У добры шлях, доктар!

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Жыхарка горада Дзятлава Ганна Аўдзеенка сёлета скончыла лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Там яна вучылася па мэтавым накіраванні ад Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Вярнуўшыяся на малую радзіму, наша зямлячка пачала сваю працоўную дзейнасць на адказным участку: яна з’яўляецца загадчыцай і доктарам агульнай практыкі Раготнаўскай амбулаторыі. Пацыенты з павагай называюць яе не інакш, як Ганна Сяргееўна.

Цікава было даведацца, чаму Ганна Аўдзеенка выбрала медыцынскую спецыяльнасць і як праходзяць будні маладога доктара.

Некаторыя людзі мараць пра будучую прафесію з дзяцінства, у мяне такога не было: я дакладна не ведала, чым менавіта хачу заняцца. Калі абдумвала сваю будучыню, вырашыла, што самая высакародная і запатрабаваная ў наш час прафесія – гэта доктар, так і прыйшла ў медыцыну. Сярод маіх блізкіх медыкаў няма. Не было да каго звяртацца па парады, але мая матуля-настаўніца вельмі хацела, каб у мяне ўсё атрымалася. Я пастаянна адчувала яе падтрымку, за што вельмі ёй удзячна. Шэсць гадоў адвучылася ва ўніверсітэце, на сёмы год – скончыла інтэрнатуру ў Гродне. Інтэрнатура – гэта практычна тая ж работа, але пад строгім наглядам куратараў з атэстацыяй, якая праходзіла тройчы на год.

– Значыць, у Раготна прыехалі з пэўным вопытам?

Так, але ўсё роўна хвалявалася, бо тое, што было ў Гродне, значна адрозніваецца ад таго, чым даводзіцца займацца цяпер. У абласным цэнтры мы праходзілі шмат цыклаў у розных паліклініках, бальніцах, у стацыянарах аддзяленняў. А тут – амбулаторыя, тут я – адзін доктар. Безумоўна, вельмі дарэчы падтрымка старэйшых калег – маіх падначаленых. Яны працуюць у гэтай мясцовасці даўно, добра ведаюць нашых пацыентаў, што ў медыцынскай справе немалаважна. Калегі з Дзятлава таксама, калі неабходна, дапамагаюць, адказваюць на пытанні, накіроўваюць.

Працуем плённа. Раз на тыдзень у Раготна прыязджае лабарант, каб можна было ўзяць аналізы ў пацыентаў у амбулаторыі або выехаць у вёскі, бо насельніцтва на нашым участку пераважна пажылое, многім цяжка дабірацца. Выязныя прыёмы ў практыцы выкарыстоўваем рэгулярна, загадзя ўзгадняем пытанне з транспартам. Што тычыцца дыспансэрнага назірання, то для гэтага збіраем людзей на ФАПах па ўзгадненні з фельчарамі і таксама едзем туды. Цяпер, напрыклад, актыўна праводзім вакцынацыю супраць грыпу.

– Ці шмат у вас пацыентаў?

Наша амбулаторыя каля тысячы чалавек. Гэта вялікая тэрыторыя з аддаленымі вёскамі. Моладзі няшмат, у вёсках пераважаюць людзі пажылога ўзросту.      

– Ці не складана працаваць на перыфірыі?

Я нават адзначыла б шэраг плюсаў такой работы. Людзі ў нас простыя і шчырыя, стараюцца наладзіць добрыя адносіны з доктарам. Яшчэ адна значная для мяне выгода – падвоз бальнічным транспартам на працу і назад, бо жыву з мамай ў Дзятлаве, выдатна, што не даводзіцца думаць, як дабрацца да Раготна.

Калі казаць пра пэўныя нязручнасці, то гэта адсутнасць уласнай лабараторыі. Калі неабходна здаць аналізы, пацыентам даводзіцца чакаць дзень прыезду лабаранта або самім ехаць у Дварэц ці райцэнтр. Тое ж самае адбываецца, калі патрэбна ўльтрагукавая ці іншая дыягностыка, якую мы не праводзім. Усе гэтыя праблемы вырашальныя, і калі хвораму зусім няма чым дабрацца, мы арганізоўваем падвоз.

– Дзе маладому доктару лепш пачынаць працоўную дзейнасць?

Мяркую, сельская мясцовасць не горшы варыянт. Тут ты сам па сабе, адбываецца поўнае пагружэнне ў прафесію. Калі што трэба, усё адшукваеш і даведваешся сам. Паколькі я яшчэ і загадчыца амбулаторыі, даводзіцца асвойваць адміністрацыйную работу: вучуся афармляць справаздачы і даведкі, наладжваю кантакты з вялікай колькасцю людзей, гэта даволі цікава. Надзейны памочнік у працоўных справах – камп’ютар, якім абсталяваны кабінет, ёсць электронная пошта. Дарэчы, з забяспечанасцю тэхнікай у нашай амбулаторыі ўсё нармальна. Нядаўна атрымалі новы кардэограф, ёсць інструменты, неабходныя для доктара агульнай практыкі. Пры неабходнасці можам звярнуцца па дапамогу да вузкіх спецыялістаў у райцэнтр.

– Ці ёсць у вас прафесійныя планы?

Казаць што-небудзь на гэты конт складана. Беручы мэтавае накіраванне, я ведала, што павінна буду адпрацаваць пяць гадоў. Магчыма, пасля гэтага захачу перакваліфікавацца ў вузкага спецыяліста. Адно ведаю дакладна: выбраная прафесія мне падабаецца і развітвацца з медыцынай я не збіраюся.

– Чым займаецеся ў вольны час?

Яго не так і шмат, таму пераважна адпачываю, чытаю кнігі, гляджу кінастужкі, сустракаюся з сябрамі. Сярод планаў – пайсці ў трэнажорную залу, вывучыць якую-небудзь замежную мову, а ў далейшым – стварыць сям’ю. Увогуле, хочацца, каб і працоўнае, і асабістае жыццё склаліся і гарманічна спалучаліся.

– Чаго пажадаеце моладзі Дзятлаўшчыны?

Ніколі не сумаваць, ставіць перад сабой мэты і ўпэўнена да іх ісці. Як бы не складваўся лёс – быць на пазітыве, шукаць сябе, займацца тым, што прыносіць задавальненне. Вядома ж, як медык, заклікаю ўсіх да здаровага ладу жыцця. Людзі часта перакладваюць адказнасць за сваё здароўе на дактароў, не разумеючы, што яны самі – самае адказнае звяно ў гэтым працэсе. Фізічная актыўнасць, адсутнасць шкодных звычак, добры настрой паляпшаюць самаадчуванне і падаўжаюць жыццё. Роля доктара – дапамагаць выпраўляць памылкі няправільных паводзінаў, “змагацца” са спадчыннымі хваробамі або з уплывам дрэннай экалогіі. Безумоўна, мы, медыкі, робім усё магчымае, але хочацца, каб працэс лячэння і прафілактыкі праходзіў пры плённым супрацоўніцтве з пацыентам. Памятайце: усё ў вашых руках.

Ірына СТЫРНІК