У горадзе Гродне прайшла спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 гадоў нараджэння.
Актыўны ўдзел у абласных спаборніцтвах прыняла каманда Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
Леанід Герасімчык атрымаў дзве яркія перамогі ў спаборніцтвах па бегу на дыстанцыях 80 і 200 метраў. Сёлета Леанід атрымаў права выступіць у складзе каманды Гродзенскай вобласці на аднайменных рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Паліна Карэнка стала пераможцай у бегу на дыстанцыі 80 метраў з бар’ерамі. Уладзіслаў Аўсянік паказаў лепшы вынік у штурханні ядра – больш за 12 метраў – і падняўся на другую прыступку п’едэстала. Бронзавы медаль у спаборніцтвах па бегу на дыстанцыю 2000 метраў атрымаў Максім Горбач.
Крыху не хапіла запалу Вользе Радомскай, якая ў бегу на дыстанцыю 80 метраў прыйшла да фінішу чацвёртай. Лёгкаатлетка Марыя Галомзік стала пятай у штурханні ядра і кіданні дыска. Пры гэтым у кіданні дыска Марыя здолела пабіць свой асабісты рэкорд. Лізавета Кастусік заняла 5-е месца ў спаборніцтвах па бегу на дыстанцыю 300 метраў з бар’ерамі. Андрэй Сямёнаў у бегу на дыстанцыю 1500 метраў прыйшоў да фінішу шостым. Павел Герус заняў 8-е месца ў бегу на дыстанцыю 300 метраў, выканаўшы трэці дарослы разрад. Дзявятым на гэтай дыстанцыі стаў выхаванец Дзятлаўскай ДЮСШ Павел Смірноў, які таксама змог выканаць трэці дарослы разрад. Нядрэнныя вынікі ў бегу на дыстанцыю 300 метраў паказалі Дар’я Самкоўская і Ганна Некрашэвіч.
У агульнакамандным заліку каманда Дзятлаўскай ДЮСШ размясцілася на 6-м месцы, набраўшы 328 ачкоў. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 17 каманд з вобласці.
Аляксандр ПАЛУНОСІК,
выкладчык па лёгкай атлетыцы Дзятлаўскай ДЮСШ
Фота прадастаўлена Дзятлаўскай ДЮСШ