19 сакавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад калектывам сацыяльнага пансіяната “Колас”, рэспубліканская на чале са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыем Сянько – перад работнікамі санаторыя “Альфа Радон”, яшчэ адна на чале з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Раманам Бродавым – з калектывам ТАА “Ізакам”, з жыхарамі Дварэцкага сельсавета сустракалася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, таксама яна выступіла перад працоўнай і вучнёўскай моладдзю ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і перад калектывам гімназіі № 1 горада Дзятлава, функцыянавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама.



Абмеркавалі сучасныя падыходы да развіцця рэгіёнаў: ад эканомікі да сацыяльнай інфраструктуры. Другую пяцігодку запар моцныя рэгіёны – прыярытэт праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Забеспячэнне комплекснага падыходу да росту дабрабыту насельніцтва ў рэгіёнах, раўнамернае развіццё тэрыторый, недапушчэнне разрыву паміж горадам і вёскай, сталіцай і рэгіёнамі – задачы ўнутранай палітыкі краіны. Эфектыўнасць у іх вырашэнні даказалі праграмна-мэтавы падыход і канкрэтныя Дзяржаўныя праграмы. Першы такі тэрытарыяльна арыентаваны дакумент – Дзяржпраграма адраджэння і развіцця вёскі 2005-2010 гадоў, якая надала імпульс развіццю сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку аддаленых.

Ключавая канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця на новую пяцігодку – сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой – чалавек. Асноўная мэта – пераход да новай якасці жыцця кожнага беларуса, таму і вектар рэгіянальнай палітыкі – стварэнне спрыяльных умоваў для працы, бізнесу, самарэалізацыі і камфортнага жыцця людзей у любым населеным пункце.
За мінулую пяцігодку ў нашай дзяржаве не толькі захаваны аб’ёмы вытворчасці, але і сфарміраваны новыя пункты росту, рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў, краіна перасягнула шасцітысячны рубеж па сярэднім надоі на карову, павялічылася рэальная заработная плата, атрымалася купіраваць рост інфляцыі, на кантролі дзяржавы асартымент тавараў і іх даступнасць, сітуацыя на спажывецкім рынку захоўваецца стабільнай. Ажыццяўленне гандлёвага абслугоўвання і даступнасць тавараў на сяле – важная ўмова камфортнага жыцця, дзе асаблівая роля належыць Белкаапсаюзу, які забяспечвае мабільны гандаль нават у самых малых населеных пунктах. Значны ўклад у развіццё рэгіёнаў уносіць ініцыятыва Прэзідэнта “Адзін раён – адзін праект” па актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці і ўмацаванні эканомікі рэгіёнаў. Павялічаны аб’ёмы будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, індывідуальнага, арэнднага, што дазваляе павысіць мабільнасць працоўных рэсурсаў і прыцягнуць спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады. Яшчэ адзін важны для людзей кірунак – аказанне медыцынскай дапамогі, і кожны беларус, незалежна ад месца пражывання, можа яе гарантавана атрымаць. Для далучэння насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам актыўна развіваецца спартыўная інфраструктура. Наступны важны аспект – даступнасць і якасць адукацыі на любым узроўні незалежна ад месца жыхарства: у краіне выпрацаваны і дзейнічаюць дзяржаўныя сацыяльныя адукацыйныя стандарты. Далейшая стратэгічная мэта – развіццё чалавечага патэнцыялу, на што скіравана і Дзяржаўная праграма “Беларусь інтэлектуальная” на 2026-2030 гады, мэта якой – павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі па бягучых запытах рынку працы і патрэбах нацыянальнай эканомікі.

Перад транспартным комплексам таксама стаяць не менш важныя задачы. Асаблівы прыярытэт – забеспячэнне кароткіх маршрутаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў дарогамі з удасканаленым пакрыццём, развіццё хуткасных чыгуначных зносін з гарадамі-спадарожнікамі, пашырэнне ўнутранай маршрутнай сеткі авіяперавозак. Удасканаленне транспартнай галіны надае новы імпульс развіццю турызму, які стаў брэндам Беларусі. Гэта – важны і актуальны напрамак, бо рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу – адзін з сямі прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Для рэгіёнаў – гэта практычна “эканоміка на зямлі”. Кожная турыстычная паездка запускае ланцужок: размяшчэнне, харчаванне, транспарт, аб’екты паказу, сувеніры, паслугі гідаў і экскурсаводаў. У выніку ствараюцца працоўныя месцы, развіваецца малы бізнес, аграэкатурызм, павышаецца загрузка інфраструктуры, фарміруецца падатковая база і з’яўляецца рэсурс для добраўпарадкавання тэрыторый.
Такім чынам, сучасная рэгіянальная палітыка скіравана на павышэнне прывабнасці для жыцця, працы і бізнесу ўсіх тэрыторый, у тым ліку за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. У цэлым ад перспектыў развіцця кожнага кутка роднай Беларусі залежыць, наколькі моцнай і квітнеючай будзе наша дзяржава.

– Мы жывём у няпросты час ваенных канфліктаў, вострай барацьбы за рынкі збыту, санкцый, калі парушаецца міжнароднае права, – падзяліўся думкамі пры абмеркаванні тэмы кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – Дзякуючы Прэзідэнту і нашым агульным намаганням, Беларусь застаецца “астраўком бяспекі”, дзе развіваюцца рэгіёны. Дзятлаўшчына не выключэнне. Мы значна крочылі наперад за апошнія пяць гадоў. У раёне на ТАА “Ізакам Пласт” у рамках Дзяржпраграмы “Адзін раён – адзін праект” рэалізаваны інвестпраект па вытворчасці папярэднеізаляваных і водаправодных трубаў, падаткі ад дзейнасці завода паступаюць у раённы бюджэт. Флагманы раённага турызму – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон” таксама развіваюцца. На базе здраўніцы “Альфа Радон” рэалізуецца праект па ўдасканаленні лячэбна-аздараўленчай базы, ужо пабудаваны басейн пад адкрытым небам. Прычым абодва санаторыі за кошт падаткаў і курортнага збору робяць уклад у 10 % у даход мясцовага бюджэту. За пяцігодку на Дзятлаўшчыне больш чым у два разы павялічана вытворчасць малака, яго нават даводзіцца накіроўваць на перапрацоўку ў іншыя раёны. Таму ў Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир” устанаўліваецца лінія па вытворчасці мяккіх сыроў. У гарпасёлку Навельня ў рамках дзяржпраекта будзе адкрыта лінія рафінацыі расліннага харчовага алею. На ААТ “Дварэцкі льнозавод” ужо функцыянуе лінія катанізацыі. Прадаўжаецца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Гэта далёка не ўсе прыклады.

Свабодныя астаткі з бюджэту раёна ідуць на развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Кожны год (гэта можна ўбачыць нават на прыкладзе гарпасёлка Казлоўшчына) уводзіцца ў эксплуатацыю жыллё, рамантуюцца дваровыя тэрыторыі, вуліцы, дарогі.
Створаны спрыяльныя ўмовы для бізнесу: на Дзятлаўшчыне працуюць 127 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Колькасць ІП на 1 студзеня 2026 года – 395 чалавек, усяго ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва занята 2300 чалавек, а ў эканоміцы раёна ў цэлым – 9000 чалавек. Прыватныя прадпрыемствы вырабляюць палову ўнутранага рэгіянальнага прадукту. Умовы для ўсіх аднолькавыя, вынікі ж залежаць ад жадання і старання людзей. Наша Беларусь – невялікая краіна, аднак яна паспяхова канкурыруе на сусветных рынках, і ўсё гэта дзякуючы мудраму кіраўніцтву і нашаму агульнаму ўкладу.


У рамках Адзінага дня інфармавання былі разгледжаны і такія актуальныя тэмы, як супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, аб асновах бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху веласіпедыстаў і вадзіцеляў сродкаў персанальнай мабільнасці, забароне выхаду на тонкі лёд, навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях, бяспецы дзяцей на канікулах.

– Каб спаліць сабранае смецце бяспечна, памятайце, што рабіць гэта можна толькі ў зацішнае надвор’е. Месца для спальвання вылучыце далей ад будынкаў і лесу. Тэрыторыя вакол павінна быць ачышчана ад сухой травы, лістоты і гаручых матэрыялаў. Побач абавязкова павінны быць сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель, вядро з вадой, рыдлёўка ці пясок. Ні ў якім разе не пакідайце агонь без нагляду. У выпадку, калі агонь выйшаў з-пад кантролю, неадкладна выклікайце выратавальнікаў па нумарах 101 ці 112, – нагадалі работнікі МНС.


























































Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Наталлі АВЯРЧУК, Таццяны САНЮК, Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае