Як накорміш – так і надоіш

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

11 красавіка на базе малочнатаварнай фермы “Краглі” КСУП “Жукоўшчына” прайшоў раённы семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак Дзятлаўскага раёна па пытаннях жывёлагадоўлі і пачатку пашавага перыяду.

Адкрыў сустрэчу старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік:

– У некаторых гаспадарках раёна выдалася няпростая зімоўка буйной рагатай жывёлы. Цяпер наша задача – у пашавы перыяд нагнаць тое, што было ўпушчана ў стойлавым перыядзе. У раёне пасеяна шмат жыта на выпас – час яго выкарыстаць. Варта своечасова ўнесці ўгнаенні і пад шматгадовыя травы, якія наступнымі будзеце выкарыстоўваць для выпасу жывёлы.

Са станам гатоўнасці гаспадарак да пачатку пашавага перыяду прысутных азнаёміў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па жывёлагадоўлі Васіль Гранкоўскі.

– З 15 красавіка ў нас пачынаецца перыяд пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Адзін з элементаў тэхналогіі, які дазваляе ў ранні тэрмін, калі травы не даюць неабходнай прадукцыйнасці, накарміць статак – магчымасць выгнаць жывёлу на азімыя культуры, у тым ліку на жыта. Жыта – лёгказасваяльная клятчатка, багатая на энергію, якая дае магчымасць стабілізаваць рацыён ва ўмовах недахопу кармоў, раней павялічыць надоі. Некаторыя гаспадаркі раёна ўжо пачалі выпас жывёлы.

Што тычыцца патрабаванняў па гатоўнасці да пашавага перыяду, неабходна, каб на полі таксама прысутнічалі грубыя кармы, мінеральная падкормка, патака для захавання цукра-пратэінавага балансу кармоў, варта паклапаціцца аб спраўнасці ёмістасцяў для падвозу вады, электраагароджы. Па сродках забеспячэння выпасу ў некаторых КСУПаў яшчэ ёсць пытанні, якія неабходна вырашыць у сціслы тэрмін.

Варта спыніцца і на забяспечанасці гаспадарак кармамі. З іх недахопам сутыкнуліся КСУП “Слава працы”, “Хвінявічы”, “Вензавец”. Ім у першую чаргу неабходна паклапаціцца аб выпасе жывёлы.

Галоўны заатэхнік КСУП “Жукоўшчына” Іван Пенчык зазначыў, што іх гаспадарка падрыхтавана да пашавага перыяду. Напрыклад, у Краглях пад выпас ёсць 34 гектары жыта, якое плануюць стравіць за 15-16 дзён. На карову даводзіцца да 12 кілаграмаў зялёнай масы. Пасецца тут высокаўдойны статак – 220 галоваў. Продаж ад гэтай групы кароў складае 5 тон, удой – 25 кілаграмаў малака. Другі гурт таксама хутка далучыцца да выпасу, там удоі складаюць па 14 літраў на карову, продаж – 3,6 тоны. Пры выпасе чакаюцца прыбаўкі малака.

Пытанні аплаты працы жывёлаводаў патлумачыла галоўны эканаміст КСУП “Жукоўшчына” Алена Айрапетава. Яна падкрэсліла, што іх зарплата напрамую залежыць ад надояў, якасці малака, прывагаў буйной рагатай жывёлы, у асемінатараў – ад прыплоду.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Бабіна звярнуў увагу спецыялістаў на якасць зялёных кармоў аб якой трэба клапаціцца, а таксама на ўзнаўленне статку і кантроль за работай тэхнікаў-асемінатараў.

Абмеркавалі пытанні ветырынарыі, захаванасці статку, магчымых ускладненняў пры змене характару кармоў і сродках дапамогі жывёлінам.

Вынікі сустрэчы падвёў старшыня райвыканкама. Ён падкрэсліў, што буйная рагатая жывёла павінна быць у полі ва ўстаноўлены тэрмін, бо спазніўшыся з выпасам – страцім малако.

Ірына КАЎКЕЛЬ