Першыя звесткі пра яго стасуюцца з 1908 годам, калі мясцовы памешчык Ян Фларыян Стравінскі заснаваў у вёсцы Парэчча Пацаўскай воласці Слонімскага ўезда Гродзенскай губерні бровар для вытворчасці спірту. У Парэччы мясціўся і памешчыцкі маёнтак з паркам.
У час перапісу насельніцтва 1897 года ў Парэччы налічылі 27 двароў і 168 жыхароў. Да 1905 года колькасць насельнікаў вёскі яшчэ павялічылася і склала 189 жыхароў. Вяскоўцы працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, затым меншая частка іх нанялася на бровар, дзе выраблялі спірт і гарэлку. Вінакурэнне на той час было даволі распаўсюджанай вытворчасцю ў Наднямонні. Да прыкладу, у суседнім маёнтку Жукоўшчына працавала вінакурня, потым завод памешчыка Эдманда Корсака.
У 1920 – 1939 гадах Парэчча з’яўлялася фальваркам, уваходзіла ў сельскую гміну Пацаўшчызна Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў складзе Польшы.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Парэцкі завод быў нацыяналізаваны і спынены. У канцы чэрвеня 1941 года Дзятлаўшчыну акупавала нямецкае войска. На Парэцкім заводзе з’явіўся новы гаспадар – з вёскі Накрышкі ў будынак завода на сталае жыхарства пераехаў Фёдар Мікалаевіч Спорскі. Пра яго вядома, што ён быў добра адукаваны чалавек. Бацька Спорскага некалі быў на службе ва ўладальніка маёнтка Яна Стравінскага. Спорскі разам з жонкаю – фельчарам-гінеколагам і дзецьмі пасяліўся на другім паверсе завода. У ліпені 1944 года сям’я Спорскага ад’ехала ў Польшчу.
З канца ліпеня 1944-га пачалося аднаўленне Парэцкага спіртзавода. Паводле архіўных звестак, з 28 жніўня 1944 года ён атрымаў назву “Парэцкі спіртзавод Баранавіцкага дзяржаўнага трэста спіртавой прамысловасці”. Загадам №1 па Парэцкім спіртзаводзе ад 28 жніўня 1944 года на падставе загада №49 ад 26 жніўня 1944 года па Баранавіцкім спірттрэсце было вырашана “ўзнавіць дзейнасць разбуранага нямецка-фашысцкімі захопнікамі Парэцкага спіртзавода”. Параграф №2 загада №1 засведчыў, што “з сённяшняй даты ўступіў у выкананне абавязкаў дырэктара Парэцкага завода” Павел Кузьміч Камчатны.
Пра Камчатнага вядома наступнае: нарадзіўся ў 1914 годзе, працоўную дзейнасць пачаў з 1932-га, закончыў Адэскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум спірта-гарэлачнай прамысловасці ў 1938 годзе, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны трыма баявымі медалямі, член КПСС з 1948 года.
Загадам па заводзе ад 24 верасня 1944 года тэхнаруком прадпрыемства быў прызначаны Якаў Міхайлавіч Мароз, загадчыкам гаспадаркі – Пракофій Паўлавіч Сцяпура.
Новая адміністрацыя адразу ўстанавіла на заводзе вельмі строгую дысцыпліну, якая адпавядала законам ваеннага часу. Напрыклад, нарыхтоўшчыка бульбы і адказнага за яе захаванне Апанасчыка за парушэнне рэжыму буртоўкі і захавання клубняў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Яшчэ прыклад: за гады вайны маёмасць завода была часткова разабрана мясцовымі жыхарамі і загад ад 24 кастрычніка 1944 года катэгарычна запатрабаваў вярнуць яе ў двухдзённы тэрмін. 7 лістапада 1944 года загад № 16 абвясціў аб узнаўленні работы завода па вытворчасці спірту-сырцу.
Рэжым работы прадпрыемства быў устаноўлены наступны: пачатак работы ў 8 гадзін, абедзенны перапынак – з 12 да 13, заканчэнне работы ў 17 гадзін. Дарэчы, рэжым работы суправаджалі заводскія гудкі: першы ў 7.30, другі (двайны) – у 8.00, перапынак на абед абвяшчаў адзінарны гудок у 12.00, двайны гудок у 13.00 паведамляў пра завяршэнне абедзеннага перапынку і працяг працоўнага дня, апошні адзінарны гудок гучаў у 17.00. Між іншым, дырэктар завода першы раз афіцыйна быў адпушчаны ў водпуск – на 15 дзён – толькі 20 жніўня 1952 года.
Прадпрыемства працавала. Паступова павялічвалася колькасць заводскіх рабочых. Пачыналася будаўніцтва новых аб’ектаў. У будаўніцтве выкарыстоўвалі і цэглу з разбуранага завода ў Жукоўшчыне. Кацельня працавала на торфе, яго нарыхтоўвала асобная брыгада. Потым торф замянялі вугалем, мазутам, газам.
Рабочымі і кіраўнікамі завода сталі былыя франтавікі і партызаны. Так, 25 сакавіка 1947 года на працу ў якасці начальніка транспарту з выкананнем абавязкаў загадчыка падсобнай гаспадаркі быў прыняты былы камандзір партызанскага атрада імя Калініна Мікалай Рыгоравіч Вахонін. Пазней ён працаваў на розных пасадах, нават аграномам.
Была створана камсамольская арганізацыя, якую ўзначаліў загадчык лабараторыі і выконваючы абавязкі тэхнарука (з 9 студзеня 1952 года) Леанід Васільевіч Іваноў.
Пасляваенная кадравая палітыка была, так бы мовіць, дынамічная. Прыкладам таму і кадравыя перастаноўкі на Парэцкім заводзе. Дырэктар П. Камчатны пасля заканчэння трохмесячных курсаў пры ЦК КП(б) Беларусі па павышэнні кваліфікацыі дырэктараў спіртзаводаў у чэрвені 1952 года праз год – 12 верасня 1953 года загадам № 174 начальніка галоўнага Упраўлення спіртавой прамысловасці Міністэрства лёгкай і харчовай прамысловасці БССР быў вызвалены ад абавязкаў дырэктара Парэцкага спіртзавода Баранавіцкага спіртатрэста і прызначаны дырэктарам Дземехаўскага спіртзавода Гомельскага спіртатрэста “з акладам зарплаты, паводле штатнага раскладу”. У Парэччы яго замяніў Аляксандр Ільіч Самошкін “з акладам зарплаты паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 23 лістапада 1931 года”. Загад падпісаў начальнік Белгалоўспірту МЛ і ХП БССР Н. Баранаў. Загад ад 16 верасня 1953 года прадубліраваў начальнік упраўлення Баранавіцкага спіртатрэста. А. Самошкін кіраваў у Парэччы толькі два гады. 15 студзеня 1955 года яго звольнілі – за несумленнае выкананне службовых абавязкаў і выкарыстанне пасады ў асабістых мэтах.
З 20 студзеня 1955 года дырэктарам завода прызначылі Івана Іванавіча Іванова, тэхнаруком – Вольгу Платонаўну Бялко. І. Іваноў кіраваў прадпрыемствам да 16 лістапада 1959 года. Ён разбіўся, едучы на матацыкле, на дарозе з Наваельні ў Дзятлава. У ветэранаў завода засталіся пра яго ўдзячныя ўспаміны. Выконваць абавязкі дырэктара прызначылі Л. Бугаёва, які працаваў тэхнаруком пры І. Іванове. Абавязкі ён выконваў да канца лютага 1960 года. 24 лютага 1960 года да выканання абавязкаў дырэктара прыступіў Сяргей Дзмітрыевіч Кузняцоў. Кіраваў ён таксама нядоўга – два гады.
Пасля гэтага на заводзе наступіла, можна сказаць, эра Яцкевіча – кіраваў заводам ён амаль 37 гадоў. Леанід Кліменцьевіч нарадзіўся 15 сакавіка 1935 года ў пасёлку Мір Карэліцкага раёна. Вучыўся на аддзяленні спіртавой вытворчасці Мінскага тэхнікума харчовай прамысловасці, атрымаў спецыяльнасць “тэхнік-тэхнолаг спіртавой вытворчасці”. З верасня 1956-га па кастрычнік 1958 года служыў у Савецкай Арміі ў Ленінградзе. Пасля дэмабілізацыі год працаваў вучнем рэктыфікацыйнага цэха Мірскага спіртзавода. З 1 студзеня па май 1959 года – рэктыфікатарам Парэцкага спіртзавода, затым быў прызначаны тэхнолагам. А з 20 жніўня 1962 года стаў і дырэктарам Парэцкага спіртзавода. У 1974 годзе Л. Яцкевіч закончыў Дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава па спецыяльнасці “эканаміст”.
Пры Л. Яцкевічу, акрамя ўласна спірту, завод пачаў выпускаць і гарэлку. Пашырэнне асартыменту прадукцыі спрыяла мацаванню фінансавага становішча прадпрыемства, больш актыўнаму развіццю яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. Рэканструкцыя з тэхналагічным абнаўленнем вытворчых працэсаў пашырыла для завода рынак збыту прадукцыі Поруч з Л. Яцкевічам вынікова працавалі Аляксей Аляксандравіч Шахно, Часлава Сцяпанаўна Барыш, Валянціна Іванаўна Іванова. Пасля амаль 37 гадоў кіраўніцтва Л. Яцкевіч выйшаў на пенсію па заканчэнні кантракта 6 ліпеня 1999 года. Памёр праз год – у снежні 2000 года.
У 1985 годзе на пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства быў прызначаны Валянцін Фёдаравіч Доўгач. У 1990 годзе ён стаў начальнікам вытворчасці, а з 1999 года – дырэктарам.
В. Доўгач родам з Пацаўшчыны. Пасля тэрміновай службы ў Савецкай Арміі працаваў майстрам Дзятлаўскага лясгаса, затым пяць гадоў – галоўным інжынерам Парэцкага спіртзавода, потым – начальнікам вытворчасці. У 1995 годзе закончыў Маскоўскі дзяржаўны завочны інстытут харчовай прамысловасці.
Завод у час дырэктарства В. Доўгача прадоўжыў тэхнічнае абнаўленне. У 2009 годзе, да прыкладу, у пераабсталяванне вытворчасці былі інвеставаны 173 мільёны рублёў, асвоены выпуск двух новых відаў гарэлкі – “Парэцкая застольная” і “Парэцкая элітная”. Прадпрыемства ўдзельнічала ў выставе–кірмашы Паўночна-Заходняй акругі Масквы і Гродзенскай вобласці, выстаўлялася ў Літве, на 11-й міжгаліновай выставе-кірмашы “Еўрарэгіён “Нёман-2009”. На Міжнародным конкурсе алкагольных напіткаў 1999 года ў Сочы прадукцыя Парэцкага спіртзавода ацэнена залатым медалём. Потым завод паспяхова ўдзельнічаў у Маскоўскім міжнародным конкурсе спіртоў: у 2012 годзе атрымаў сярэбраны медаль, у 2013 годзе – залаты.
Завяршаючы свой аповед пра Парэцкі спіртзавод, хачу падзякаваць В. Доўгачу і работнікам адміністрацыі за архіўныя звесткі і фотаілюстрацыі. Успамінамі пра завод, яго працаўнікоў падзяліліся са мной Пётр Іванавіч Мілевіч, Алена Іванаўна Пачабыт, Іосіф Сцяпанавіч Пачабыт, Аляксей Аляксандравіч Шахно, сын Л. Яцкевіча – Сяргей, сын І. Іванова – Валерый, Ніна Аляксееўна Паўлоўская. Шмат цікавай інфармацыі паведаміў былы сакратар партыйнага камітэта саўгаса “Парэчча” Міхаіл Міхайлавіч Ківуля.
У маі 2015 года Парэцкі спіртзавод рэарганізаваны ў вытворчы ўчастак і ўключаны ў склад АСП (адасобленае структурнае падраздзяленне) “Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод”. Начальнікам участка прызначаны В. Доўгач.
М. ЛУК’ЯНЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея
Фота архіўныя і Б. ВАРНЫ