Сёлета ўдзельнікамі гэтага сямейна-спартыўнага свята на Дзятлаўшчыне стала 51 сям’я з Дзятлава і раёна, Шчучына, Мастоў, Смаргоні, Скідзеля, Слоніма і Гродна.

Традыцыйна арганізатарамі і спонсарамі фестывалю выступілі Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”, Дзятлаўскі райвыканкам, Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа,  раённы фізкультурна-спартыўны клуб, райкам ГА “БРСМ”.                                                                

Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і абвясціць адкрыццё фестывалю сёлета атрымала сям’я Губко з Дзятлава – пераможца мінулагодніх спаборніцтваў. Адна з пастаянных канкурсантаў сямейнага фестывалю Дзіяна Кашко павітала ўдзельнікаў свята, пажадала яркіх перамог і станоўчых эмоцый.

Да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Шчыра вітаю вас на нашай дзятлаўскай зямлі. Фестываль “Тата, мама, я – футбольная сям’я” з кожным годам памнажаецца, расце яго геаграфія. Паважаныя таты і мамы, хачу выказаць вам словы ўдзячнасці за тое, што прывіваеце сваім дзецям любоў да спорту, здароваму ладу жыцця. Галоўнай узнагародай гэтага спаборніцтва будуць не кубкі і не медалі, а ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і новых стасункаў. Жадаю вам моцнага здароўя, добрага настрою, бадзёрасці духу. Няхай перамогуць спорт і сяброўства.  

На адзін дзень стадыён “Колас” ператварыўся ў вялікую спартыўную арэну, дзе ў майстэрстве гульні ў футбол спаборнічалі зборныя каманды татаў, матуляў і дзяцей у розных узроставых групах. За некалькі конкурсных тураў людзі, многія з якіх пазнаёміліся толькі на старце, сталі сябрамі.

Пакуль мамы і таты сышліся ў футбольных баталіях, дзеці ад душы танцавалі з роставымі лялькамі узорнай студыі “Яркае свята для ўсіх”. Павіншаваць удзельнікаў фестывалю з футбольным святам на

Госці фестывалю і самі дзятлаўчане падзяліліся эмоцыямі і ўражаннямі ад мерапрыемства.

Вікторыя Васільчык (Шчучын):

– Рады быць гасцямі гэтага цудоўнага фестывалю. Удзельнічалі ў такім мерапрыемстве ў сябе дома, на Дзятлаўшчыне ўпершыню. У нас пяцёра дзяцей, але выступаем з трыма, бо старэйшыя ўжо выраслі. Дачка Дар’я таксама сёння на спаборніцтвах, яна чэмпіёнка Беларусі ў кіданні ядра і дыска, сын таксама спартсмен, цяпер служыць у арміі. Сярэдняя дачка Ксенія з намі, яна збіраецца паступаць на настаўніка фізічнай культуры і спорту ў педагагічны каледж. Сын Арцём пачынаючы футбаліст, на свята прыехалі пераважна дзеля яго, адклаўшы ўсе надзённыя справы. Малодшая дачушка Ульяна дашкольніца, яна таксама не адстае. Мы вядзём здаровы лад жыцця, паказваем прыклад сваім дзецям, удзельнічаем у самых розных конкурсах і спаборніцтвах.

Алег і Кацярына Лазовікі (Гродна):

– Удзельнічаем у мерапрыемстве ўсёй вялікай дружнай сям’ёй, нават бабуля ў якасці групы падтрымкі. Ужо некалькі гадоў мы жывём у горадзе Гродне, але часта бываем на малой радзіме, на Дзятлаўшчыне,  фестываль “Тата, мама, я – футбольная сям’я” ніколі не прапускаем! Наша дачка Валерыя сёння забіла тры галы. На свяце ўсё падабаецца, надвор’е і настрой цудоўныя, арганізацыя на найвышэйшым узроўні. Фестываль актыўны, падарункі выдатныя. Мы столькі гадоў удзельнічаем у ім, што ў кожнага з дзяцей будзе свой прызавы мяч.

Марыя Русіна:

– Сёння выступаем і адпачываем разам з мужам Іванам і дачкой Дар’яй. Старэйшыя сыны “хварэюць” за нас на адлегласці: адзін з іх служыць у ваенна-дэсантных  войсках, другі – студэнт, здае экзамены. Мы стараемся ўдзельнічаць у фестывалі кожны год, бо футбол – галоўнае захапленне мужа, а мы ўсе падтрымліваем яго. І заўсёды мерапрыемства праходзіць весела, задорна, штораз усё больш цікава і разнастайна. Дзякуй арганізатарам за такое цудоўнае свята.

Дзятлаўшчыну прыехаў спецыяліст аддзела развіцця футбола ў Гродзенскай вобласці АБФФ Дзяніс Васкабойны. Разам з загадчыкам сектара спорту райвыканкама Дзмітрыем Ёдам і трэнерам па футболе Дзятлаўскай ДЮСШ Уладзімірам Ганчаром ён уручыў удзельнікам фестывалю памятныя падарункі і ўзнагароды.

Кожная сям’я атрымала ад асацыяцыі мяч і памятны падарунак ад спонсараў. Прызёры фестывалю былі адзначаны медалямі адпаведнай вартасці. Абсалютныя пераможцы па суме набраных балаў вызначыліся наступным чынам: першае месца – у сям’і Грынцэвіч (Слонім), другое – у сям’і Васільчык (Шчучын), трэцяе – у сям’і Кашко (Дзятлава). Яны атрымалі кубкі і дыпломы, а таксама каштоўныя падарункі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”. Пераможцы фестывалю “Тата, мама, я – футбольная сям’я” стануць удзельнікамі рэспубліканскага этапа ў Мінску. 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации