У аграпрамысловым комплексе Дзятлаўшчыны шмат людзей, якія ў розныя гады сваёй працай праславілі родны край.
Галіна па праву ганарыцца пераможцамі сацыялістычных спаборніцтваў, кавалерамі ордэнаў, медалёў, заслужанымі работнікамі сельскай гаспадаркі, ветэранамі. Сярод тых, хто пакінуў яркую старонку ў летапісе дасягненняў раёна, значыцца імя жыхара аграгарадка Жукоўшчына – дбайнага работніка былога калгаса “1-е Мая”, кавалера двух ордэнаў Працоўнай Славы Іосіфа Візгіра.
У свой час калгас “1-е Мая” быў добра вядомым у раёне і за яго межамі. Славу яму прыносілі старанныя рукі мясцовых работнікаў, іх паспяховыя справы ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве.
Больш за трыццаць шэсць гадоў прысвяціў роднай зямлі Іосіф Іосіфавіч Візгір. Яго ўмелыя рукі ведаюць, што значыць вырасціць хлеб і сабраць ураджай. І сапраўды, за мінулыя дзесяцігоддзі ў яго біяграфіі было ўсё: праца на трактарах і камбайнах, раннія пад’емы і начныя змены, рамонт тэхнікі ў полі і асабістыя рэкорды.
Сціплы, дысцыплінаваны і адказны – так характарызуюць Іосіфа Іосіфавіча людзі, з якімі ў свой час яму даводзілася працаваць.
Каб даведацца, як склаўся лёс ардэнаносца, чым ён заняты цяпер, я накіравалася ў аграгарадок.
– Дзяцінства маё прыпала на нялёгкі пасляваенны час, –успамінае Іосіф Іосіфавіч, – бацькі спачатку жылі на хутары непадалёку ад вёскі Погіры, пазней, калі была пабудавана новая хата, мы ўсёй сям’ёй пераехалі ў Жукоўшчыну.
З самага дзяцінства нас прывучалі да працы. У тыя часы многае прыходзілася рабіць уручную, але, нягледзячы на гэта, мы любілі і паважалі сельскую справу, таму што ад бацькоў цвёрда засвоілі адзіную ісціну: праца корміць чалавека, а лянота псуе.
Жыццё ў сельскай мясцовасці – справа цяжкая, але складанасці мяне не палохалі, таму і вырашыў застацца ў родных мясцінах.
За доўгія гады Іосіфу Іосіфавічу давялося папрацаваць на розных сельгасмашынах, і стаўленне да тэхнікі ў механізатара заўсёды было асаблівым.
– Сельскагаспадарчую тэхніку я вельмі люблю, і любоў гэтая нарадзілася ў юнацтве. Будучы яшчэ малым, памятаю, як упершыню ўбачыў трактар: ён спрытна “ішоў” па палетках, пакідаючы за сабой роўна “намаляваныя” радкі. У той час мне здавалася, што гэта нешта недасягальнае. Кожны дзень я прыбягаў, каб здалёк паназіраць за працай трактарыста. Як я ў той момант заздройсціў гэтаму “кіроўцу”, вельмі хацелася мне аказацца побач з ім у кабіне. Доўга так я прастаяць мог, усё ўяўляў сабе, як аднойчы, калі надыдзе час, я таксама буду кіраваць гэтай магутнай тэхнікай.
Адразу пасля заканчэння школы Іосіф Іосіфавіч пачаў працаваць у мясцовай гаспадарцы. Спачатку дапытлівага і стараннага юнака пасадзілі на трактар ДТ-54, на якім ён стаў набірацца вопыту. Даводзілася вучыцца і працаваць адначасова: і араў, і баранаваў –спасцігаў механізатарскую навуку. За любую давераную справу браўся з уласцівым яму стараннем. Калі штосьці не атрымлівалася, па дапамогу звяртаўся да вопытных трактарыстаў. Пазней пайшоў вучыцца на курсы механізатараў. Там глыбей асвоіў прафесію, якую лічыў адной з самых ганаровых, атрымаў доўгачаканыя правы трактарыста трэцяга класа. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны калгас. Кіраўніцтва гаспадаркі было задаволена працай маладога работніка, а таму ў хуткім часе Іосіфу Візгіру даверылі новую тэхніку, загадзя ведаючы, што хлопец не падвядзе. З самай ранняй вясны да позняй восені ён – на трактары, летам, учас уборкі збожжавых, – на камбайне.
– Я ніколі нават і не задумваўся аб тым, каб выбраць іншую спецыяльнасць, ды і ў гады маёй маладосці ў правільнасці абранага выбару сумнявацца не прыходзілася. У савецкія часы прафесія трактарыста-машыніста ў развіцці калгаса была вызначальнай. Акунуўшыся ў гэтую прафесію з галавой, нам здавалася, што мы спазнаём нешта вечнае, а разам з гэтым атрымліваем цвёрдую ўпэўненасць ва ўласнай будучыні.
Я і сёння ўпэўнены ў неабходнасці сваёй прафесіі. Час змяняецца, змяняюцца палітычныя і сацыяльныя погляды, аднак на сталах у людзей заўсёды будуць запатрабаваны і хлеб, і малако, а таму і прафесія гаспадара на зямлі будзе жыць вечна.
За адказнае стаўленне да працы, высокія вытворчыя паказчыкі, асабістыя дасягненні ў галіне раслінаводства ў 1986-м і 1988-м гадах указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Іосіф Візгір быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы 2-й і 3-й ступеняў.
У нашай з ім гутарцы Іосіф Іосіфавіч адзначае, што атрымліваць такія высокія ўзнагароды – справа, зразумела, вельмі прыемная. Радасна, калі праца небыла дарэмнай, калі яе заўважылі і адзначылі. Аднак выбіраючы гэты нялёгкі шлях, ні аб якіх узнагародах ён ніколі не марыў, ніякіх ушанаванняў не чакаў.
– Мы ніколі не рваліся да славы, не ганяліся за рэкордамі, проста рабілі сумленна, а не за пахвалу, усе: ад кіраўніка да рабочых. Мы не імкнуліся дасягнуць недасягальнага, не хваталі зорак з неба, проста годна працавалі на зямлі – так, каб сорамна не было. За крапатлівай працай і штодзённай занятасцю мы ніколі не ведалі, што такое дыпрэсіі і адчай, з якімі сёння сутыкаецца моладзь, абыходзілі бокам ленасць і абыякавасць, не імкнуліся вандроўнічаць па свеце ў пагоні за “лёгкім жыццём”.
Памятаю, калі даводзілася па справах адправіцца ў вялікі горад, вярнуўшыся, надыхацца не мог вольным паветрам, водарам родных мясцін, нарадавацца не мог размеркаванасці вясковага жыцця.
Зразумела, што ў сельскай гаспадарцы не бывае лёгкага хлеба, аднак, чым цяжэйшы шлях, тым больш запамінальная, напэўна, і радасць кожнага, нават самга невялікага, дасягнення.
Пра сям’ю Іосіфа і Ніны Візгіроў гавораць, што яна адна з самых зладжаных – прыклад трапяткіх стасункаў і простага сямейнага шчасця. Тут павага адзін да аднаго, разуменне і цярпенне, стараннасць у працы з’яўляюцца абавязковымі ўмовамі штодзённага быцця. Жыхары вёскі адзначаюць, што ў гэтых людзей ёсць чаму павучыцца сучасным маладым сем’ям.
– Разам з Нінай Канстанцінаўнай мы ужо больш за 50 гадоў. Летась адзначылі “залатое” вяселле. Ведалі адзін аднаго яшчэ са школы, разам вучыліся, сябравалі. Пажаніліся, калі нам было па 25 гадоў, нарадзілі і выгадавалі дзве дачкі, як маглі, дапамаглі ў выхаванні ўнукаў – іх у нас шасцёра, цяпер радуемся, гледзячы, як падрастае праўнучка.
Ніна Канстанцінаўна, як ніхто, ведае складанасці механізатарскага занятку. Адзін час яна і сама побач з мужам працавала на камбайне, была яго памочніцай.
– Сумесны клопат збліжае членаў сям’і. Ад гэтага залежыць і дабрабыт, – дзеліцца Іосіф Іосіфавіч. – І хай не ва ўсіх усё атрымліваецца адразу, але цярпенне і праца ўсё перамелюць. Сям’я становіцца моцнай не толькі сямейнымі традыцыямі, але і павагай адзін да аднаго.
Цяпер былы механізатар на заслужаным адпачынку.
Нядаўна Іосіф Іосіфавіч адзначыў свой 76-ы дзень нараджэння. Аднак у свае ўжо немаладыя гады дбайны гаспадар не сядзіць склаўшы рукі. Без працы, кажа, яму сумна. Ужо ў пажылым узросце набыў сельскагаспадарчы культыватар. Пакуль дазваляе здароўе, гатовы працаваць на карысць людзям, па неабходнасці дапамагае ў сезонных работах вяскоўцам, роднай сельскай гаспадарцы, актыўна займаецца работамі на ўласным прысядзібным участку, своечасовай увагі дбайнага гаспадара патрабуюць і хатнія жывёлы.
У планах актыўнага работніка на заслужаным адпачынку – не здраджваць аднойчы абранай справе і па-ранейшаму з жаданнем усяцэла аддаваць сябе гаспадарскім клопатам аб зямлі.
Працоўны шлях Іосіфа Візгіра атрымаўся цікавым, насычаным, напоўненым радасцямі і клопатамі. За пералічанымі падзеямі, датамі і лічбамі, вядома ж, таіцца вялікая душа чалавека. Успамінаючы мінулыя гады, з цеплынёй і павагай гаворыць Іосіф Іосіфавіч пра сваіх былых калегаў і гаспадарку, у якую ўклаў шмат сіл, а самае галоўнае – душу, таму што любіў свой занятак і сумленна працаваў на калгасных палетках.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ