Працоўны семестр лета-2017

Падзеі

На Дзятлаўшчыне некалькі тыдняў працуюць чатыры сельскагаспадарчыя атрады з удзелам 60 школьнікаў. Летнюю карысную занятасць іх забяспечыў раённы камітэт ГА «БРСМ». Атрады працуюць у камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў «Войневічы», «Хвінявічы», «Русь-Агра», «Слава працы».

Са словаў першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярыны Хілімончык, яшчэ некалькі дзясяткаў жадаючых папрацаваць навучэнцаў будуць працаўладкаваны ў гаспадаркі раёна на час жніва. Яны стануць работнікамі збожжасушыльных комплексаў.

Карэспандэнтка газеты даведалася ў атрадаўцаў, якія займаюцца відавой праполкай у КСУП «Войневічы», ці не шкада ім траціць летнія канікулы на раннія пад’ёмы, работу ў полі, ці хапае часу на адпачынак, як маладыя людзі адносяцца да летняй занятасці?

Кірыл Кучынскі (Казлоўшчынская сярэдняя школа):

— Працую ў гаспадарцы другое лета запар. Тут займаемся відавой праполкай. Гэта не складана, ды і надвор’е сёлета не вельмі спякотнае. Працуем крыху больш за чатыры гадзіны ў дзень з 9 раніцы, таму асабліва не стамляемся. Мне падабаецца, што ёсць магчымасць у час канікулаў зарабіць грошы. Планую патраціць заробак на школьную вопратку. Мяркую, што лепш і здаравей працаваць разам з сябрамі на свежым паветры, чым прасядзець лета за камп’ютарам, а адпачыць можна ў другой палове дня. У наступным годзе, калі атрымаецца, таксама збіраюся ў працоўны атрад.

 

 

 

Вікторыя Шундрык (сярэдняя школа №11 горада Слоніма):

— На Дзятлаўшчыну прыязджаю да бабулі, у Войневічы. Выдатна, што тут ёсць магчымасць уладкавацца ў працоўны атрад, зарабіць грошы. Летась таксама працавала ў мясцовай гаспадарцы. Заробак патраціла на абноўкі. Сёлета планую абнавіць гардэроб, бо стала навучэнкай Лідскага педагагічнага каледжа. Зарабляць самой мне падабаецца, і маме лягчэй. На Дзятлаўшчыне маю шмат сяброў, у тым ліку ў працоўным атрадзе. Пасля работы разам ходзім гуляць, адпачываць на возера. Лічу, што моладзь павінна працаваць: так можна атрымаць новыя навыкі і вопыт, стаць больш самастойным, адчуць, што грошы даюцца нялёгка, і не патрабаваць ад бацькоў звыш меры. Калі дазволіць вучоба, на наступнае лета таксама прыеду ў працоўны атрад.

 

Ягор Юрчык (Казлоўшчынская сярэдняя школа):

— На канікулах сумна, таму другі год запар з’яўляюся ўдзельнікам працоўнага атрада. Тут шмат маіх сяброў, працаваць разам не цяжка, нават весела. Атрыманы вопыт, лічу, будзе дарэчы ў дарослым жыцці. На што патрачу грошы, пакуль не вырашыў. Леташняга заробку хапіла, каб падрыхтавацца да школы, і на марожанае засталося. Летась я расказаў пра свае працоўныя канікулы сябру Раману Радомскаму — сёлета ён працуе разам са мной у атрадзе, ніколькі не шкадуе аб гэтым. Мяркую, гэта сведчыць аб тым, што моладзь не супраць работы. Працаваць трэба абавязкова, каб не вырасці ўтрыманцам і гультаём. Калі сам зарабляеш, пачынаеш разумець складанасці дарослага жыцця.

 

 

Яфім Ламака (Казлоўшчынская сярэдняя школа):

— Летась таксама наведваў працоўны атрад — спадабалася. Тут не цяжка, бо працуем крыху больш за чатыры гадзіны, нават не стамляемся. Раніцай уставаць не складана, таму што ў школу таксама рана прачынаўся і ўжо прывык. Калі сёлета прапанавалі зноў уступіць у працоўны атрад, з задавальненнем згадзіўся. Грошы буду траціць на ўласныя патрэбы. Лічу, што прывучацца да працы трэба з дзяцінства. Я і бацькам даўно па гаспадарцы дапамагаю, таму фізічная праца для мяне не новая. Вядома, кожны выбірае сам: адпачываць летам ці зарабляць грошы. Я вырашыў, што не буду прасіць іх у мамы, зараблю сам, стану больш самастойным.

 

 

 

Ягор Ламака (Казлоўшчынская сярэдняя школа):

— Сёлета ў атрадзе мы працуем разам з братам, але ён мяне не агітаваў — я сам пра ўсё даведаўся і прыняў рашэнне. Гэта мой першы працоўны вопыт. Грошы спатрэбіліся, бо збіраюся паступаць у Навагрудскі каледж на банкаўскую справу. Тут, у атрадзе, можна сказаць, раблю свае першыя крокі ў дарослае жыццё. Поўнасцю згодны з думкай, што працаваць трэба з дзяцінства. Час ляціць хутка, да самастойнага жыцця трэба быць падрыхтаваным, умець распараджацца грашыма. Таму мне не шкада частку канікулаў правесці на палетках гаспадаркі. Раю і іншым навучэнцам старэйшых класаў паспрабаваць сябе ў ролі ўдзельнікаў працоўных атрадаў, калі з’явіцца такая магчымасць.

 

 

З гэтых выказванняў можна зрабіць выснову, што працаваць на канікулах — асэнсаваны выбар навучэнцаў. Моладзь не супраць таго, каб атрымаць працоўны вопыт і зарабіць грошы. Іх маладыя людзі найчасцей трацяць на падрыхтоўку да школы і абнаўленне гардэроба. Да летняй занятасці навучэнцы адносяцца станоўча, многія збіраюцца працаваць і на наступных канікулах, некаторыя запрашаюць у атрад сяброў.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *