Categories: Падзеі

Ад роднай зямлі

Так можна сказаць пра жыццё і навуковую дзейнасць прафесара Алены Іванаўны Ківейшы, якой 5 снежня споўнілася б 85 гадоў. Алена Іванаўна наша зямлячка, нарадзілася на хутары Львоўшчына непадалёк ад вёскі Явар у сялянскай сям’і. Некалькі гадоў таму яе не стала.

Архіў вучонага цяпер належыць яе пляменніку Сяргею Іванавічу Ківейшу. Сяргей Іванавіч і яго родны брат Іван Іванавіч, які жыве ў Слоніме, нядаўна прывезлі ў наш музей шмат экспанатаў, звязаных з жыццём іх роднай цёткі, сястры бацькі. Інтэлігентныя, цікавыя субяседнікі, браты пакінулі добрае ўражанне аб сабе і ўпэўненасць у тым, што ім дарагая духоўная спадчына роду.

Бацька Алены Іванаўны, Іван Рыгоравіч, паходзіў з сям’і беззямельных сялян вёскі Спудвілы Бераставіцкага раёна. Шмат гадоў батрачыў у панскіх маёнтках, працаваў грузчыкам на парахавым заводзе ў Гродне і ўвесь час збіраў грошы, каб купіць свой кавалак зямлі, завесці гаспадарку, ажаніцца. І толькі ў сорак два гады купіў у памешчыка невялікі хутар, завёў сям’ю і гаспадарку. Сям’я жыла бедна. Нараджаліся дзеці, але з-за неспрыяльных умоваў жыцця часта хварэлі і паміралі. З дзевяці народжаных жыць засталіся толькі трое: Іван, Ганна і самая малодшая Алена.

Маці Ганна Іванаўна (у дзявоцтве Рэгіневіч) паходзіла з вёскі Явар. Была добрай, працалюбівай жанчынай, адданай жонкай і маці. Бацька і маці не мелі адукацыі, але вельмі хацелі, каб вучыліся дзеці. Алена запомніла словы бацькі: “Зямля — матэрыя вечная. Вечны і народ. Таму вечная зямля павінна належаць вечнаму народу”. Магчыма, гэтыя словы і з’явіліся той паходняй, што вывела дзяўчынку ў людзі і падштурхнула займацца сельскагаспадарчай навукай.

Брат Алены Іванаўны Іван ваяваў на фронце, быў кулямётчыкам, меў шмат раненняў. Вярнуўся дадому інвалідам, ажаніўся, паехаў жыць у Слонім. Сястра Ганна выйшла замуж у суседнюю вёску.
Алена вучылася спачатку ў няпоўнай сярэдняй школе ў Явары, потым у СШ №2 у Дзятлаве. Жыла на кватэры ў знаёмых, кожны тыдзень хадзіла дадому па харчаванне на тыдзень – па бульбу, капусту, хлеб, трохі сала. Так жылі ўсе. Насілі тое, што маглі пашыць ці звязаць самі.

У 1950 годзе Алена паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава ў Мінску на аддзяленне “Эканоміка сельскай гаспадаркі”. Для вясковай дзяўчыны гэта былі лепшыя гады юнацтва.

Вучылася на выдатна. А ў вольны ад вучобы час дапамагала, як і ўсе тагачасныя студэнты, падымаць разбураны вайной Мінск. Восенню ўсім інстытутам ехалі ў вёску на бульбу. Паспявала яшчэ і мастацкія гурткі наведваць, і навуковай дзейнасцю займацца, і спортам. Лепшыя навуковыя работы студэнтаў удзельнічалі ў розных аглядах. Так, па выніках 1953-54 навучальнага года работа Алены Ківейшы ”Шляхі зніжэння сабекошту малака (на прыкладзе саўгасаў БССР)” была высока ацэнена. І гэта дало штуршок для вядзення далейшай навуковай працы, прадвызначыла лёс дзяўчыны.

Пасля заканчэння інстытута Алена была размеркавана на працу ў Інстытут эканомікі АН БССР, а з яго — у аспірантуру Інстытута эканомікі АН СССР у Маскве. Тут і абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме студэнцкай працы.

У 1958 годзе вярнулася ў Мінск, працавала ў навуковых і навукова-вытворчых установах рэспублікі. Гэты дзесяцігадовы перыяд працы маладога вучонага быў звязаны з даследаваннем эканомікі перадавых і адсталых саўгасаў і калгасаў рэспублікі. Мэтанакіравана, у доўгіх камандзіроўках старалася яна прааналізаваць сітуацыі ў гаспадарках і дапамагчы знайсці выйсце з цяжкага становішча. Шмат выступала на пасяджэннях розных узроўняў, друкавалася, ездзіла з лекцыямі.

У 1967 годзе па выніках конкурсу перайшла на працу ў БДІНГ імя Куйбышава, дзе да апошніх дзён працавала на кафедры эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК, атрымала званне прафесара. Эканоміка сельскай гаспадаркі стала для Алены Іванаўны мэтай жыцця і пуцяводнай ніткай. Ёй прафесар прысвяціла ўсе свае сілы.

Было ў жыцці Алены Ківейшы і вялікае каханне. Надзейным памочнікам і сябрам стаў для яе муж Васіль Сцяпанавіч Мурас, украінец па паходжанні, старэйшы на трынаццаць гадоў. Муж прайшоў праз выпрабаванні вайной, быў шмат разоў паранены і кантужаны. Вярнуўся з вайны інвалідам. Інжынер па ўзбраенні, ён займаўся навукай у галіне фізікі цвёрдага цела. За распрацоўкі ў гэтай галіне ўзнагароджаны медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Памёр у 1994 годзе. Яго смерць Алена Іванаўна перанесла вельмі балюча, сама захварэла, была прааперыравана. Але працу не пакінула. Як піша прафесар у сваіх успамінах, падтрымалі калегі, аднесліся шчыра і па-сяброўску. Тады ж і дапамаглі атрымаць кватэру ў Мінску. Да гэтага сям’я Ківейшаў жыла ў прыгарадзе.

Алены Іванаўны не стала некалькі гадоў таму. Але памяць пра вучонага, які зрабіў свой значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай навукі, шчырую і інтэлігентную жанчыну, другую маці для пляменнікаў і нашу зямлячку, будзе жыць. А пакуль жывая памяць, жывы і чалавек.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

administrator

Recent Posts

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

2 часа ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

17 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

17 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

18 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

18 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

19 часов ago