Пяць гадоў разам з «Праменьчыкам»

Падзеі

Усяго пяць гадоў мінула з таго часу, як на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна было створана аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык». Для чалавека пяць гадоў — не ўзрост. А вось «Праменьчык» у нашым раёне за гэты кароткі час паспеў змяніць да лепшага жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Саграваў цяплом сяброўскіх адносінаў, дарыў цікавыя паездкі і сустрэчы, навучыў карысным рамёствам.

З нагоды свята ў Дзятлаўскім раённым доме культуры прайшла ўрачыстая сустрэча, на якую былі запрошаны наведвальнікі аддзялення, іх бацькі, сябры, шэфы, прадстаўнікі выканаўчай улады — усе тыя, хто на працягу гэтых пяці гадоў не заставаўся раўнадушным да жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Адкрыў святочную праграму песняй-роздумам «Пакуль зямля яшчэ круціцца» Алег Бяляк. У гэты час за яго спінай на вялікім экране адзін за адным мяняліся фотаздымкі аб вандроўках наведвальнікаў «Праменьчыка» па святых мясцінах, сустрэчах з айцом Мікалаем Пінчуком і сёстрамі сястрынства ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Варта зазначыць, што слайд-шоу з фотаздымкамі розных падзеяў з жыцця аддзялення суправаджала ўсю праграму сустрэчы.

У якасці вядучай на сцэну выйшла першая загадчыца «Праменьчыка», а цяпер дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Яна павітала прысутных вершам з радкамі: «…няхай у вас абмежаваныя магчымасці, затое бязмежныя мары». Мары ж, як мы ведаем, калі прыкласці пэўныя намаганні, ажыццяўляюцца. Наведвальнікі «Праменьчыка» ўсе пяць гадоў не проста сустракаліся, а старанна працавалі. Вынікам гэтай працы сталі шматлікія выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, адна з якіх у час свята ладзілася ў фае раённага Дома культуры. І гэта не адзінае, чаго дасягнулі. Мары завялі выхаванцаў «Праменьчыка» яшчэ далей — на «Славянскі базар» у Віцебск, дзе ў 2013 годзе яны атрымалі дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў за танец «Выпадковае знаёмства», нетрадыцыйныя тэхнікі і дэкаратыўна-прыкладную творчасць адпаведна. А сёлета ў Віцебску ўжо прадстаўлялі песню «Дом родны» ў выкананні Віталя Крэйдзіча, якая суправаджалася фэшн-паказам мадэляў, зробленых уласнымі рукамі. Дарэчы, абодва гэтыя музычныя нумары былі ўключаны ў праграму юбілейнай сустрэчы і парадавалі гледачоў у чарговы раз.

З пяцігоддзем з дня ўтварэння «Праменьчыка» яго наведвальнікаў і работнікаў цёпла павіншавалі і ўручылі падарункі настаяцель храма Прэабражэння Гасподня ў горадзе Дзятлаве протаіерэй Мікалай Пінчук, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Валянціна Берднікава, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, старшыня раённага савета жанчын Алена Жадзейка, загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абсугоўвання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Жыбко.

Віталь Крэйдзіч, які сёлета стаў пераможцам абласнога конкурсу Беларускага таварыства інвалідаў па зроку па элементарнай рэабілітацыі «Я — самы рэабілітаваны», выканаў на альце для гасцей кампазіцыю Сціві Уандэра «Я хачу пазваніць, каб сказаць, што кахаю цябе». Паколькі добрымі анёламі-ахоўнікамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з’яўляюцца іх матулі, наступная песня Віталя «Мама», а таксама песня Алега Беляка «Бог стварыў жанчыну» была прысвечана ім. У сваю чаргу матулі ўручылі работнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падзячнае пісьмо за работу з іх дзецьмі.

Шчырыя словы падзякі дырэктар ЦСАН Таццяна Нікіпорчык адрасавала людзям, гатовым у любы момант падаць руку дапамогі, — прадстаўнікам раённай улады, пастаянным памочнікам, спонсарам «Праменьчыка»: І. Крахмальчыку, М. Мацюкевічу, Л. Васюкевіч, А. Жадзейка, С. Мазырка, С. Русак, М. Шыкуць, І. Якаўчык, В. Цюшляевай, Я. Лабарэвічу, П. Малькоўскаму, Я. Варгану, М. Шалевічу, Ю. Скрабцу, М. Шэлег і А. Шэлегу, Т. Ясюлевіч, С. Лябецкай, айцу Мікалаю Пінчуку і сёстрам сястрынства ў гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай, работнікам культуры. Ім наведвальнікі «Праменьчыка» прысвяцілі танец «Беларускае дэфіле».

Напрыканцы сустрэчы кожны з наведвальнікаў аддзялення атрымаў падарункі ад спонсара М. Шалевіча. Развіталіся пад жыццесцвярджальную кампазіцыю «Я шчаслівы, як ніхто». Але на гэтым сюрпрызы і падарункі не скончыліся: на працягу дня сябры віншавалі работнікаў і наведвальнікаў аддзялення «Праменьчык», а прыватны прадпрымальнік П. Малькоўскі падарыў ім права бясплатнай паездкі ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр. У паездку мяркуюць адправіцца ў хуткім часе.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *