4 чэрвеня ў раённым выканаўчым камітэце прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян правёў начальнік Слонімскага міжраённага аддзела ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Сяргей Туптала.

Напрыканцы Сяргей Міхайлавіч расказаў, якія тэмы найчасцей хвалююць заяўнікаў:

– Органы фінансавых расследаванняў уваходзяць у сістэму Камітэта дзяржаўнага кантролю, які з’яўляецца вышэйшым кантрольным органам нашай краіны і займаецца ўсім спектрам пытанняў, звязаных з жыццядзейнасцю і дабрабытам людзей. Гэта пытанні аховы здароўя, сацыяльныя, работы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншыя. Нягледзячы на спецыфіку фінансавай міліцыі, пры звароце абсалютна ва ўсіх выпадках мы рэагуем і стараемся дапамагчы, калі гэта ў нашай кампетэнцыі, калі не – перанакіроўваем зварот для вырашэння ў іншы орган. Грамадзяне звяртаюцца да нас з любымі праблемамі, мы нікому не адмаўляем. Я не часта практыкую правядзенне прамых тэлефонных ліній і прыёмаў у райвыканкамах (гэта хутчэй выключэнне). Штотыднёвыя суботнія тэлефонныя лініі і магчымасць прыйсці на прыём непасрэдна да прадстаўнікоў мясцовых органаў улады павінны забяспечваць вырашэнне любых пытанняў грамадзян на месцах. Як правіла, арганізую прыёмы на розных прадпрыемствах і ва ўстановах, дзе работнікі без адрыву ад вытворчасці могуць задаць хвалюючыя пытанні.

Калі закранаць тэматыку зваротаў, то найчасцей яны тычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сярод іх добраўпарадкаванне, рамонты, доступ да паслугаў вода- і цеплазабеспячэння, водаадвядзення, стан каналізацыйнай гаспадаркі. Часта такія звароты звязаны з працяглым невырашэннем, калі з-за адсутнасці пэўных дакументаў не атрымліваецца зняць праблему або людзей не задавальняе разбіральніцтва, праведзенае не на іх карысць. Праўда, бываюць моманты, якія выклікаюць здзіўленне: чаму праблема застаецца да гэтага часу. Прывяду прыклад, не называючы населены пункт. На прыём звярнулася жанчына з двума пытаннямі: аб абкошванні тэрыторыі, прылеглай да шматкватэрнага дома, і па абсталяванні праезнай часткі дадатковым ліхтаром асвятлення. Я староннік у час прыёмаў выязджаць на месца з прадстаўнікамі мясцовых адказных службаў. У той раз выезду было дастаткова, каб прывялі ў парадак тэрыторыю і павесілі дадатковы ліхтар, які павысіў бяспеку, паколькі побач знаходзілася скрыжаванне і па ўчастку дарогі хадзіла шмат дзяцей.

Другі момант звязаны з нашай сферай дзейнасці і тычыцца своечасовасці і паўнаты выплаты заработнай платы работнікам. На шчасце, у Беларусі гэта не з’яўляецца праблемай або бічом, аднак недапушчальна, каб грамадзяне не атрымлівалі зарплату або атрымлівалі яе не ў поўным аб’ёме ці “шэрую” ў канвертах. Адзін з кірункаў, з якім паспяхова змагаецца фінансавая міліцыя і органы Камітэта дзяржкантролю, менавіта выплаты ў канвертах, калі наймальнікі ставяць такія ўмовы, на якія работнікі павінны згаджацца, а ў далейшым у прававым плане не могуць сябе ніяк абараніць. Шэрая зарплата – не толькі няправільнае і не на карысць работніка налічэнне аб’ёму грашовых сродкаў, што ўплывае на далейшы разлік пенсій і дапамог, але і абсалютная неабароненасць чалавека ў плане бяспекі на працоўным месцы пры траўмаванні ці няшчасным выпадку. Вельмі жорстка рэагуем на падобнае, забяспечваючы захаванне заканадаўства ў выглядзе ўплаты ў бюджэт падаходнага падатку, узносаў у ФСАН і афіцыйнага афармлення людзей. Не так даўно адзін з суб’ектаў, які ажыццяўляе дзейнасць у Дзятлаўскім раёне, прыцягнуў увагу з-за выплат у канвертах работнікам без афармлення. Вынікам звароту і праверкі стала аднаўленне работнікаў у правах, уплата ў поўным аб’ёме падаткаў і ўзносаў.

Падобных прыкладаў нямала, спектар пытанняў, з якімі да нас звяртаюцца людзі, шырокі, і ў большасці ўсе яны знаходзяць водгук і выкананне ў органаў улады. Калі ж у чалавека няма магчымасці прыйсці на прыём, то ў інтэрнэце або СМІ заўжды можна знайсці кантакты Слонімскага міжраённага аддзела ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў, якое курыруе тэрыторыі Слонімскага, Зэльвенскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага раёнаў. Любое дасланае пытанне будзе вырашана ці перанакіравана ў орган, які павінен ім займацца. Звяртайцеся на адрас: г. Слонім, вул. Горкага, 22, тэл. 6-43-80. Ёсць у КДК і свой тэлеграм-канал з інфармацыяй аб кірунках работы, выяўленых парушэннях, актуальных звестках аб гарачых лініях.

Што тычыцца выключнай спецыфікі і кампетэнцыі фінансавай міліцыі, то гэта пытанні падаткаабкладання і паўнаты ўплаты падаткаў, выкарыстання незаконных схем з мэтай ухілення ад іх, у тым ліку драбненне бізнесу, выкарыстанне лжывых прадпрымальніцкіх структур, падробленых дакументаў, крымінальнае банкруцтва, ухіленне ад выканання абавязальніцтваў, закупкі, эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў, выкананне бюджэту, зарплата ў канвертах, пытанні карупцыі, якія Кіраўніком дзяржавы пастаўлены ў якасці адной з цэнтральных задач для фінансавай міліцыі. Любое з гэтых пытанняў знаходзіцца ў полі нашага зроку. Калі ў грамадзян ёсць інфармацыя аб злоўжыванні адказнымі асобамі свамі паўнамоцтвамі, крадзяжах, хабарніцтве, мы адрэагуем належным чынам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации