22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа і 85-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Дзятлаве адбыўся мітынг-рэквіем “Жыць, каб памятаць”.

Ушанаваць памяць загінулых у гады ваеннага ліхалецця ў гарадскім парку каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову і брацкай магілы воінаў Чырвонай арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўшчыны, сабраліся прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза, навучэнцы, гараджане.

У 12 гадзін, у час Агульнанацыянальнай хвіліны маўчання, пад стук метранома і калакольны звон дзятлаўчане схілілі галовы, аддаючы даніну памяці тым, хто не вярнуўся з франтоў, памёр ад ран, быў расстраляны, спалены.






Гераізм і мужнасць байцоў Чырвонай арміі, парызан і падпольшчыкаў, сапраўды ўсенароднае супраціўленне прынеслі вызваленне і доўгачаканы Дзень Перамогі. Цяпер пад мірным небам Беларусі мы чэрпаем сілы ў памяць аб вялікім подзвігу і дзякуем бацькам і дзядам, якія адстаялі Радзіму.





– Сёння мы схіляем галовы перад мільёнамі ахвяр, тысячамі нашых землякоў, чые жыцці адабрала Вялікая Айчынная вайна, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Яна пачалася 22 чэрвеня 85 гадоў таму, а 30 чэрвеня фашысцкія акупанты і іх памочнікі ўжо былі ў Дзятлаўскім раёне. За тры гады акупацыі было забіта больш за 18 тысяч мірных жыхароў, знішчана 13 населеных пунктаў, сем з якіх не аднавіліся. Былі створаны дзятлаўскае, новаяльнянскае, дварэцкае гета. Усе мы ведаем месцы масавых знішчэнняў людзей ва ўрочышчах Коцькі, Наваельня, Цагельня, іншых, дзе загінулі тысячы. Сёння ўшаноўваем памяць загінулых землякоў і абаронцаў раёна, якая ўвекавечана ў больш чым 97 помніках і абелісках на яго тэрыторыі. У нашай краіны трагічная гісторыя, і задача сучаснікаў – захаваць праўду аб зладзействах, якія ўчынілі фашысцкія акупанты і іх памочнікі. Вялікая работа па ўстанаўленні ахвяраў генацыду беларускага народа ажыццяўляецца Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, і да гэтай пары выяўляюцца ўсё новыя месцы ваенных злачынстваў. Мы павінны перадаць эстафету па захаванні гістарычнай праўды і памяці нашай моладзі. Вечная слава героям, якія абаранялі Айчыну, і вечная памяць кожнаму забітаму жыхару Беларусі і Дзятлаўшчыны!



– Трагічная дата 22 чэрвеня назаўжды застанецца ў сэрцах не толькі салдат-ветэранаў, партызан і падпольшчыкаў, але і тых, хто ніколі не быў на вайне, аднак ведае пра яе з гісторыі, кніг, кінастужак або аповедаў удзельнікаў, – падкрэсліла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Нават праз 85 гадоў наш вышэйшы чалавечы абавязак – нічога не забыць, памятаць гэтыя падзеі заўжды. Праявіўшы вялікую мужнасць, самаааданнасць, згуртаванасць і гераізм, наш народ перамог самую жорсткую сілу – фашызм. На Дзятлаўшчыне ворагі ўчынілі генацыд у адносінах да мірных жыхароў, страшны лёс Хатыні раздзялілі некаторыя дзятлаўскія вёскі. Боль гэты не прайшоў і сёння, але саступіў месца вечнай памяці, якая з’яўляецца нашай галоўнай зброяй у барацьбе за бясхмарнае неба над мірнай Беларуссю, усёй планетай. Дзень 22 чэрвеня 1941 года – не проста дата пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а сімвал нашай памяці. Нацыі і дзяржавы моцныя, калі ўмеюць шанаваць сваіх адданых сыноў і дачок, якім абавязаны жыццём.

З прамовамі да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему звярнуліся вікарый рымска-каталіцкай парафіі горада Дзятлава ксёндз Яўген Ціхан і клірык сабора Святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч.






Пранікнёную песню-малітву аб Беларусі праспявала Алёна Гузавец.


Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых ускладаннем кветак да мемарыяла.













Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga