Кожны чалавек рана ці позна дае ацэнку мінуламу, нібыта зазірае ў скарбонку жыцця, каб падрахункаваць набыткі. Яны ў нас розныя: дзелавыя людзі пераглядаюць бізнэс-планы, падлічваюць прыбыткі, таленавітыя — рахункуюць дасягненні ў сферы мастацтва, а шчодрыя сэрцам — перажываюць і радуюцца за блізкіх.
Кожны дзень знаходзіцца нагода для радасці і перажыванняў у шматдзетнай прыёмнай матулі Алены Паўлаўны Юч. Яна разам з мужам Вячаславам Уладзіміравічам клапоцяцца пра чатырох сваіх і траіх прыёмных дзяцей. Алена Паўлаўна паспяхова сумяшчае дзве прафесіі: настаўніцы матэматыкі ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе і «матулі-выхавальніцы» для траіх прыёмных сыноў.
На пытанне, ці планавала ў маладосці стаць шматдзетнай мамай, Алена Паўлаўна адказвае, што і падумаць не магла, а вось атрымалася. Яе бацькі выгадавалі траіх дзяцей, бацькі мужа наогул толькі дваіх, а іх сям’я аказалася багатай на дзетак.
Нарадзілася Алена Паўлаўна на Навагрудчыне. Калі дзяўчынцы было 7 гадоў, сям’я пераехала ў Гродна. Там Алена скончыла школу і факультэт матэматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Працаваць па рамеркаванні трапіла ў чарнобыльскую зону, таму на першым месцы работы затрымалася толькі на тры гады. Затым было замужжа і пераезд на Дзятлаўшчыну.
Муж, Вячаслаў Уладзіміравіч Юч, родам з Дзятлаўскага раёна. Тут ён вырас і скончыў школу. Працуе Вячаслаў Уладзіміравіч лясніком Гезгалаўскага лясніцтва. Наогул, усё сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў лясной гаспадарцы.
Пазнаёміліся Вячаслаў і Алена на танцах у вёсцы Погіры. Між іншым, тут цяпер і жыве шматдзетная сям’я Юч. А калісьці на Дзятлаўшчыну, у вёску Вусце да бабулі, Алена прыязджала кожнае лета. Калі вырасла, вядома, хадзіла з сяброўкамі на танцы. Вячаслаў пакарыў сэрца дзяўчыны сваёй дабрынёй. Алена Паўлаўна і цяпер, праз 26 гадоў сумеснага жыцця, характарызуе яго як клапатлівага, уважлівага мужа і бацьку.
На пытанне, як узнікла рашэнне ўзяць у сям’ю прыёмных дзяцей, Алена Паўлаўна адказвае, што душа яе падрыхтавалася да гэтага, бо шмат гадоў жанчына адпрацавала ў школе. Стасункі з дзецьмі дапамаглі ўзгадаваць лепшыя чалавечыя якасці. Зразумела, што без згоды мужа пайсці на адказны крок было б немагчыма. Вячаслаў Уладзіміравіч падтрымаў жонку. Больш таго, на працягу часу, колькі прыёмныя дзеці жывуць у сям’і, ён праяўляе ў адносінах да іх самыя лепшыя бацькоўскія якасці і з’яўляецца вялікай падтрымкай і апорай Алене Паўлаўне.
Прашу матулю расказаць пра кожнага з дзяцей.
— Старэйшы ў нас — Максім, — пачынае пералічваць Алена Паўлаўна, — яму 24 гады, ён — прыватны прадпрымальнік, стварае сайты, хаця ў свой час скончыў тэхнікум чыгуначнікаў.
Наступныя ў нас — двойня: Лёша і Паліна. Аляксей цяпер служыць у арміі. Яму там падабаецца, ён наводчык, ездзіць на БМП. Наогул, хлопец ён таленавіты: у Мінску скончыў спачатку мастацкую гімназію, а затым каледж, прыгожа малюе. Дзеля таго, каб развіваць мастацкі талент, не пабаяўся з 10 гадоў жыць у гімназічным інтэрнаце ў сталіцы, ён і цяпер вельмі самастойны.
Паліна — мая першая памочніца, праўда, цяпер жыве ў Мінску, скончыла каледж, вывучылася на дазіроўшчыка лекавых прэпаратаў, працуе на прадпрыемстве «Белмедпрэпарат». На дасягнутым спыняцца не збіраецца: хоча, як бацька, працаваць у лясной гаспадарцы, думае паступаць ва ўніверсітэт на лесагаспадарчы факультэт.
Ягор скончыў 9 класаў, паступіў у каледж у Гродне, збіраецца працаваць на заводзе «Гроднахімвалакно».
Старэйшаму прыёмнаму сыну Андрэю — 15 гадоў. Вельмі ім задаволены. Ён сур’ёзны, памяркоўны, спагадлівы, адгукаецца на просьбы аб дапамозе, любіць займацца гаспадаркай, збіраецца атрымаць прафесію трактарыста-экскаватаршчыка. Я ўпэўнена, што Андрэй здольны на большае, угаворваю яго скончыць 11 класаў, але выбар — за ім.
Максім-малодшы скончыў 8 клас. Ён больш шустры, таму ў школе бываюць праблемы, але дома ён паводзіць сябе добра. Максім часта ездзіць на аздараўленне ў Італію. Нядаўна яго вельмі хваліла «італьянская мама». Казала, што калі захварэла, Максім добра аб ёй клапаціўся, нават сам гатаваў ежу.
Малодшы Мікіта скончыў 5 клас. Ён старанны ў вучобе, найбольш паспяхова засвойвае матэматыку. Мікіта паслухмяны, ён добры памочнік, горнецца да бацькі і стараецца дапамагаць яму ў любых справах.
Вялікая сям’я жыве дружна, любіць збірацца разам, мае добрыя традыцыі. І гэта не толькі каляндарныя святы, але, напрыклад, абед выхаднога дня, калі разам выбіраюць меню, разам гатуюць. Дарэчы, любімая страва — татавы фірменныя аладкі. Чаму самымі смачнымі яны атрымліваюцца менавіта ў Вячаслава Уладзіміравіча, не ведае ніхто, затое кожны іх любіць.
У вольны час разам з татам хлопчыкі майструюць з фанеры машынкі і самалёцікі, займаюцца выпальваннем па дрэве. А матуля вяжа для сям’і шкарпэткі і цёплыя світары, вышывае крыжыкам карціны.
Алена Паўлаўна Юч лічыць, што і шматдзетнай, і прыёмнай маці быць не складана, а каб дзеці выраслі годнымі людзьмі, іх трэба больш любіць і паважаць, прыслухоўвацца да дзіцячага меркавання, прызнаваць свае памылкі і не баяцца прасіць прабачэння. Гарманічнымі могуць быць толькі адносіны пабудаваныя на даверы. Дзяцей не трэба песціць, іх трэба паважаць.
Напрыканцы пытаюся пра запаветную мару Алены Паўлаўны і чую ў адказ:
— Мара ў мяне адна: каб усе мае дзеці былі паспяховыя і надзейныя, каб жыццё ў іх склалася, каб яны знайшлі сваё шчасце ў прафесіі і сям’і.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара
Сёлета ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны ўкаранёна новая форма аказання дапамогі і падтрымкі навучэнцам – “Пошта…
У Год беларускай жанчыны асабліва прыемна адзначаць поспехі тых, хто сваім талентам, адданасцю і шчырай…
На Дзятлаўшчыне прайшоў семінар-нарада па ўмовах і ахове працы, накіраваны на прафілактыку вытворчага траўматызму, для…
10 чэрвеня пляцоўка каля Дварэцкага дома культуры ператварылася ў сапраўдны кірмаш талентаў, спартыўнага запалу і…
10 чэрвеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла. Ён…
Сёння на стадыёне “Колас” сабраліся самыя актыўныя, спартыўныя выхаванцы аздараўленчых летнікаў на раённую спартландыю “Звонкія…
View Comments
Знаю Елену Павловну не первый год. Она очень скромная, добрая и приятная женщина.