Другая нядзеля жніўня – асаблівы дзень для тых, хто мае дачыненне да будаўнічай сферы. Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў, якія дораць беларусам утульнасць і камфорт, у намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка даведаліся пра аб’екты, што сёлета рамантуюцца на Дзятлаўшчыне?

– У гэтым годзе Дзень будаўніка прыпадае на 9 жніўня, – зазначыў Дзмітрый Расціслававіч. – Прафесія гэта няпростая і вельмі запатрабаваная, паколькі беларускія будаўнікі ўзводзяць мікрараёны мегаполісаў, рэканструююць гістарычныя цэнтры, ствараюць архітэктурныя ансамблі, асвойваюць і ўкараняюць новыя тэхналогіі, што дапамагаюць ім будаваць трывала, прыгожа, надзейна.

Кожны год на Дзятлаўшчыне рамантуецца і рэканструюецца шэраг аб’ектаў, узводзяцца новыя будынкі. Сёлета капітальны рамонт запланавана ажыццявіць на шасці аб’ектах раёна, на двух ён ужо выкананы. Усяго належыць здаць у эксплуатацыю 5,5 тысячы абноўленых метраў квадратных, з якіх работы скончаны на 1,1 тысячы метрах.

Па вуліцы Чапаева ажыццяўляецца рэканструкцыя будынка (былога жылога корпуса ранейшай школы-інтэрната). Работы выконвае ТАА “Будаўніча-мантажны трэст № 19” горада Ліды. Па іх завяршэнні ў эксплуатацыю будзе здадзена 31 арэндная кватэра.

У райцэнтры прадаўжаецца рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу пад фізкультурна-аздараўленчы, дзе завершаны работы першай і выконваюцца работы другой пускавой чаргі. Іх мяркуецца завяршыць да канца бягучага года. У гарпасёлку Наваельня прадаўжаецца рэканструкцыя гарадской бальніцы. На абодвух аб’ектах працуюць будаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю “Зодчий”, філіял якога адкрыўся ў горадзе Дзятлаве. Варта зазначыць, што намаганнямі менавіта гэтай арганізацыі ў нашым раёне выконваецца значная доля будаўнічых работ.

Шмат работы па добраўпарадкаванні і падтрыманні чысціні ў райцэнтры ажыццяўляецца сіламі Дзятлаўскага РУП ЖКГ.  Прадаўжаюцца работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў па вуліцы Навагрудскай райцэнтра, а таксама вуліцах Снітко і Дзятлаўскай у Наваельні.

Добраўпарадкаванне, рамонты, рэканструкцыя жылога фонду і будаўніцтва новых аб’ектаў у нашым раёне плануецца прадаўжаць і ў далейшым. Жадаю работнікам будаўнічай сферы, каб іх высакародная справа прыносіла толькі задавальненне, моцнага ім здароўя, невычэрпнай энергіі, важкіх дасягненняў і стабільных фінансавых вынікаў. Ветэранам галіны – бадзёрага даўгалецця, шчасця, клопату ад блізкіх, пабольш добрых людзей на жыццёвым шляху.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации