У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны разам з мужчынамі, праяўляючы адвагу, гераізм і любоў да Радзімы.

Надзея Піліпаўна Сніціч

Марыла стаць юрыстам, у даваенныя гады працавала ў Лідскім народным судзе. Калі пачалася вайна, суд эвакуіраваўся, супрацоўнікі даехалі да Смаленска, але вымушаны былі вярнуцца. Надзея прыехала ў родную вёску, уключылася ў работу падпольнай камсамольскай групы, якую ўзначальваў яе брат Мікалай Сніціч. Моладзь вяла тлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва.

У 1942 годзе Надзеі даручылі ўзначаліць падпольную камсамольскую арганізацыю. Моладзь па заданні партызан збірала зброю, выводзіла са строю тэлефонную сувязь на дарогах Дзятлава – Наваельня, Дзятлава – Ліда, у “рэйкавай” вайне маладыя людзі былі праваднікамі падрыўнікоў.

У снежні 1942 года ў роднай вёсцы Надзеі здарылася трагедыя. Фашысты арганізавалі карную экспедыцыю, пачалі паліць хаты, арыштоўваць сем’і партызан і падпольшчыкаў. Пасля гэтага маладыя людзi пайшлі ў партызанскі атрад, дзе і ваявалі да ліпеня 1944 года, пакуль партызаны не злучыліся з часцямі рэгулярнай Чырвонай арміі.

Пасля вайны Надзея Сніціч паступіла вучыцца ў Мінскую юрыдычную школу, а ў 1950 годзе стала студэнткай юрыдычнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1955-м. Амаль усё працоўнае жыццё прайшло ў Камянцы, яна адпрацавала ў натарыяльнай канторы каля 43 гадоў.

Надзея Піліпаўна з’яўлялася інвалідам Вялікай Айчыннай вайны 2 групы, была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, “Партызан Беларусі”, “Ветэран Вялікай Айчыннай вайны”, медалём “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, юбілейнымі медалямі 20, 25, 30, 40, 50, 60, 65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Памерла Надзея Піліпаўна Кажамячанка (Сніціч) у 2013 годзе, пражыўшы амаль 90 гадоў.

Лідзія Аляксандраўна Белавус

Нарадзілася Лідзія Аляксандраўна 15 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Ціхінка Карэліцкага раёна Баранавіцкай вобласці. Вучылася ў Баранавіцкім вучылішчы чыгуначнікаў. Калі пачалася вайна, дзяўчыне было 15 гадоў. У 1943 годзе яна стала працаваць сувязной у партызанскім атрадзе “25 гадоў БССР”. Падчас аднаго з баёў была паранена і доўгі час правяла ў шпіталі.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ваенным медалём “За баявыя заслугі”, знакамі “Ветэран вайны”, “Партызан Беларусі”, медалямі Жукава, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу”, юбілейнымі медалямі.

Таісія Федасееўна Грахнёва

Нарадзілася 31 ліпеня 1926 года. Вайна застала яе ў Мінску. У 1942 годзе яна была ў гасцях у бабулі ў Гродзенскай вобласці.

Фашысты рыхтавалі да адпраўкі ў Германію групу савецкіх грамадзян, пераважна моладзь. Выклікалі пад выглядам абмену пашпарта, пасля чаго ніхто не вяртаўся.

У гэты час восенню ствараюцца партызанскія атрады на Гродзеншчыне. Каля хутара Янава дзейнічаў атрад Яшкі і Максіма, які пазней перайменавалі ў атрад імя Дзяржынскага. Таісія Грахнёва разам з іншымі партызанамі дастаўляла сюды зброю, медыкаменты, перавязачны матэрыял.

Па заданні трада яна выконвала ролю сувязной, паведамляла партызанам патрэбныя звесткі. Для гэтага Таісія Феадасееўна працавала вясковай настаўніцай. Разам з ёй працавалі браты Васіль і Пракоп Сірэнікі і іх пляменнік Мікалай.

Сувязныя выконвалі заданні, падрывалі палатно чыгункі, дастаўлялі бланкі для дакументаў, пропускаў. У 1943 годзе Таісія Грахнёва была перапраўлена ў Маскву, дзе скончыла школу разведчыкаў. Яе спецгрупа працавала ў ваколіцах Мінска па заданні вышэйшага ваеннага камандавання. У ваенны час яна ўступіла ў рады ВЛКСМ.

Таісія Феадасееўна ўзнагароджана медалём “За перамогу над фашысцкай Германіяй”, ордэнам Чырвонага Сцяга.

Надзея Дзям’янаўна Бурцава

1924 года нараджэння. Сувязная партызанскага атрада “Непераможны” Ленінскай партызанскай брыгады. Як радавы салдат, яна стаяла на пасту, хадзіла да мірных грамадзян навакольных вёсак. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, юбілейнымі медалямі.

Аляксандра Пятроўна Савельева

Нарадзілася ў 1923 годзе. Служыла санітаркай у бальніцах Слуцка, Брэста, Варшавы. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава, юбілейнымі медалямі.

Ганна Ігнатаўна Лазука

1922 года нараджэння. Радавая. У гады Вялікай Айчыннай вайны займала пасаду сакратара штаба ў партызанскім атрадзе. Атрымала лёгкае раненне ў кісць левай рукі.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І і ІІ ступеняў, юбілейнымі медалямі.

Зінаіда Уладзіміраўна Пракапенка

1921 года нараджэння. Удзельнічала ў партызанскім атрадзе “Непераможны” Ленінскай партызанскай брыгады.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

Ганна Васільеўна Ягорава

Нарадзілася ў 1918 годзе.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

Галіна Іосіфаўна Іванова

Нарадзілася 6 студзеня 1923 года ў вёсцы Парэчча.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава, медалямі “Партызану Айчыннай вайны”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, юбілейнымі медалямі.

Падрыхтавала Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации