Ёсць людзі, чыё жыццё не адзначана гучнымі званнямі ці высокімі пасадамі. Але менавіта на іх трымаюцца вёскі, сем’і, чалавечыя адносіны. Іх працавітасць, дабрыня і мудрасць становяцца прыкладам для дзяцей і ўнукаў. Да такіх людзей належыць жыхарка вёскі Горка Ніна Кунаш (Аблажэй), якая сёлета адзначыла сваё 80-годдзе. Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў юбілярку з круглай датай, парадаваў музычным падарункам.

Жыццёвы шлях гэтай добразычлівай жанчыны пачаўся ў невялікай вёсцы Івязь Дзятлаўскага раёна хутка пасля вайны. У гэтую пару многім сем’ям давялося перажываць нялёгкія часы. Не абмінулі выпрабаванні і сям’ю Ніны. Бацька рана пайшоў з жыцця, таму ўсе клопаты пра гаспадарку і выхаванне дзвюх дачок узяла на сябе маці, якая працавала на ферме. Менавіта яна стала для сваіх дзяцей першым і галоўным настаўнікам жыцця.
– Працаваць мы навучыліся вельмі рана, – успамінае Ніна Віктараўна. – Разам з сястрой дапамагалі маме ва ўсім. Яна вучыла нас не баяцца цяжкасцей, быць сумленнымі, добрымі і паважаць людзей.

Пасля заканчэння школы ў вёсцы Раготна дзяўчына выбрала прафесію повара. Атрымаўшы адукацыю ў Шчучыне, па размеркаванні прыехала ў сталовую вёскі Горка. Тут не толькі распачалася яе працоўная біяграфія, але і адбылася сустрэча, якая вызначыла ўсё далейшае жыццё – знаёмства з Іванам Кунашом – чалавекам, які стаў яе надзейнай апорай на доўгія гады. І сёння яны разам ужо амаль шэсць дзесяцігоддзяў, захоўваючы ўзаемную павагу, вернасць і любоў.
Працаваць Ніна Віктараўна заўсёды ўмела ад душы. Яе абеды чакалі механізатары, камбайнеры, рабочыя. А духмяныя піражкі з павідлам і цяпер з цеплынёй успамінаюць многія жыхары Горкі.
– Падчас вялікага перапынку школьнікі беглі ў сталовую. Вельмі хацелася, каб кожнае дзіця пайшло сытым і задаволеным. Гэта было для мяне лепшай падзякай, – прызнаецца жанчына.
Пазней яна працавала поварам у дзіцячым садзе, некаторы час узначальвала ўстанову. Калі ён закрыўся, не шукала лёгкай працы – пайшла на ферму даглядаць цялят. Дзе б ні працавала, усюды яе паважалі за адказнасць, добразычлівасць і сумленнасць. Але сама Ніна Віктараўна ўпэўнена, што галоўная справа яе жыцця – быць жонкай, маці і бабуляй.
Разам з мужам яны выхавалі чацвярых дзяцей, якія сталі годнымі людзьмі, стварылі свае сем’і. Сёння сямейнае дрэва папоўнілі ўжо восем унукаў і дзве праўнучкі.

– Мы заўсёды стараліся вучыць дзяцей любіць Бога, паважаць старэйшых, дараваць крыўды, падтрымліваць адзін аднаго і ніколі не забываць сваіх каранёў. Бо свая сям’я – гэта самае вялікае багацце чалавека, – дзеліцца Ніна Віктараўна.
Гэтыя словы не проста жыццёвае крэда. Гэта лад жыцця сям’і Кунашоў.
Ужо 58 гадоў яны жывуць у сваёй вёсцы. Дзеці даўно раз’ехаліся, маюць свае сем’і і клопаты, але бацькоўскі дом па-ранейшаму застаецца месцам, куды хочацца вяртацца. Асабліва людна тут на Каляды і Вялікдзень. За вялікім сталом збіраюцца некалькі пакаленняў адной сям’і. Гучаць дзіцячыя галасы, успаміны, добрыя жарты, словы падзякі бацькам.
Сям’я Кунашоў заўсёды славілася сваёй адкрытасцю і гасціннасцю, таму нярэдка сюды завітваюць былыя аднавяскоўцы, знаёмыя, сябры, якія даўно жывуць у іншых мясцінах, але не забываюць людзей, што сустракаюць іх шчырай усмешкай і хлебасольнасцю.

– Я ўдзячная Богу за кожны пражыты дзень, за мужа, дзяцей, унукаў, праўнучак і за ўсіх добрых людзей, якіх сустрэла на сваім жыццёвым шляху, – кажа юбілярка. – Калі побач родныя людзі, у доме пануюць любоў і згода, чалавек сапраўды шчаслівы.
Святлана ВЕНСКАЯ,
метадыст сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины