На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца акцыя “Сям’я для кожнага дзіцяці”, скіраваная на папулярызацыю сямейных формаў уладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У час яе спецыялісты расказваюць гісторыі, якія памянялі да лепшага лёсы маленькіх дзятлаўчан.

“Школьныя гады – гэта час адкрыццяў. Кожны дзень прыносіць новыя задачы і пытанні, на якія хочацца знайсці адказы.

У свае адзінаццаць гадоў навучэнец пятага класа Хвінявіцкай сярэдняй школы Сяргей Патыльчак даказаў, што жыццёвыя цяжкасці не перашкода для вялікіх поспехаў.

Сяргей расце ў апякунскай сям’і, дзе яго галоўным настаўнікам, апорай і лепшым сябрам стаў любімы дзядуля. Менавіта ён вучыць хлопчыка быць сумленным, працалюбівым і ніколі не здавацца перад цяжкасцямі. Разам з імі жыве старэйшая сястра Валерыя, сур’ёзная і мэтанакіраваная дзяўчына. Іх невялікая, але дружная сям’я – прыклад сапраўднай узаемнай падтрымкі.

Як ні дзіўна, Сяргею аднолькава лёгка даюцца як дакладныя, так і гуманітарныя навукі. Удзел у алімпіядах дапамагае праверыць сябе, выкарыстаць тое, што вывучыў, і ўбачыць, як шмат яшчэ можна даведацца, а кожнае дасягненне становіцца важным вынікам старанняў і матывам рухацца далей.

У скарбонцы пяцікласніка ўжо нямала набыткаў: перамогі ў алімпіядах, конкурсах раённага ўзроўню, даследчай дзейнасці.

Асаблівае месца ў яго жыцці займае чытанне. Сяргей лічыць, што кніга можа пазнаёміць з далёкімі краінамі і незвычайнымі героямі, расказаць пра мінулае ці дапамагчы лепш зразумець навакольны свет.

Гісторыя Сяргея Патыльчака – аповед аб тым, як унутранае святло, прага да ведаў і любоў блізкіх людзей дапамагаюць упэўнена ісці наперад. Педагогі вераць, што гэтага кемлівага хлопчыка чакае яшчэ шмат адкрыццяў. Можна не сумнявацца, што з такім багажом ведаў і надзейнай апорай у яго вялікая і яркая будучыня”.

Ангеліна КАРОЛЬ,
педагог Хвінявіцкай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации