Эксплуатацыя электраабсталявання любога аб’екта, у тым ліку і прыватнага дома, павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі “Правілаў тэхнічнай эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў” і “Правілаў тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў”.
Адказнасць за тэхнічны стан і бяспечную эксплуатацыю электраўстановак, электрычнай праводкі, электраабсталявання аб’ектаў прыватнай уласнасці ўскладаецца на яе ўладальніка.
Неабходна звяртаць увагу на стан электрычнай арматуры і заўжды падтрымліваць яе ў спраўным стане. Праводка да выключальнікаў і штэпсельных разетак павінна быць зманціравана надзейна.
Пры карыстанні аргтэхнікай, пераноснымі лямпамі або электрычнымі прыборамі неабходна ўважліва сачыць за станам шнуроў, якія злучаюць прыбор са штэпсельнай вілкай. Калі вілка дрэнна трымаецца ў разетцы або награецца з-за дрэннага кантакту, іскрыць, патрэсквае, нельга карыстацца аварыйным прыборам, трэба выклікаць электрыка. Неабходна рэгулярна правяраць месцы выхаду шнуроў і штэпсельнай вілкі, аголеныя месцы шнура або провада акуратна пакрыць двума-трыма слаямі ізаляцыйнай ленты. Не рэкамендуецца ўстанаўліваць штэпсельныя разеткі паблізу батарэй ацяплення, газавых і водаправодных трубаў.
Пры карыстанні любым пераносным электрапрыборам з металічным корпусам або пераноснай лямпай не варта адначасова дакранацца да якіх-небудзь заземленых частак, напрыклад, батарэй ацяплення, розных трубаправодаў – з аднаго боку, і корпуса прыбора – з другога, бо гэта небяспечна для жыцця.
Вячаслаў ПЯТРАШ,
дзяржаўны інспектар па энерганаглядзе
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС