17-18 кастрычніка на Дзятлаўшчыне праходзіць рэспубліканскі семінар-практыкум па тэме “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове: панарама вопыту”.

Удзел у ім прымаюць метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю, кіраўнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі.

Першы дзень семінара пачаўся са знаёмства з вопытам работы педагогаў Гезгалаўскага ясляў-сада. Тут гасцей павіталі выхаванцы ўстановы. Намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус расказалі пра Дзятлаўшчыну, галоўныя дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі раёна.

Што неабходна, каб загучала родная мова? Як выявіць эфектыўны педагагічны вопыт, распаўсюдзіць яго і арганізаваць моўнае асяроддзе для стасункаў на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання? Паразважаць над гэтымі пытаннямі і падзяліцца вопытам работы ў гэтым кірунку ўдзельнікаў семінара заклікалі метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Дзівакова і метадыст першай кваліфікацыйнай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала Сільмановіч.

Удзельнікі семінара-практыкума расказалі, што арганізацыі моўнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі спрыяе павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў, асваенне сучасных арганізацыйна-метадычных асноў эфектыўнага выкарыстання беларускай мовы, пашырэнне спектра адукацыйных паслуг на беларускай мове, арганізацыя палімоўнай прасторы. У рамках знаёмства з блогам “Беларуская хатка” і інтэрнэт-супольніцтвам “Аб малой радзіме” пагутарылі аб выкарыстанні магчымасцей анлайн-зносінаў ва ўмовах двухмоўя для арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук расказала калегам з іншых рэгіёнаў аб арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна.

Праграму сустрэчы прадоўжыў піяр-квэст “Перакрыжаванне ідэй”. На праспекце “Прафесійны” выхавальнік Гезгалаўскага ясляў-сада Наталля Кульбей запрасіла прысутных на гульню-віктарыну ў рознаўроставай групе па тэме “Мая любая старонка” (адукацыйныя вобласці “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”). Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Таццяна Мармыш з выкарыстаннем актыўных форм работы з удельнікамі семінара-практыкума расказала, як арганізоўваецца эфектыўнае ўзаемадзеянне з бацькамі па стварэнні неабходнага камунікатыўнага асяроддзя выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя ў сельскай установе дашкольнай адукацыі.

Праспект “Ініцыятыўны” запрасіў прысутных на прэзентацыю выставы гульнявых і дыдактычных дапаможнікаў па навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове. З вопытам работы педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна ўдзельнікаў семінара пазнаёміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гезгалаўскага ясляў-сада Алена Лукіянец.

Наступнай пляцоўкай семінара стаў санаторый “Радон”, дзе гасцей чакала цікавая экскурсія “Аб родным краі скажу сваё слова“.

Ірына СТЫРНІК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации