Падлетак не патрэбны бацькам

Падзеі

Хлопец учыніў ужо другі крадзеж. Ён кепска вучыцца, бывае агрэсіўны. Педагогі і ў час канікулаў стараюцца трымаць падлетка ў полі зроку, запрасілі яго ў школьны летнік. Але яго хлопец часта прапускаў. Дастаўляць падлетка ў школу раніцай некалькі разоў даводзілася ўчастковаму інспектару міліцыі. Аднак міліцыянер не павінен быць нянькай, нават у цяжкіх падлеткаў, бо гадаваць і выхоўваць дзяцей — абавязак бацькоў. На жаль, бацькі хлопца, якія разведзены, мала цікавяцца сынам, што і паспрыяла яго супрацьпраўным паводзінам. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юнаму парушальніку патлумачылі, што ён амаль «зарабіў» сабе накіраванне ў навучальную ўстанову закрытага тыпу: яшчэ адзін пратакол — і для гэтага з’явіцца законная падстава.

Далейшую размову члены камісіі вялі з дарослымі. Пацікавіліся, чаму бацька не займаецца выхаваннем сына, рэдка яму тэлефануе. Аказалася, што ў мужчыны новая сям’я ў суседнім раёне, дзе ён уладкаваўся на працу. У той жа час маці злоўжывае алкаголем, здараецца — не начуе дома. Яна мала цікавіцца паводзінамі сына.

Сужыцель жанчыны таксама не збіраецца ўнікаць у цяжкасці сям’і, лічыць хлопца чужым. Атрымліваецца, што падлетак не патрэбны бацькам, якія займаюцца наладжваннем уласнага жыцця.

Дарослых пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18. Вядзецца збор дакументаў на прызнанне хлопца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *