Анастасія Капцеўская: “Жыву з верай у сэрцы і з працаю ў руках”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пажылыя людзі, быццам добрыя кнігі, – кожная са сваёй павучальнай жыццёвай гісторыяй і добрым наказам нашчадкам.

Сустрэчы з такімі людзьмі – каштоўны вопыт для малодшага пакалення. У адзін з дзён ліпеня разам з работніцамі сектара пазастацыянарнай работы Дзятлаўскага цэнтра культуры, раённым саветам ветэранаў і аб’яднаннем “Нам гады не бяда” мне пашчасціла завітаць на гасцінны падворак жыхаркі горада Дзятлава Анастасіі Капцеўскай, якая сёлета адзначыла свой васьмідзясяты дзень нараджэння.

Анастасія Аляксандраўна з радасцю сустрэла гасцей, падзякавала за віншаванні і нават паспявала ад душы з артыстамі раённага Цэнтра культуры. Нездарма ж столькі гадоў жанчына ўдзельнічае ў народным хоры “Ветэраны ў страі”! У юбілейны дзень дом гаспадыні быў поўны роднымі людзьмі, якія прыехалі ў госці і прывезлі з сабой свята.

У чарадзе заўсёдных клопатаў Анастасіі Капцеўскай пра агарод, багаты кветнік і дом гаспадыня знайшла хвілінку, каб разам з намі ўзгадаць мінулае. Селі няспешна на прызбе, разгарнулі сямейны альбом, і паліліся ўспаміны.

Недзіцячае слова “вайна”

На самым беразе Нёмана, на мяжы Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў і сёння ёсць вёсачка Бандары. Некалі ў ёй было шэсцьдзясят дамоў, ды і жыхароў нямала. У адзін з ліпеньскіх дзён тут нарадзілася Анастасія Капцеўская. Дзяўчынка не паспела сустрэць і першы год жыцця, як пачалася вайна. Дом, дзе жыла са сваімі бацькамі дзяўчынка, стаяў на ўскрайку вёскі, побач з лесам. Калі на Дзятлаўшчыне пачаў наладжвацца партызанскі рух, яго ўдзельнікі былі частымі гасцямі ў вясковай хаце. Гаспадары, чым маглі, дапамагалі.

Трагедыя прыйшла нечакана. Набліжаліся каталіцкія Каляды, у сям’і Анастасіі спраўлялі куццю. Да сціплага сялянскага застолля далучыліся чацвёра партызан. Павячэраўшы, падзякавалі гаспадарам і сышлі, аднак фашысты ўжо чакалі іх у засадзе. Дваіх партызан расстралялі адразу тут жа, на агародзе каля хаты. Праз два тыдні зноў прыйшлі з вобыскам у хату да гаспадароў. – З таго страшнага сорак трэцяга года я помню ўсё, – кажа Анастасія Капцеўская. – Як поўзала на каленях за фашыстамі, плакала, маліла не забіраць тату ад нас. Татачку ўсё адно забралі. Праз некаторы час мы даведаліся, што яго расстралялі. Мне было тры з паловай гады, а сястры толькі паўгода.

Жанчыне пакінулі жыццё, але да канца вайны яно было неспакойным. Дома сям’я амаль не жыла. Хаваліся з дачушкамі ад бамбёжкі і абстрэлаў у хляве, начавалі каля каровы, каб сагрэцца.

Аднойчы маленькая Тася, якая была палахлівай з-за ваенныз падзеяў, узлезла на гарышча, каб схавацца, і незнарок вывалілася праз акенца ў даху. Бабуля, якая гэтым часам ішла да іх, пачала лямантаваць, думаючы, што дзіця забілася. А дзяўчынка паднялася, быццам нічога не здарылася, і стала супакойваць “Бабуля, мне нічога не баліць”.

– Цяпер, калі ўсёй сям’ёй прыязджаем на радзіму, паказваю ўнукам гэта акенца, адкуль я падала, і кажу, што анёл-ахоўнік падставіў мне сваё крыло, – узгадвае Анастасія Капцеўская.

Заўжды – толькі наперад

Закончылася вайна, і ў 1945 годзе ў Бандарах адкрылі пачатковую школу. Анастасія Капцеўская атрымала пачатковую адукацыю ў роднай вёсцы і разам з аднавяскоўцамі паступіла ў сямігодку ў суседні Сялец. У дзявяты клас яна пайшла за шэсць кіламетраў у Беліцу адзіная з усяе вёскі. Старшакласніцай яна была актывісткай ва ўсім – спявала, танцавала, паспяхова ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах.

Жыццё Анастасіі Капцеўскай поўнае дзіўных неадпаведнасцяў. Чалавек вялікага розуму, яна не адін раз спрабавала атрымаць вышэйшую адукацыю, але не ўдалося. Спачатку, за кампанію з сяброўкай, забрала дакументы з Інстытута электрыфікацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі, не дачакаўшыся вынікаў конкурсу (які магла прайсці). Затым па накіраванні мясцовага маслазавода, дзе працавала майстрам, паступала ў Ленінградскі інстытут мяса-малочнай прамысловасці, адзіны профільны ва ўсім Савецкім Саюзе, ды не прайшла па конкурсе.

На сваім першым месцы працы жанчына пазнаёмілася з мужам, які чатыры гады дабіваўся рукі і сэрца Анастасіі Аляксандраўны. Муж Анастасіі Капцеўскай быў добры гаспадар, сваімі рукамі пабудаваў дом, наладзіў гаспадарку. Анастасія Капцеўская змяніла працу на маслазаводзе на больш спакойную: пайшла працаваць бухгалтарам у беларускую школу ў Дзятлаве.

Праз год пасля нараджэння сына Анастасія Аляксандраўна падала дакументы на завочнае аддзяленне інстытута, вытрымала ўсе іспыты… і не дабрала дзве дзясятыя бала, каб прайсці. Тады вырашыла больш не выпрабоўваць лёс, і атрымала эканамічную адукацыю ў Маладзечанскім тэхнікуме.

Анастасія Капцеўская стала першым эканамістам у раённым аддзеле адукацыі. Добрую працу жанчыну заўважылі і прапанавалі ёй пасаду старшага эканаміста па кадрах у райаддзеле, дзе яна сумленна працавала дваццаць два гады. Яна мае нямала важкіх працоўных узнагарод, у тым ліку, грамату Міністэрства асветы Савецкага Саюза.

Асалода для душы

Анастасія Капцеўская, якая ўсё жыццё паспяхова працавала з лічбамі, – надзвычай творчы чалавек. Мы мелі магчымасць падзівіцца на ўсю тую прыгажосць, якую стварыла вакол сябе неабыякавая да хараства і да людзей вялікая разумніца і няўтомная працаўніца. У яе агародчыку і на падворку багацце, не менш разнастайнае, чым у батанічным садзе.

Летам амаль увесь вольны час жанчына прысвячае клопатам пра свой прысядзібны ўчастак. Анастасія Аляксандраўна – заўсёдны ўдзельнік раённых выставаў і конкурсаў кветкаводаў. Унукі, якія кожнае лета прыязджалі да бабулі Тасі, вельмі любілі дапамагаць ёй з кветкамі і хатнімі справамі. Ужо цяпер, дарослыя, яны з радасцю прыязджаюць на Дзятлаўшчыну пры любой магчымасці. Зімой, калі клопатаў у агародзе няма, Анастасія Капцеўская займаецца рукадзеллем. У яе доме, быццам у музеі, вышываныя карціны, падушкі, кашулі — усё праца рук умеліцы.

Адным з найвялікшых захапленняў усяго жыцця для Анастасіі Аляксандраўны стала песня. Сёлета, акрамя асабістага, яна адзначае 20-гадовы юбілей удзелу ў раённым хоры “Ветэраны ў страі”.

Жыццё 80-гадовай юбіляркі Анастасіі Капцеўскай – няпростае, але шчаслівае. Жанчына расказала, што дапамагае ёй і сёння заставацца бадзёрай, жыццярадаснай, гасціннай і добрай да людзей: – Усё жыццё жыла з верай у Бога, штодня старалася рабіць ранішнюю гімнастыку, а яшчэ – шмат працавала, – кажа жанчына. Як адзначае Анастасія Аляксандраўна, ёй нават на заслужаным адпачынку не хапае часу хадзіць па гасцях. Але жанчына з задавальненнем прымае гасцей сама, і іх заўжды шмат. Ніхто не пакідае яе ўтульны дом без кветкі ў падарунак.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup