Адзіны дзень інфармавання. Ад кібератак да правілаў на дарогах і стану эканомікі

16 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад работнікамі ААТ “Граніт-Агра”, абласная на чале са старшынёй камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Сяргеем Мясніковым – перад калектывам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, з жыхарамі Жукоўшчынскага сельсавета сустракалася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, функцыянавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Размова вялася на актуальную тэму: “Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах”. Увагу прысутных акцэнтавалі на тым, што ад узроўню ведаў, адказнасці і ўсвядомленасці кожнага грамадзяніна напрамую залежаць яго асабістая бяспека, дабрабыт грамадства і ўстойлівае развіццё дзяржавы. Спачатку спыніліся на праблеме ХХІ стагоддзя – лічбавай бяспецы: доля падобных злачынстваў расце з кожным годам і ўжо складае трэцюю частку ад агульнай колькасці. Напрыклад, на Дзятлаўшчыне сярод 74 сёлетніх злачынстваў 24 учынены ў сферы высокіх тэхналогій. Асабліва хвалюе, што ахвярамі кібермахлярстваў становяцца дзеці. Самая распаўсюджаная схема – блакіраванне мабільных прыстасаванняў Apple і патрабаванне грошай за разблакіроўку. Суразмоўца-махляр скардзіцца, што ў яго зламаўся тэлефон, а ў “воблаку” засталіся курсавая ці фотаздымкі, просіць зайсці ў яго iCloud і скачаць, так адбываецца блакіраванне. Небяспечнымі застаюцца і пераходы па фішынгавых спасылках, напрыклад, пры куплі тавараў. У схемах супраць бацькоў ашуканцы таксама выкарыстоўваюць дзяцей: ім могуць патэлефанаваць ад імя мабільнага аператара “для заключэння дагавора”, папрасіць паведаміць код, а потым напалохаць, што малое ўдзельнічае ў злачыннай схеме, таму яно ці  бацькі могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Так дзяцей вымушаюць  перадаваць кур’ерам грошы. Яшчэ ў інтэрнэце адбываецца ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў, пачынаючы ад іх вярбоўкі, навучання і заканчваючы перадачай грошай, таму дарослым неабходна прымаць меры па адсочванні кантактаў, ведаць, з кім сыны і дочкі перапісваюцца, што шукаюць з дапамогай пошукавых сістэм. Для гэтага ёсць бясплатныя праграмы бацькоўскага кантролю. У большасці выпадкаў махляр не ўзломвае тэлефон ці кватэру, не забірае грошы сілай, а робіць так, каб пацярпелы сам выканаў патрабаванні, таму складальнікі абароны – не толькі антывірус і пароль, але і ўменне своечасова распазнаць сітуацыю і спыніцца. На Дзятлаўшчыне жыхароў раёна часцей падманваюць у месенджарах, дзе злачынцы прадстаўляюцца спецыялістамі розных службаў, пратрабуюць назваць код с СМС-паведамлення для пераўстаноўкі дамафона, электралічыльніка, на іншай падставе. У такія размовы ўступаць нельга, варта спыніць сувязь.

Наступнай была абмеркавана актуальная ў сезон адпачынку тэма гібелі людзей на вадаёмах. У пераважнай большасці выпадкаў трагедыі здараюцца з-за купання ў нецвярозым стане, хаця не меншую небяспеку можа ўяўляць плаванне і ныранне ў незнаёмых і забароненых месцах. Дзікія вадаёмы бываюць з небяспечным дном, дзе, скачучы ў ваду, можна стукнуцца галавой аб грунт, зламаць шыйныя пазванкі, страціць прытомнасць, загінуць. Па гэтай жа прычыне не варта ныраць з мастоў, плытоў, дамбаў. Купацца рэкамендуецца на абсталяваных пляжах у зоне, агароджанай буйкамі ці паплаўкамі.

Паколькі ў разгары грыбны сезон, аматарам ціхага палявання парэкамендавалі падбіраць гардэроб, які засцеражэ ад укусаў насякомых і змей, не менш важна, каб у ім былі яркія рэчы – гэта павялічыць шанцы хутчэй быць знойдзенымі, калі заблукаеце. З сабой заўжды трэба браць зараджаны мабільны тэлефон і мінімальную аптэчку.

Закранулі і тэму дарожнай бяспекі, бо з-за спёкі ўзрастае рызыка аварый і затораў, назіраецца рост транспартных здарэнняў з удзелам дзікіх жывёл, летам часцей на праезнай частцы аказваюцца непаўналетнія, у тым ліку на веласіпедах. Паводле палажэнняў правілаў дарожнага руху, дзецям да 14 гадоў забаронена выязджаць на дарогі агульнага карыстання. Перамяшчэнне на веласіпедах і сродках персанальнай мабільнасці ўвогуле павінна ажыццяўляцца па веласіпедных дарожках, а пры іх адсутнасці – па ўзбочыне ці тратуары без перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Спецыялісты адказных службаў таксама аднавілі ў памяці ўдзельнікаў Адзінага дня інфармавання правілы паводзінаў у надзвычайных сітуацыях, пры пажарах, навальніцах, нападзенні сабак.

У час свайго выступлення перад дзятлаўскімі сыраробамі Сяргей Мяснікоў зрабіў акцэнт на эканамічнай сітуацыі ў Гродзенскай вобласці:

– Пакуль што назіраецца невялікае адставанне ад узроўню мінулага года, на што паўплываў шэраг аб’ектыўных фактараў, сярод якіх праблемы з рэалізацыяй прадукцыі, санкцыйны ціск. На жаль, свет не становіцца больш спакойным і лагічным. Мы жывём у цікавы час па змяненні палітычнага ўплыву, што, безумоўна сказваецца на эканоміцы. Тым не менш, ёсць і паступовы пазітыўны рух: пераходзім на іншыя рынкі. Як ведаеце, у Беларусі сустракалі дэлегацыю Узбекістана. Гэта вельмі перспектыўны рынак як па збыце мяса-малочнай прадукцыі, мэблі, у якіх яны вельмі зацікаўлены, так і супрацоўніцтва развіваецца ў сферы перапрацоўкі бавоўны, абмене рабочай сілай, іншых кірунках.

На Беларускім форуме рэгіёнаў адказнай сёлета была менавіта Гродзенская вобласць: праведзена грунтоўная работа па прывабліванні кітайскіх інвестараў, якіх цікавіць лагістыка, стварэнне аўтамабільнага і чыгуначнага, паветранага кластараў, бо мы заходні рэгіён. Калі-небудзь палітычныя ўзрушэнні закончацца, і нашы перавагі як “варотаў у Еўропу” кітайскі бок збіраецца выкарыстоўваць.

Для расіян горад Гродна і вобласць, як міні-Еўропа з прыгожай архітэктурай, замкамі, для кітайцаў жа больш цікавая наша прырода, лясы, магчымасць сплаваў на байдарках. Прынёманскі край унікальны, прывабны для інвестараў, а для эканомікі якраз важныя прыцягненне інвестыцый, развіццё прадпрыемстваў і дасягненне больш якаснага ўзроўню вытворчасці з выхадам на новыя рынкі збыту. Свет мяняецца, хто не паспявае зарыентавацца, аказваецца на ўзбочыне.

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Ксеніі МІКЛАШ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Нам неабходна быць адзінымі

У рамках Адзінага дня інфармавання намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Вадзім Бялятка сустрэўся з жыхарамі…

1 час ago

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

22 часа ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

23 часа ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

24 часа ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

1 день ago

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Данііл Вяргун: “Работа з настаўнікам – гэта поўнае пагружэнне”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і…

1 день ago