Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшло з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка энергетычнага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Святланы Сянінскай. Разгледжаны тры пытанні.



Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Андрэй Нікіпорчык спыніўся на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым паўгоддзі. Зазначыў, што за шэсць месяцаў дасягнута выкананне планавых паказчыкаў па тэмпе росту намінальнай налічанай заработнай платы, рознічнага тавараабароту, эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Разам з тым не ўдалося дасягнуць такіх паказчыкаў, як укладанне інвестыцый у асноўны капітал, па аб’ёме будаўніча-мантажных работ, груза- і пасажыраабароце, колькасці працаўладкаваных грамадзян з ліку ўключаных у базу не занятых у эканоміцы. Такія паказчыкі, як тэмп вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі і індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі склаліся вышэй за мінулагоднія, але не дасягнулі планавага задання. Так, сельгасарганізацыямі выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на 71,6 мільёна рублёў, тэмп росту – 102,5 % пры заданні 103,2 %. У жывёлагадоўлі рост склаў 101, 6 %, у раслінаводстве – 113,1 %. З даведзенымі заданнямі справіліся ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Хвінявічы”, ТАА “РоданАграПол”. У гаспадарках захавалася станоўчая дынаміка вытворчасці малака (102 %), прадукцыі свінагадоўлі (100,3 %), нарыхтоўкі травяных кармоў (116,3 %), а вытворчасць прадукцыі вырошчвання БРЖ знізілася на 0,5 %. Усяго надоена 41 886 тон малака, атрымана 980 тон свініны і 2310 тон БРЖ. Сярэдні ўдой на карову – 3828 кілаграмаў або +41 да аналагічнага перыяду 2025 года. Рост па малаку забяспечылі ААТ “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра” і ТАА “РоданАграПол”, прычым дзве першыя гаспадаркі плюсуюць і па прадукцыі БРЖ. Кармоў гаспадаркамі нарыхтавана 18 446 тон або 116,3 %. Па выніках за 9 месяцаў чакаецца выкананне паказчыка па тэмпе росту валавой прадукцыі на ўзроўні 104 %.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў у першым паўгоддзі склаўся вышэйшы за мінулагодні 100,3 %, аднак не дасягнуў плану ў 103,4 %. Справіліся з бізнес-заданнямі Дзятлаўскае РУП ЖКГ і ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Не выйшлі на планавыя лічбы ААТ “Новаяльнянскі КХП”, “Дзятлаўская сельгастэхніка”, “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.


Аб’ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі па раёне – 72 120,4 тысячы рублёў або 104,1 % пры заданні 102,4 %. За студзень-чэрвень прыцягнута 63 875 тысяч рублёў інвестыцый у асноўны капітал або 99,2 % пры плане 103,4 %. У цэлым па раёне атрымана 314,5 мільёна рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг або 100,3 %. Чыстага прыбытку – 26,9 мільёна рублёў. З убыткамі спрацавалі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, СТАА “Суперпак інвест”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Тэмп росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ – 17 736 тысяч рублёў або 65,9 %, што звязана з высокай базай папярэдняга года. У эксплуатацыю ўведзена 725 квадратных метраў жылля. Фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў раёна маюць станоўчую дынаміку і амаль ва ўсіх сектарах эканомікі ўнесены станоўчы ўклад у раённую капілку. Узровень беспрацоўя на 1 ліпеня 2026 года склаў 0,2 % да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, а ўсяго занята 9497 чалавек. Нягледзячы на аб’ектыўныя складанасці, у раёне ёсць усе падставы для стабільнай і ўстойлівай работы эканомікі, выканання даведзеных заданняў і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Пры падвядзенні вынікаў па тэме Андрэй Садоўскі акцэнтаваў увагу на тым, што з 13 поўнасцю выкананы 6 планавых паказчыкаў, яшчэ 4 – на ўзроўні 100 % і столькі ж не выкананы. Былі заслуханы выступленні кіраўнікоў арганізацый і службаў Дзятлаўшчыны, дзе дапушчана зніжэнне планавых лічбаў. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што складаная сітуацыя адсочваецца практычна ва ўсіх галінах, таму прыспеў час заняцца эканомікай: падлічыць, на якіх пазіцыях можна сэканоміць, за кошт чаго нарасціць прыбытак і строга выконваць усе тэхналагічныя працэсы.

Аб выкананні бюджэту раёна расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. У першым паўгоддзі ў яго паступіла 25 мільёнаў 900,9 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў, на 39,3 % забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана. Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт падаходнага падатку з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, уласнасць, прыбытак. Праводзіцца работа па прыцягненні непадатковых даходаў (2 мільёны 175,7 тысячы рублёў). У структуры расходаў 87,2 % прыпадала на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў. На сацыяльную сферу скіравана 74,9 %. Бюджэтнымі ўстановамі ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 604,1 тысячы рублёў.


Аб гатоўнасці ўстановаў адукацыі Дзятлаўскага раёна да 2026-2027 навучальнага года расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Зазначыла, што функцыянаваць будуць 10 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, 8 – дашкольнай, па адной установе дадатковай і спецыяльнай адукацыі і сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава. З 1 верасня будзе ліквідавана Жукоўшчынская базавая школа, а Раклевіцкая пачатковая рэарганізавана ў дзіцячы сад. За парты сядуць 1909 навучэнцаў, сярод якіх 153 першакласнікі, у дзіцячых садах будзе 505 выхаванцаў. Адукацыйны працэс забяспечаць 469 педагогаў. Сёлета ў сферу прыбыў 21 малады спецыяліст: тром прадастаўлены інтэрнат, 12 арандуюць жыллё. Працэнт замацавання моладзі ў сістэме адукацыі складае 64,7 %.
Аддзелам адукацыі райвыканкама, раённым цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, установамі адукацыі праведзена значная работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Раённай камісіяй у красавіку 2026 года быў вывучаны стан школ, адзначаны 15 заўваг, якія ўхілены да 10 жніўня. Падпісаны ўсе пашпарты гатоўнасці. На правядзенне рамонтных работ патрачана 770 196 рублёў бюджэтных сродкаў, 553 421 з іх – на бягучыя рамонты, касметычныя выкананы ва ўсіх установах.

Бягучы рамонт даху ажыццявілі ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы; у Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук адрамантавалі спартыўную пляцоўку; у Дварэцкай сярэдняй школе – харчблок, бегавую дарожку і цеплапункт; у гімназіі № 1 горада Дзятлава – фасад; аконныя і дзвярныя блокі замянілі ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава, Казлоўшчынскім і Новаяльнянскім дзіцячых садах, у апошнім таксама выклалі дарожку з пліткі. На сродкі навучання і абсталяванне выкарыстана 216 777 рублёў. Ва ўсіх установах дзейнічае прапускны рэжым, дадаткова ўстаноўлена 39 відэакамер, ёсць яны на ўсіх харчблоках. Для падвозу задзейнічаны 10 аўтобусаў і тры рэзервовыя. За кошт мясцовага бюджэту сёлета набыты адзін аўтобус на шаснаццаць месцаў.

Пры абмеркаванні даклада Андрэй Садоўскі падзякаваў начальніку аддзела адукацыі, работнікам сферы, спецыялістам раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый за выніковую работу. Ён прадкрэсліў, што Дзятлаўшчына высока адзначана з боку абласнога кіраўніцтва на жнівенскай канферэнцыі педагогаў. Зразумела, што гэта дасягненні не аднаго года, а сістэмны падыход. Установы адукацыі раёна падрыхтаваны дастойна, паляпшаецца іх матэрыяльна-тэхнічная, вучэбная база. На гэта выдзяляюцца і надалей будуць выдзяляцца бюджэтныя сродкі, і заўжды прыемна бачыць добры вынік.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga