Аздараўленчы летнік “Сузор’е адкрыццяў” Раклевіцкай базавай школы наведвалі 25 навучэнцаў. З першых дзён яго работы былі арганізаваны творчыя сустрэчы з вучнямі другіх школ Дзятлаўскага раёна.
У Раклевіцкім доме культуры прайшлі гульнявыя праграмы, конкурсы, флэшмоб. А спартыўныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў летніку, узмацнілі масткі сяброўства. Такі творчы старт захапіў навучэнцаў, і калектыўныя творчыя справы дазволілі кожны дзень напоўніць яркімі і цікавымі падзеямі.
Асабліва падабаліся экскурсіі ў “радонаўскія” мясціны, дзе нас чакалі возера, пляж, трэнажорная зала і прыгажосць мясцовых краявідаў. Турысцкія паходы ва ўрочышчы “Моўчадзь”, “Чорная завоня”, “Лаза” нікога не пакінулі раўнадушнымі. Рухомыя гульні на свежым паветры, турысцкія эстафеты, шмат другіх творчых спраў спрыялі выдатнаму адпачынку.
А як у летніку без падарожжаў? Нас сустракалі гарады Беларусі са сваімі саборамі, палацамі, музеямі. Асабліва спадабалася дзецям наведванне Цэнтра бяспекі МНС і гарадскога парку адпачынку ў Лідзе.
“Сузор’е адкрыццяў” ярка свяціла сваімі зоркамі. І кожныя зорачкі сімвалізуюць нашыя творчыя справы і дасягненні.
М. Нячай