20 лютага на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы выступіла група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, у раённым аддзеле Дэпартамента аховы – абласная на чале з генеральным дырэктарам дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка Гродзенскай вобласці” Сяргем Пятровічам, група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага сустрэлася з калектывам Круцілавіцкай сярэдняй школы, працавала таксама група намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай.

Галоўнай тэмайстала падвядзенне вынікаў мінулай пяцігодкі як асновы стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны. Сёння ўжо кожны можа канстатаваць: ва ўмовах непрадказальнасці сучасных геапалітычных працэсаў і санкцыйнага ціску Беларусь не проста выстаяла, але і стала мацнейшай. Выступаючы на сёмым Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што “мы ніколі яшчэ так не жылі добра, як цяпер”. Безумоўным аргументам яго слоў з’яўляецца тое, што эканоміка дэманструе ўстойлівы рост і стабільнасць. Дзяржава стварае ўсе ўмовы для таго, каб кожны чалавек мог клапаціцца аб уласным дабрабыце. Вынікі гэтай работы адлюстроўвае меркаванне суайчыннікаў: 86,6 % насельніцтва задаволены сваім жыццём.

Пачатак 2025 года для беларусаў – не проста чарговы часавы інтэрвал, а старт новага пяцігадовага этапу станаўлення нашай дзяржавы і грамадства да 2029 года. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка вызначыў вектар стратэгічнага развіцця краіны: “Цэлая пяцігодка будзе аддадзена якаснаму будаўніцтву, якаснай рабоце. Рыхтуйцеся да гэтага. Няякасна не будзе”. Няма сумненняў у тым, што беларусы дасягнуць маштабных задач.
Аб тым, што ў бліжэйшыя пяць гадоў чакае камунальную сферу Прынёмання, расказаў Сяргей Пятровіч:

– Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці кожны павінен пачынаць з сябе: на агульных і дваровых тэрыторыях, дзе неабходна, – пакасіць, адрамантаваць, пафарбаваць, зрабіць іх больш прыгожымі. Што тычыцца камунальнай сферы, то ў нас рэалізуюцца тры праграмы: “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, “Энергазберажэнне” і “Мэта – 99 %” (па перапрацоўцы смецця). У наступныя пяць гадоў таксама запланавана рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў, у тым ліку яе патрабуюць тыя, што ў горадзе Дзятлаве. Удасканаліць неабходна збор і сартаванне смецця. За наступную пяцігодку мы ставім мэту дабіцца 80 % перапрацоўкі другасных рэсурсаў. Што тычыцца 2025 года, то на Дзятлаўшчыне мяркуецца капрамонт 5,6 тысячы квадратных метраў жылфонду, каля 1,5 тысячы квадратных метраў бягучых рамонтаў дахаў, рамонты сістэм водазабеспячэння і адвядзення – адным словам, прадоўжым усе праграмы па камфортным жыллі.



Падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці ў 2021-2024 гадах і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі адзначыў:

– Перыяд не быў простым: з-за санкцыйнага ціску давялося пераарыентаваць эканоміку. Гродзеншчына – самы невялікі рэгіён краіны, але фарміруе 11 % валавога ўнутранага прадукта. Аднак прадукт мала вырабляць, яго неабходна рэалізоўваць. Сярод надзейных пакупнікоў вобласці – Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Казахстан, Кітайская Народная Рэспубліка, а ўсяго геаграфія гандлёвых сувязяў ахоплівае каля ста краін свету. Работа па пашырэнні рынкаў збыту прадаўжаецца. Шмат увагі ў Прынёманні надаецца пытанням развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, перааснашчэнню прадпрыемстваў, набыццю тэхнікі, абнаўленню інфраструктуры, іншым напрамкам.

Складаны шлях па пераадоленні санкцый прайшла і Дзятлаўшчына. Тым не менш, раён у 2022 годзе быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Па выніках 2024-га – увайшоў у дзясятку лепшых раёнаў Беларусі. Пацвярджэннем паспяховых рашэнняў з’яўляецца запатрабаванасць нашых харчовых і іншых тавараў. Напрыклад на прадукцыю Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” фарміруецца перадаплата на месяц-два наперад. На кітайскі рынак выйшаў ААТ “Дварэцкі льнозавод”, на прадпрыемстве запушчана лінія катанізацыі, якая акупіць сябе менш чым за год. Ёсць шмат іншых станоўчых прыкладаў.

Калі паспяхова развіваецца раённая эканоміка, то свабодныя астаткі заробленых грошай можна выкарыстаць на сацыяльную сферу. Найперш сродкі райбюджэту трацілі на капрамонт жылля, школ, установаў аховы здароўя, дваровых тэрыторый, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Рэалізуецца на Дзятлаўшчыне дзяржаўная праграма “Адзін раён – адзін праект”. Першы па вырабе перадізаляваных трубаў ужо завершаны на ТАА “Ізакам Пласт”. На чарзе яшчэ два: пашырэнне комплексу аказваемых паслугаў у санаторыі “Альфа Радон” і па вырабе харчовага алею ТАА “Триал эксперт”.


Усё гэта толькі невялікая частка таго, што адбываецца на Дзятлаўшчыне. На наступную пяцігодку перад раёнам стаяць сур’ёзныя задачы, аднак нам ёсць куды развівацца.




Удзельнікам Адзінага дня інфармавання таксама нагадалі правілы бяспекі дарожнага руху, прафілактыкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, расказалі аб наступствах неасцярожнага курэння, выхаду на тонкі лёд, пагаварылі аб сістэме грамадзянскай абароны Рэспублікі Беларусь і планавых мерапрыемствах напярэдадні Міжнароднага дня грамадзянскай абароны, які адзначаецца 1 сакавіка. Таму, калі завыюць сірэны і пачнуцца вучэнні, палохацца не варта, паралельна тэматычныя заняткі пройдуць ва ўстановах адукацыі раёна.






Напрыканцы прысутныя прагледзелі дакументальную відэастужку “Амбіцыі каштуюць дорага”, скіраваную на прафілактыку экстрэмізму.


Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Единый день информирования #Дятловщина