Выстава жывапісу да 520-годдзя горада Дзятлава адкрылася 15 кастрычніка ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску.
Мастакі Іван і Юрый Козелы прадставілі свае работы з краявідамі малой радзімы пад агульнай назвай «Мелодыя роднага краю». Выстава, арганізаваная Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Беларускім саюзам мастакоў, працягнецца да 12 лістапада.
Падтрымаць сваіх землякоў-творцаў прыехала дэлегацыя з Дзятлава ў складзе членаў райвыканкама, работнікаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.
Пад душэўныя гукі цымбалаў збіраліся госці мерапрыемства. Мала хто з іх бываў у нашым невялікім, але прыгожым раёне. Дзякуючы братам Козелам, наведвальнікі выставы змаглі пазнаёміцца з мястэчкамі Дзятлаўшчыны і быццам прайсціся па тых вуліцах, дзе любяць гуляць самі мастакі, калі вяртаюцца на сваю малую радзіму.
Адкрыла мерапрыемства намеснік генеральнага дырэктара Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў Ніна Сучугова. Яна адзначыла, што ў Палацы склалася добрая традыцыя штомесяц арганізоўваць выставы беларускіх мастакоў. Па яе словах, карціны Івана і Юрыя Козелаў вельмі асабістыя, бо аўтары не толькі аддалі значную частку душы на стварэнне сваіх работ, але і падзяліліся сваім унутраным з вялікай колькасцю людзей.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца зрабіў выснову, што выстава братоў Козелаў сведчыць пра іх любоў да малой радзімы, падае прыклад кожнаму, хто нарадзіўся ў маленькім мястэчку, паважаць і цаніць сваю зямлю.
Словы падзякі і шчырыя віншаванні выказаў землякам намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў братам Козелам, каб на іх выставу прыходзіла як мага больш людзей, творчых поспехаў і натхнення на роднай Дзятлаўшчыне. Таксама Ігар Станіслававіч перадаў прывітальныя словы і лепшыя пажаданні ад старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка, ад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” уручыў падарунак.
“Дзятлава. Выпаў снег”, “Дзятлаўская старонка”, “Залатыя палі”, “Цёплы вечар ля Палаца ў Дзятлаве” – гэтыя і шмат іншых твораў былі прадстаўлены на выставе і здзіўлялі сваім каларытам. Іван Козел, старэйшы з братоў, працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, пераважна ў пейзажы.
Іван Козел, старэйшы з братоў, працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, пераважна ў пейзажы. Стрыманасць палітры і праца з вялікімі колеравымі адносінамі складаюць аснову яго творчасці. Юрый Козел піша партрэты, пейзажы, нацюрморты і кампазіцыі. Яго палотны захапляюць натуральнасцю фарбаў і вобразаў, незвычайнай прыбліжанасцю да натуры. Работы мастакоў вызначаюцца цеплынёй адценняў, вытанчанасцю ліній і станоўчай энергетыкай – гэта ўсё фарміруе прыемны настрой.
– Што натхніла вас на стварэнне гэтай выставы? – цікаўлюся ў братоў Козелаў.
– У сувязі з тым, што сёлета Дзятлава адзначыла 520-годдзе, гэта наш раённы цэнтр, і па матэрыялах Дзятлаўшчыны зроблены нашыя працы. Робім замалёўкі, а працягваем пісаць ужо ў Мінску, – расказваюць мастакі і дадаюць, што кожнае лета праводзяць на малой радзіме. У вёсцы Гнаінскія знаходзіцца бацькоўская хата, куды нярэдка наведваюцца браты.
– Па якім прынцыпе выбіраліся работы, якія трапілі на выставу?
– Мы паказваем усё, што звязана з Дзятлаўшчынай, тое, што прысвечана нашай малой радзіме. Сярод палотнаў ёсць партрэт нашай бабулі, яна пражыла 102 гады, з ёю таксама звязаны наш дом. Таксама праз Дзятлава мы паказваем прыгажосць іншых мясцін, такіх жа маленькіх гарадоў. Перадаём гісторыю архітэктуры, знаёмім гледачоў з тым, чаго яны, мабыць, не ведалі і не бачылі.
– Магчыма, вы памятаеце пра якія-небудзь яркія падзеі са свайго дзяцінства, якое прайшло на Дзятлаўшчыне?
– Цікава ўспамінаць раніцу ў вёсцы, калі сцяліліся туманы, прырода захоплівала сваёй прыгажосцю. Напэўна, гэта і развівала ўласнае бачанне колеру, якое потым адбілася на палотнах. Падабалася хадзіць з бабуляй у лес па ягады. Было сапраўдным святам, калі мы выязджалі з вёскі ў горад.
Браты ўпэўнены, што пасля выставы ў яе наведвальнікаў з’явіцца жаданне ўбачыць Дзятлаўшчыну сваімі вачыма і ўпэўніцца ў прыгажосці мясцовых краявідаў. Турыстам яны адразу ж прапануюць пабываць на плошчы 17 Верасня, дзе знаходзіцца касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, затым адправіцца да Палаца Радзівілаў, а недалёка ад яго захапіцца прыгажосцю сабора навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай.
Юлія БАКУНОВІЧ
Ганарымся нашымі землякамі!
Рейтинг комментария:+20
Очень достойное событие для Дятловщины!
Однако не плохо было бы в начале выставки показать на карте Беларуси это местечко и написать краткую историю для ознакомления всем посетителям выставки.
Во всех соцсетях предложить дятловчанам посетить выставку и свпомнить свою малую родину!
Рейтинг комментария:+10