Хто выйшаў на “Зорныя старты”

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У рамках святкавання 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці ў Дзятлаўскім раённым Цэнтры культуры адбыўся першы конкурс творчасці “Зорныя старты”.

Удзел у ім прымалі таленавітыя прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна.

Шмат цікавага пра сябе і свае арганізацыі, іх развіццё і дасягненні расказалі ўдзельнікі ў час творчых самапрэзентацый.

Напрыклад, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які ўзначальвае Алена Шайбак, пільна клапоціцца пра наша здароўе і займаецца правядзеннем санітарна-гігіенічных і супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў у Дзятлаўскім раёне.

Сельгаспрадпрыемства ААТ “Граніт-Агра” існуе з 1949 года, развіваецца і квітнее. На сёння яго дырэктарам з’яўляецца Станіслаў Мазур, пад кіраўніцтвам якога працуюць 442 чалавекі.

ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” пачаў выпускаць сваю прадукцыю з 1945 года на невялікай тэрыторыі, размешчанай на ўскраіне горада. Колькасць работнікаў тады складала каля дзесяці чалавек. Цяпер калектыў прадпрыемства – 254 чалавекі. Пад брэндам “Сырная страна” выходзяць розныя гатункі сыроў, масла, іншая прадукцыя. Кіраўніком завода з’яўляецца Вольга Болцік.

Паспяхова на працягу многіх гадоў працуе Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Гэту ўстанову адукацыі ўзначальвае Іна Орсік. Тут арганізуюцца розныя спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі, а летам у маляўнічым куточку Дзятлаўшчыны дзеці могуць адпачыць і паправіць сваё здароўе. Школа клапоціцца аб рацыёне навучэнцаў, вырошчвае сваю агародніну.

Больш за пяцьдзясят гадоў спецыялісты ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” клапоцяцца аб прыродных скарбах раёна, тэрыторыя якіх складае 85 тысяч гектараў. Сёння ў склад Дзятлаўскага лясгаса ўваходзяць дзевяць лясніцтваў, уласны дрэваапрацоўчы цэх. Прадпрыемства арганізоўвае розныя праекты. Дзятлаўскі лясгас наведваюць замежныя госці.

Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Русь-Агра” было арганізавана ў 1948 годзе. Цяпер яго ўзначальвае Сяргей Лупач. Сельгасарганізацыя клапоціцца не толькі аб ураджаях на сваіх палетках, але і аказвае насельніцтву такія паслугі, як пасадка і копка бульбы, абмалот збожжавых культур, апрацоўка прысядзібных участкаў, вываз арганічных угнаенняў.

Установа аховы здароўя “Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца” прапануе сваім пацыентам як бясплатныя, так і платныя медыцынскія паслугі. Цяпер ёсць магчымасць запісацца на прыём і праз электронную рэгістратуру. Штогод паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база, набываецца новае медыцынскае абсталяванне.

Ацэньвала візітоўкі арганізацый-удзельніц раённага конкурсу творчасці “Зорныя старты” прафесійнае журы. У яго склад ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкам Наталля Калодка, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Жадзейка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алег Урбановіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.

Лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы прымуць удзел у гала-канцэрце, які адбудзецца 22 верасня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У час яго пераможцы атрымаюць свае ўзнагароды.

Цікава было наведаць і выставу дасягненняў, якую ладзілі ўдзельнікі конкурсу. Пры яе падрыхтоўцы калектывы таксама праявілі сваю творчасць, таленты і ўменні. Выстава працуе ў фае Цэнтра культуры, наведаць яе могуць усе жадаючыя.

Святлана АБРАМЧУК
Фота Лізаветы ГРЫВАЧЭЎСКАЙ



Теги: