Напярэдадні свята сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграрыі і жывёлаводы Дзятлаўшчыны адправяцца ў Гродна, каб прыняць удзел у свяце-шанаванні лепшых работнікаў галіны. У ліку тых, хто паднімецца на абласную сцэну па заслужаную ўзнагароду – трактарыст-машыніст КСУП “Жукоўшчына” Мікалай Бакшук. 

Камунальнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству, якое некалі называлася калгасам “1 Мая”, Мікалай Мікалаевіч прысвяціў увесь свой працоўны шлях і нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак працуе ў полі нароўні з маладымі. Наведалі аграрыя на рабочым месцы, каб задаць яму некалькі пытанняў.

– Колькі сябе помню, працую ў сельскай  гаспадарцы, – расказаў ён пра сябе. – Раней кіраваў трактарам МТЗ-1221 і кормаўборачным камбайнам, цяпер задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў. Сёння ў полі на КВК-800, які ўжо больш за шэсць гадоў не падводзіць мяне і гаспадарку.

– Што вам падабаецца ў рабоце?

– Калі маса ёсць, калі тоны ідуць. Тады і душа радуецца, бо зарплата павышаецца. Сёлета кукуруза ўрадзіла, а як пайшлі асеннія дажджы, яшчэ больш набрала вагі. Працую ў полі па дзевяць гадзін, ужо набліжаемся да фінішу.

– Як сям’я ставіцца да вашай работы?

– Ганарыцца тым, што працую ў сельскай гаспадарцы. Нават унукі былі ў захапленні, калі прыходзілі да мяне на работу, і я паказваў ім сельскагаспадарчую тэхніку. 

– Які настрой на надыходзячае свята і што пажадаеце аграрыям раёна?

– Настрой працоўны! Яшчэ шмат трэба паспець да халадоў, кожны дзень важны. Удзячны, што маю работу адзначылі высокай узнагародай, з задавальненнем  з’езджу на канцэрт, а потым з новымі сіламі – зноў за працу. Усім, хто звязаны з сельскай гаспадаркай, жадаю моцнага здароўя, спрыяльнага надвор’я і высокіх ураджаяў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации