16 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад работнікамі ААТ “Граніт-Агра”, абласная на чале са старшынёй камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Сяргеем Мясніковым – перад калектывам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, з жыхарамі Жукоўшчынскага сельсавета сустракалася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, функцыянавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.



Размова вялася на актуальную тэму: “Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах”. Увагу прысутных акцэнтавалі на тым, што ад узроўню ведаў, адказнасці і ўсвядомленасці кожнага грамадзяніна напрамую залежаць яго асабістая бяспека, дабрабыт грамадства і ўстойлівае развіццё дзяржавы. Спачатку спыніліся на праблеме ХХІ стагоддзя – лічбавай бяспецы: доля падобных злачынстваў расце з кожным годам і ўжо складае трэцюю частку ад агульнай колькасці. Напрыклад, на Дзятлаўшчыне сярод 74 сёлетніх злачынстваў 24 учынены ў сферы высокіх тэхналогій. Асабліва хвалюе, што ахвярамі кібермахлярстваў становяцца дзеці. Самая распаўсюджаная схема – блакіраванне мабільных прыстасаванняў Apple і патрабаванне грошай за разблакіроўку. Суразмоўца-махляр скардзіцца, што ў яго зламаўся тэлефон, а ў “воблаку” засталіся курсавая ці фотаздымкі, просіць зайсці ў яго iCloud і скачаць, так адбываецца блакіраванне. Небяспечнымі застаюцца і пераходы па фішынгавых спасылках, напрыклад, пры куплі тавараў. У схемах супраць бацькоў ашуканцы таксама выкарыстоўваюць дзяцей: ім могуць патэлефанаваць ад імя мабільнага аператара “для заключэння дагавора”, папрасіць паведаміць код, а потым напалохаць, што малое ўдзельнічае ў злачыннай схеме, таму яно ці бацькі могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Так дзяцей вымушаюць перадаваць кур’ерам грошы. Яшчэ ў інтэрнэце адбываецца ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў, пачынаючы ад іх вярбоўкі, навучання і заканчваючы перадачай грошай, таму дарослым неабходна прымаць меры па адсочванні кантактаў, ведаць, з кім сыны і дочкі перапісваюцца, што шукаюць з дапамогай пошукавых сістэм. Для гэтага ёсць бясплатныя праграмы бацькоўскага кантролю. У большасці выпадкаў махляр не ўзломвае тэлефон ці кватэру, не забірае грошы сілай, а робіць так, каб пацярпелы сам выканаў патрабаванні, таму складальнікі абароны – не толькі антывірус і пароль, але і ўменне своечасова распазнаць сітуацыю і спыніцца. На Дзятлаўшчыне жыхароў раёна часцей падманваюць у месенджарах, дзе злачынцы прадстаўляюцца спецыялістамі розных службаў, пратрабуюць назваць код с СМС-паведамлення для пераўстаноўкі дамафона, электралічыльніка, на іншай падставе. У такія размовы ўступаць нельга, варта спыніць сувязь.




Наступнай была абмеркавана актуальная ў сезон адпачынку тэма гібелі людзей на вадаёмах. У пераважнай большасці выпадкаў трагедыі здараюцца з-за купання ў нецвярозым стане, хаця не меншую небяспеку можа ўяўляць плаванне і ныранне ў незнаёмых і забароненых месцах. Дзікія вадаёмы бываюць з небяспечным дном, дзе, скачучы ў ваду, можна стукнуцца галавой аб грунт, зламаць шыйныя пазванкі, страціць прытомнасць, загінуць. Па гэтай жа прычыне не варта ныраць з мастоў, плытоў, дамбаў. Купацца рэкамендуецца на абсталяваных пляжах у зоне, агароджанай буйкамі ці паплаўкамі.



Паколькі ў разгары грыбны сезон, аматарам ціхага палявання парэкамендавалі падбіраць гардэроб, які засцеражэ ад укусаў насякомых і змей, не менш важна, каб у ім былі яркія рэчы – гэта павялічыць шанцы хутчэй быць знойдзенымі, калі заблукаеце. З сабой заўжды трэба браць зараджаны мабільны тэлефон і мінімальную аптэчку.
Закранулі і тэму дарожнай бяспекі, бо з-за спёкі ўзрастае рызыка аварый і затораў, назіраецца рост транспартных здарэнняў з удзелам дзікіх жывёл, летам часцей на праезнай частцы аказваюцца непаўналетнія, у тым ліку на веласіпедах. Паводле палажэнняў правілаў дарожнага руху, дзецям да 14 гадоў забаронена выязджаць на дарогі агульнага карыстання. Перамяшчэнне на веласіпедах і сродках персанальнай мабільнасці ўвогуле павінна ажыццяўляцца па веласіпедных дарожках, а пры іх адсутнасці – па ўзбочыне ці тратуары без перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Спецыялісты адказных службаў таксама аднавілі ў памяці ўдзельнікаў Адзінага дня інфармавання правілы паводзінаў у надзвычайных сітуацыях, пры пажарах, навальніцах, нападзенні сабак.


У час свайго выступлення перад дзятлаўскімі сыраробамі Сяргей Мяснікоў зрабіў акцэнт на эканамічнай сітуацыі ў Гродзенскай вобласці:
– Пакуль што назіраецца невялікае адставанне ад узроўню мінулага года, на што паўплываў шэраг аб’ектыўных фактараў, сярод якіх праблемы з рэалізацыяй прадукцыі, санкцыйны ціск. На жаль, свет не становіцца больш спакойным і лагічным. Мы жывём у цікавы час па змяненні палітычнага ўплыву, што, безумоўна сказваецца на эканоміцы. Тым не менш, ёсць і паступовы пазітыўны рух: пераходзім на іншыя рынкі. Як ведаеце, у Беларусі сустракалі дэлегацыю Узбекістана. Гэта вельмі перспектыўны рынак як па збыце мяса-малочнай прадукцыі, мэблі, у якіх яны вельмі зацікаўлены, так і супрацоўніцтва развіваецца ў сферы перапрацоўкі бавоўны, абмене рабочай сілай, іншых кірунках.
На Беларускім форуме рэгіёнаў адказнай сёлета была менавіта Гродзенская вобласць: праведзена грунтоўная работа па прывабліванні кітайскіх інвестараў, якіх цікавіць лагістыка, стварэнне аўтамабільнага і чыгуначнага, паветранага кластараў, бо мы заходні рэгіён. Калі-небудзь палітычныя ўзрушэнні закончацца, і нашы перавагі як “варотаў у Еўропу” кітайскі бок збіраецца выкарыстоўваць.
Для расіян горад Гродна і вобласць, як міні-Еўропа з прыгожай архітэктурай, замкамі, для кітайцаў жа больш цікавая наша прырода, лясы, магчымасць сплаваў на байдарках. Прынёманскі край унікальны, прывабны для інвестараў, а для эканомікі якраз важныя прыцягненне інвестыцый, развіццё прадпрыемстваў і дасягненне больш якаснага ўзроўню вытворчасці з выхадам на новыя рынкі збыту. Свет мяняецца, хто не паспявае зарыентавацца, аказваецца на ўзбочыне.











































Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Ксеніі МІКЛАШ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga