У ААТ “Дварэц-Агра” 14 жніўня выдалася цудоўная нагода: рэкордныя ў раёне тры тысячы тон збожжа на жніве гэтага сезона намалаціў старшы камбайнер гаспадаркі Вячаслаў Кастусік.

Павіншаваць перадавіка ўборачнай кампаніі на палеткі сельгаспрадпрыемства прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і лідар раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

– Калі айчынная тэхніка ў руках прафесіяналаў, то вынік не прымушае сябе чакаць, – падзякаваў за выніковую работу камбайнеру Андрэй Садоўскі. – Важна, што гэты хлеб табою ўзрошчаны і сабраны, гэта высакароднае і важнае дасягненне. Удачы ў рабоце, далейшых поспехаў і шчыры дзякуй.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў хлебаробу кветкі і падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыўся Уладзімір Казак:

– Няма межаў дасканаласці. У цябе ўсё яшчэ наперадзе. Жадаю пабіць і гэты рэкорд.

Уладзімір Фёдаравіч узнагародзіў перадавіка сімвалічным вымпелам і дыпломам.

Дырэктар ААТ “Дварэц-Агра” Дзмітрый Дожын расказаў, што дасягненне Вячаслава Кастусіка – гэта гістарычная падзея для гаспадаркі, якой раней не было. Ён пажадаў Вячаславу Вячаслававічу пабіць і абсалютны рэкорд Дзятлаўскага раёна, пастаўлены шмат гадоў таму. Камбайн у яго новы і дазваляе дасягаць высокіх намалотаў. Хаця і ў мінулым годзе на былым, старэйшым камбайне Вячаслаў быў сярод лепшых у гаспадарцы. Кіраўнік пажадаў свайму работніку, каб яго дэвізам па жыцці было: “Толькі вышэй, больш, далей і мацней!”.

На развітанне зазначылі, што ў гаспадарцы яшчэ ёсць, што ўбіраць, таму можна спадзявацца на новыя важкія намалоты і рэкорды.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации