага рапсу – 5884 га.
З шасці гадзін раніцы камісія высвятляла, хто сёлета вырасціў самы дастойны ўраджай і паклапаціўся аб тым, як яго ўбраць і захаваць. Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі, землеўпарадкавальнай службы, раённых інспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна.


Сёлета маршрут пралягаў праз палеткі СГФ “АграМілк”, КСУП “Жукоўшчына”, КСУП “Хвінявічы”, ТАА “РоданАграПол”, КСУП “Войневічы”, ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”. На кожным з этапаў галоўныя аграномы гаспадарак, намеснікі дырэктараў або самі кіраўнікі прэзентавалі свае напрацоўкі ў вырошчванні ўраджаю 2026 года і дзяліліся сакрэтамі работы. Камісіяй ацэньваліся стан пасеваў, выкананне нормы высеву, аптымальнай гушчыні, своечасовасць унясення мінеральных угнаенняў, правядзенне хімахоўных работ, узворванне і ўцягванне ў гаспадарчы абарот патэнцыйна ўрадлівых і пустуючых земляў, якія прылягаюць да сельскагаспадарчых аб’ектаў, якасць сяўбы і іншыя аспекты.



Віталій Шулейка ацаніў высокі ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў і нагадаў, што з кожным годам надвор’е ўсё больш пераменлівае і неспрыяльнае. У такіх умовах ад агранамічнай службы патрабуюцца мабільнасць, нестандартныя падыходы да работы і хуткае прыняцце рашэнняў. Ён пажадаў усім поспехаў ва ўборачнай кампаніі-2026.































У час сустрэчы прадстаўнікі гаспадарак абмеркавалі надзённыя справы, абмяняліся вопытам па вырошчванні сельскагаспадарчых культур, вызначылі, куды рухацца далей у галіне раслінаводства.
Віталій Шулейка падзякаваў усім за ўдзел у важнай для аграрыяў раёна практычнай нарадзе і пажадаў поспехаў у сёлетняй уборачнай кампаніі:

– Сёння мы разам наведалі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, бачылі розныя вынікі і магчымасці вырошчвання культур. Прыемна было чуць, што спецыялісты ўзялі для сябе на ўзбраенне і прымяняюць прыёмы і тэхнічныя метады з вопыту мінулых такіх семінараў. “Падгледзелі” гатункі сельскагаспадарчых раслін і тое, як яны паводзяць сябе на землях Дзятлаўшчыны, абмяняліся вопытам, пагаварылі аб надзённым. Дзень прайшоў насычана і вынікова: думаю, кожнаму ўдзельніку семінара было чым падзяліцца і на што паглядзець. Упэўнены, што на будучы год усе новыя веды вы прыменіце на практыцы і атрымаеце яшчэ лепшы вынік.


Ён уручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам і прызёрам конкурсу. Былі вызначаны гаспадаркі, мацнейшыя ў вырошчванні асобных відаў культур, а таксама лідары ў агульным заліку. Дыпломамі і грашовымі прэміямі за лепшыя пасевы азімых збожжавых культур, азімага рапсу адзначана ААТ “Дварэц-Агра”; зернебабовых культур, яравога рапсу – ААТ “Граніт-Агра”; кукурузы, бульбы – КСУП “Хвінявічы”; яравых збожжавых культур – СГФ “АграМілк”; цукровых буракоў – КСУП “Войневічы”.
Пераможцам у агульным заліку стала ААТ “Дварэц-Агра”, на другім месцы – ААТ “Граніт-Агра”, на трэцім – КСУП “Хвінявічы”.











Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga