На пасяджэнні пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага разгледзелі пытанні аб прыярытэтных напрамках інфармацыйнай палітыкі і інфармацыйным полі Дзятлаўскага раёна; аб арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна.

Сёння інфармацыйнае поле Дзятлаўшчыны вельмі шырокае і насычанае. Як адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, у сучасных умовах прыярытэтным напрамкам інфармацыйнай палітыкі з’яўляецца арганізацыя інфармацыйна-растлумачальнай работы з насельніцтвам. Працэс інфармавання жыхароў раёна грунтуецца на разнастайных формах работы, аснову якіх складае аператыўнае прадастаўленне інфармацыі.

Сістэмны падыход да інфармацыйна-растлумачальнай работы з грамадзянамі ў раёне ўключае комплекс наступных формаў: правядзенне адзіных дзён інфармавання, справаздач і сустрэч кіраўніцтва райвыканкама ў працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, прыём грамадзян па асабістых пытаннях старшынёй райвыканкама і яго намеснікамі, правядзенне прамых тэлефонных ліній, дзён сельсаветаў, дыялогавых пляцовак, выступленне кіраўніцтва райвыканкама, адказных яго работнікаў у СМІ, правядзенне ўрачыстых сходаў, мітынгаў, іншых масавых мерапрыемстваў, прысвечаных агульнадзяржаўным, прафесійным, рэлігійным святам, памятным датам.

За справаздачны перыяд 2026 года арганізавана 162 сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, у якіх прынялі ўдзел 4044 чалавекі. Актуальныя пытанні разгледжаны на 22 дыялогавых пляцоўках, у якіх прынялі ўдзел больш за 600 чалавек. За 9 месяцаў службовымі асобамі праведзена 168 сустрэч, з іх 70 па месцы жыхарства і 98 у працоўных калектывах. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з работнікамі медыцыны, адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі і іншымі катэгорыямі работнікаў.

Старшынёй райвыканкама праведзена 18 асабістых прыёмаў грамадзян, былі прыняты 25 чалавек.

Актыўны ўдзел у інфармацыйна-растлумачальнай рабоце прымаюць дэпутаты Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Штомесяц праводзяцца прыёмы грамадзян, сельскія сходы. Пры правядзенні дзён сельсаветаў у абавязковым парадку наведваюцца гандлёвыя аб’екты, клубы, бібліятэкі, фельчарска-акушэрскія пункты, машынныя двары, фермы. Такая форма зносін з людзьмі знаходзіць толькі станоўчы водгук, паколькі людзі ведаюць, што іх пытанне не застаецца па-за ўвагай.

У раёне рэалізуецца комплекс мер па рабоце з крытычнымі матэрыяламі, грамадска значнай інфармацыяй і супрацьдзеянні фэйкавай інфармацыі. Дэструктыўныя рэсурсы, якія фарміруюць неканструктыўнае інфармацыйнае поле, знаходзяцца ў пастаянным полі зроку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі з дапамогай штодзённага маніторынгу. Крытычныя публікацыі фарміруюцца ў агляд з наступным інфармаваннем кіраўніцтва раёна, для далейшага прыняцця рашэння па рэагаванні.

Інфармацыйнае поле Дзятлаўскага раёна ўяўляе сабой сістэму, у якой традыцыйна раённая газета захоўвае пазіцыі афіцыйнай і найбольш аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі, а сацыяльныя сеткі ўстаноў і арганізацый забяспечваюць аператыўнасць і адраснасць камунікацыі.

Найважнейшым напрамкам у рабоце газеты “Перамога” з’яўляецца асвятленне жыцця раёна: работа арганізацый, прадпрыемстваў розных галін і сфер дзейнасці, дасягненні працоўных калектываў і асобных працаўнікоў; удзел дзятлаўчан у рэспубліканскіх, абласных і раённых акцыях і мерапрыемствах; будаўніцтва, рэканструкцыя, рамонт сацыяльна важных аб’ектаў; адкрыццё памятных месцаў і развіццё турыстычнага патэнцыялу; бяспека жыццядзейнасці насельніцтва.

Газета выходзіць два разы на тыдзень (па серадах і суботах). Друк ажыццяўляецца ў ТАА “РоллПрынт”, горад Мінск. Агульны разавы тыраж складае 3821 экзэмпляр. Ахоп насельніцтва раённай газетай складае 178 газет на адну тысячу насельніцтва.

Несумненна, сучасныя тэхналогіі цалкам змянілі культуру спажывання інфармацыі, таму раённая газета развівае свой сайт, інтэгравана ў сацыяльныя сеткі і месенджары Instagram, Аднакласнікі, ВКонтакте, TikTok, МАХ, Threads, Ютуб-канал, тэлеграм-канал “Дзятлава анлайн” і ншыя, што дазваляе ахопліваць розныя ўзроставыя групы чытачоў. Кожная з сацсетак пастаянна нарошчвае сваю аўдыторыю. Так, тэлеграм-канал газеты за апошні год дадаў тысячу новых падпісчыкаў.

На дадзены момант ажыццяўляецца рэгістрацыя сайта газеты як асобнага сродку масавай інфармацыі – сеткавага выдання, заснавальнікам якога будзе з’яўляцца Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт. Рэгістрацыя асобнага электроннага сеткавага выдання дазволіць стварыць легендзіраваныя каналы, манетызаваць сацыяльныя сеткі, наладзіць работу з прадстаўнікамі блогерскай супольнасці, моладзевага медыяцэнтра “КУБ” раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што асаблівая ўвага павінна надавацца павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння органаў улады з насельніцтвам і медыяпрасторы.

– Комплексны падыход у тлумачальнай дзейнасці дазваляе фарміраваць у грамадзян імунітэт да дэструктыўнага ўплыву і недакладнай інфармацыі. Разам з тым, для далейшага развіцця інфармацыйнай прасторы раёна патрабуецца ўкараненне новых формаў і метадаў работы, – зрабіў заўвагу кіраўнік раёна. – Раённай газеце і ПУЛу райвыканкама неабходна больш падаваць анонсаў рэалізацыі запланаваных праектаў, выкарыстоўваць відэакантэнт і інтэрактыўныя фарматы, забяспечыць максімальнае прыцягненне навучэнцаў і моладзі ў дзейнасць раённага медыяцэнтра “КУБ”, забяспечыць прысутнасць РК ГА “БРСМ” на ключавых моладзевых платформах, ствараць умовы для прытоку новых аўтараў і блогераў з ліку актыўнай моладзі.

Другім пытаннем на пасяджэнні разгледзелі арганізацыю харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна.

Як далажыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, на міжведамасным узроўні праведзены неабходныя мерапрыемствы па паляпшэнні якасці харчавання навучэнцаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчблокаў, павышэнні адказнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі, медыцынскіх работнікаў і работнікаў харчблокаў па кантролі за арганізацыяй збалансаванага харчавання.

У 2026-2027 навучальным годзе аддзел адукацыі райвыканкама ажыццяўляе арганізацыю харчавання для 1896 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 489 выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, 13 дзяцей у Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і непаўналетніх, якія пражываюць у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава. Ахоп навучэнцаў гарачым харчаваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі складае 99,6 працэнта.

Сёлета праведзены бягучы рамонт вытворчых памяшканняў  у Дварэцкай сярэдняй школе, набыта электрычная пліта ў Хвінявіцкую сярэднюю школу, шалі электронныя і шафы гардэробныя ў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.

Пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 2026-2027 навучальнага года праведзены неабходныя рамонтныя работы ва ўсіх аб’ектах харчавання, набыты з пазабюджэтных сродкаў сталовы посуд і інвентар. Па выніках правядзення дзяржаўных закупак прадуктаў харчавання на 2026 год заключаны дагаворы з 15 пастаўшчыкамі, з іх 9 – вытворцы. Дастаўка прадуктаў харчавання ажыццяўляецца як транспартам пастаўшчыка непасрэдна на аб’екты харчавання, так і транспартам Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый. Забяспечана работа пастаянна дзеючай камісіі для арганізацыі сістэмнага кантролю за харчаваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі.

Па выніках абмеркавання пастаўлена задача арганізаваць у 2027 годзе работу Школы повараў для работнікаў аб’ектаў харчавання з адпрацоўкай тэхналогіі падрыхтоўкі страў, вядзеннем тэхналагічнай дакументацыі; прадоўжыць навучанне сярод кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, педагагічных калектываў, адказных за арганізацыю харчавання, членаў бракеражных камісій, медыцынскіх работнікаў па пытаннях выканання патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі; забяспечыць штодзённы кантроль выканання патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры арганізацыі харчавання; прыняць меры па аснашчэнні аб’ектаў харчавання кандыцыянерамі ў Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна, Хвінявіцкай сярэдняй школе, дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава; мэбляй для захоўвання кухоннага і сталовага посуду – у Казлоўшчынскім дзіцячым садзе, дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава, дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации