Адзёр (корь) – вельмі заразнае вострае інфекцыйнае віруснае захворванне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Крыніца інфекцыі – хворы чалавек, які заразны на працягу 10 дзён з пачатку захворвання. У апошні час усё часцей сталі хварэць на адзёр дарослыя.
Захворванне пачынаецца востра: з агульнага недамагання, галаўнога болю, зніжэння апетыту, парушэння сну, павышэння тэмпературы цела да 38-40 градусаў. З першых дзён хваробы адзначаецца насмарк, сухі кашаль, пачырваненне вачэй, на другі дзень на слізістай рота з’яўляюцца белыя плямкі з чырвонай паласой. Затым сып распаўсюджваецца па ўсім целе. У дарослых назіраецца інтаксікацыя і пераважаюць сімптомы паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы.
Адзёр небяспечны ўскладненнямі, сярод якіх ларынгіты, запаленні лёгкіх, сярэдняга вуха, галаўнога мозга, сэрца, сутаргі, якія развіваюцца на фоне высокай тэмпературы.
Адзінай эфектыўнай мерай прафілактыкі з’яўляецца імунізацыя. Дзецям яна праводзіцца ва ўзросце 12 месяцаў, рэвакцынацыя – у 6 гадоў. Тыя, хто перахварэў на адзёр, захоўваюць трывалы імунітэт на ўсё жыццё. Дарослым можна бясплатна зрабіць прышчэпку ў Дзятлаўскай паліклініцы (звяртацца да ўчастковых тэрапеўтаў).
Калі вы або ваша дзіця захварэла, неабходна:
тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу;
не наведваць паліклініку самастойна, а дачакацца доктара;
да прыходу доктара як мага менш кантактаваць з людзьмі;
пры кашлі і чыханні прыкрываць рот і нос сурвэткай або насоўкай, часцей мыць рукі з мылам;
выкарыстоўваць сродкі абароны органаў дыхання (маску або марлевую павязку).
Ж. РЭЦЬКО,
доктар-інфекцыяніст Дзятлаўскага райЦГЭ